Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча пасярэдніцтва Ізраілю ў дыялёгу з Захадам








Паадчас сустрэчы Авігора Лібэрмана
й Сяргея Мартынава.

Зь візытам у Беларусі сёньня знаходзіцца міністар замежных спраў Авігдор Лібэрман. Ён сустрэўся з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімірам Макеем. У часе перамоваў абмяркоўвалася балючая для Ізраілю тэма шчыльнага супрацоўніцтва Менску з Тэгеранам, а таксама магчымасьці пашырэньня эканамічных сувязяў паміж Беларусьсю і Ізраілем.

Аляксандар Лукашэнка ў часе сустрэчы зь міністрам замежных спраў і віцэ-прэм’ерам ураду Ізраілю Авігдорам Лібэрманам заявіў, што гэтая краіна для беларусаў не чужая, бо цяпер там жыве не адзін дзясятак тысяч выхадцаў зь Беларусі. Прыход у Ізраілі да ўлады новага ўраду, на думку Лукашэнкі, трэба выкарыстаць для таго, каб палепшыць адносіны паміж дзьвюма краінамі.

“Я думаю, Ізраіль ад гэтага толькі выйграе, а Беларусь — тым больш. Што там хаваць, мы, вядома, будзем вельмі рады і ўдзячны вам, калі ваш асабісты ўнёсак і аўтарытэт Ізраілю паспрыяюць нармальным адносінам Беларусі ня толькі з Эўропай, але і з Амэрыкай”.

Але Авігдора Лібэрмана непакоіць іншы вэктар міжнародных сувязяў Беларусі — яе актыўнае супрацоўніцтва з Іранам. Спадар Лібэрман у размове зь беларускімі ўладамі выказаў пазыцыю Ізраілю, які вельмі занепакоены спробамі Ірану адмаўляць галакост габрэяў у Другой сусьветнай вайне і заклікамі прэзыдэнта Ахмадзінэджада “сьцерці Ізраіль з мапы сьвету”:

“Іран — гэта пагроза стабільнасьці на ўсім Блізкім Усходзе. Усе тыя тэрарысты і баевікі, якія дзейнічаюць у рэгіёне, яны ўсе падрыхтаваныя ў Іране, карыстаюцца іранскай зброяй і грашыма. Свой пункт гледжаньня мы пасьлядоўна тлумачым ва ўсіх краінах, на ўсіх узроўнях. Спадзяюся, што і тут мы дасягнем узаемаразуменьня”.

Спадар Лібэрман таксама заявіў, што апошнім часам дыялёг Беларусі і Ізраілю актывізаваўся. Ён выказаў спадзеў, што ўвосень зь візытам у адказ ягоную краіну наведае беларускі міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў. Ня выключыў ён і прыезду ў Беларусь прэзыдэнта Ізраілю Шымона Пэрэса, які нарадзіўся на беларускай зямлі.

І Лібэрман, і ягоны беларускі калега Мартынаў казалі пра неабходнасьць актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін, якое знаходзіцца на даволі нізкім узроўні: летась двухбаковы таваразварот, паводле падлікаў ізраільскага ўраду, складаў 28 мільёнаў даляраў, у 2008 годзе Ізраіль інвэставаў у Беларусь 11,6 мільёна даляраў. Сапраўдным прарывам тут можа стаць інвэстыцыйны праект ізраільскай кампаніі “Fishman Group” па будоўлі інфраструктуры менскага Парку высокіх тэхналёгіяў агульным коштам у паўмільярда даляраў. Вывучаюцца магчымасьці інвэстыцыяў і іншых буйных ізраільскіх кампаніяў у галінах капітальнага будаўніцтва, энэргетыкі, банкаўскай сфэры, сельскай гаспадаркі, турызму.

Сяргей Мартынаў: “Разьлічваем, што ў гэтых галінах ёсьць асаблівыя магчымасьці для руху наперад. Але ніякія іншыя сфэры ня выключаныя. Усё будзе залежаць ад нашых і ізраільскіх прадпрымальнікаў і прадпрыемстваў”.

Паводле ацэнак абодвух бакоў, адукацыйнае і культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Ізраілю разьвіваецца досыць актыўна. Як паведаміў спадар Лібэрман, толькі на сёлетні “Славянскі базар” у Віцебск прыедзе 100 ізраільскіх артыстаў. Сёньня ў прысутнасьці міністраў дзьвюх краін была падпісаная Праграма культурнага, адукацыйнага і навуковага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Ізраілем на 2009-2012 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG