Прэзыдэнцкія выбары: Іран — не Беларусь

У Іране сёньня адбываюцца прэзыдэнцкія выбары, якія назіральнікі лічаць самымі важнымі за ўсю гісторыю Ісламскай Рэспублікі Іран.
46 мільёнаў грамадзянаў Ірану з правам голасу сёньня робяць выбар паміж чатырма кандыдатамі.

Іранскі прэзыдэнт ля выбарчага ўчастку ў Тэгеране
Гэта перадусім цяперашні прэзыдэнт, прыхільнік цьвёрдай лініі Махмуд Ахмадзінэжад і яго галоўны супернік — рэфарміст Мір Хусэйн Мусаві.

Яшчэ два кандыдаты — гэта былы сьпікер парлямэнту, рэлігійны дзяяч рэфармісцкага крыла Мэхдзі Карубі і былы галоўнакамандуючы Корпусу ахоўнікаў Ісламскай рэвалюцыі Махсэн Рэзаі.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі Ахмадзінэжад і Мусаві — выразныя лідэры прэзыдэнцкай кампаніі і маюць прыблізна аднолькава прыхільнікаў. Аднак апытаньні грамадзкай думкі ў Іране — справа ня надта надзейная, у мінулым рэальныя вынікі часта істотна адрозьніваліся з матэрыяламі апытаньняў.

Мяркуецца, што вельмі важным фактарам стане тое, колькі выбарцаў прыйдзе галасаваць.

Жанчыны чакаюць у чарзе, каб прагаласаваць
Папуліст Ахмадзінэжад у сваёй кампаніі робіць стаўку на барацьбу з карупцыяй і падтрымку бедных пластоў насельніцтва. Аснову яго электарату складаюць бяднейшыя жыхары і вяскоўцы.

Што да рэфарміста Мусаві, то яго падтрымліваюць моладзь, жанчыны, інтэлігенцыя, дзеячы культуры. Ён абяцае большую свабоду ў грамадзтве, культурную лібэралізацыю, паляпшэньне становішча жанчын. Сярод іншага, ён абяцаў у выпадку свайго абраньня, адмяніць патрулі маральнай паліцыі на іранскіх вуліцах.

Наогул варта зазначыць, што першая асоба ў Іране — не прэзыдэнт, а вярхоўны рэлігійны лідэр аятала Алі Хамэнэі. Напрыклад, менавіта ён, а не прэзыдэнт, прымае рашэньні ў пытаньнях замежнай палітыкі, абароны або ядзернай праграмы. Дарэчы, у пытаньнях замежнай палітыкі — напрыклад у стаўленьні да ЗША — або што да ядзернай праграмы, усе кандыдаты займаюць бадай што аднолькавыя пазыцыі.



Мяркуецца, што большая актыўнасьць выбарцаў можа быць на руку Міру Хусэйну Мусаві. А яўка ўжо вельмі рана дасягнула рэкордных паказьнікаў, на момант закрыцьця выбарчых участкаў перад імі яшчэ стаялі вялікія чэргі, і таму час галасаваньня давялося працягнуць.


Сяброўскія дачыненьні паміж афіцыйным Менскам і Тэгеранам, сустрэчы Лукашэнкі з Ахмадзінэжадам, сьведчаньні абмежаваньня грамадзянскіх свабодаў у Беларусі і Іране наводзяць на думку пра магчымасьць параўнаньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і Іране. Вось жа, параўнаньне гэтае відавочна не на карысьць Беларусі. Выбарчая кампанія ў Іране адбываецца шырока і адкрыта, усе кандыдаты маюць магчымасьць свабодна абмяркоўваць свае пазыцыі, кампанія шырока асьвятляецца ў сродках масавай інфармацыі.

У адрозьненьне ад Беларусі, дзе вынікі прэзыдэнцкіх выбараў можна было прадказаць без дапамогі экстрасэнсаў, у Іране ідзе сапраўдная выбарчая барацьба, папярэдні вынік якой мы даведаемся толькі ў суботу раніцай. Калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ большасьці, праз тыдзень — 19 чэрвеня адбудзецца другі тур выбараў.