На загад ведамства кантролю за якасьцю прадукцыі “Роспотребнадзор” з гандлёвых сетак Расейскай Фэдэрацыі здымаюцца малочныя вырабы беларускай вытворчасьці.
СЛУХАЦЬ:
Апроч таго, празь беларуска-расейскую мяжу мытнікі не прапускаюць рэфрыжэратары з вырабамі, якія, як цьвердзіць расейскі бок, не адпавядаюць новым нормам. Паводле галоўнага санітарнага лекара Генадзя Анішчанкі, з ранейшых паўтары тысячы найменьняў цяпер доступ на рынак Расеі маюць крыху больш за 50 гатункаў беларускай малочнай прадукцыі.
У памежным Смаленску беларуская малочная прадукцыя яшчэ нядаўна была прадстаўленая нават у большым асартымэнце, чым расейская. Аднак сёньня намесьнік кіраўніка ўпраўленьня “Роспотребнадзор'у” па Смаленскай вобласьці Сяргей Рагуцкі афіцыйна абвясьціў: прадукцыя зь Беларусі, якая ня мае санітарна-эпідэміялягічнага заключэньня ці ліцэнзіі кантрольнага ведамства, будзе забракаваная. Прадпрымальнікі, якія гандлююць забароненымі малочнымі найменьнямі, павінны зьняць тавар з продажу і зьнішчыць у самыя сьціслыя тэрміны. У іншым выпадку гандлярам пагражаюць буйныя штрафы.
Падобна, што неўзабаве гэткіх жа захадаў трэба чакаць і ў іншых рэгіёнах. Між тым, як кажа маскоўскі маркетоляг Дзяніс Шувалаў, адмова ад беларускай прадукцыі перадусім адаб’ецца на расейскіх спажыўцах, якія вельмі прыхільна ставяцца да беларускага малака, кефіру, сьмятаны, сыру:
масла беларускае, смачнае. І — тры клічнікі...
“Карыстаецца прадукцыя ня тое што попытам, а попытам вельмі вялікім. Магу дакладна сказаць: нават гандляры заўсёды рэкамэндавалі купляць беларускае. Як у вялікіх крамах, так і ў маленькіх палатачках часта можна ўбачыць адмысловыя таблічкі: масла беларускае, смачнае. І — тры клічнікі. Таму адна справа, каб гэтыя прадукты ня бралі, але ж попыт відавочны”.
Карэспандэнт: “Ёсьць зьвесткі, што малочную прадукцыю зь Беларусі ў крамах пачалі здымаць з прылаўкаў”.
“Увогуле, наколькі я ведаю, тое, што яшчэ раней у Маскву было завезена, крамы дапрадаюць. Бо гэта ж аплочаныя кантракты. Але новых паставак ужо няма. Прычым зноў жа гэта тычыцца як гіпэрмаркетаў, так і зусім невялікіх крамаў. Увогуле, што да інтэрнацыянальнай прысутнасьці, то таксама папулярныя прыбалтыйскія сыры, а малако — дык у асноўным ці расейскае, ці беларускае”.
Пастаўкі ў Расею малака і вырабленых зь яго прадуктаў аўтамабільным транспартам спыненыя ад пачатку тыдня. Кіроўца рэфрыжэратара Сяргей Гарбуноў расказвае: у панядзелак яшчэ былі спробы, калі прадукты везьлі, спасылаючыся нібыта на няведаньне новых патрабаваньняў. Аднак пасьля таго як некалькі машынаў расейскія мытнікі завярнулі назад, спадзяваньні, што раптам пранясе, зьніклі:
Анішчанка ж наўпрост заявіў: беларусы думалі, што пранясе, як заўсёды
“Я важу сухое малако і перакананы: калі пайшла такая афіцыйная папера, ніводзін мытнік ні за якія грошы машыну не прапусьціць. Таму што далей па трасе ёсьць яшчэ некалькі пастоў, на якіх абавязкова спыняць, правераць дакумэнты, і ў людзей потым будуць праблемы. Таму мытня нікога пускаць ня будзе. Асабіста я даю адзін шанец з сотні, што ты даедзеш да адрасата з забароненым грузам. Нават калі і даедзеш, то даішнікі здымуць столькі грошай, што ня ведаю, які перавозчык пагодзіцца такі фрахт сваімі грашамі аплачваць. Але ў дадзеным выпадку, лічу, мы самі вінаватыя. Анішчанка ж наўпрост заявіў: беларусы думалі, што пранясе, як заўсёды. А падрыхтавалі б у тэрмін паперкі, дык не было б ніякіх праблемаў. Я ж ня думаю, што нашы прадукты такія няякасныя”.
Стала вядома, што магілёўскае прадпрыемства “Бабушкина крынка” сёньня паспрабавала атрымаць дазвол на пастаўку дзьвюх фураў малочных прадуктаў у Расею. Аднак на пісьмовы запыт быў дадзены адмоўны адказ, у выніку чаго паўстала праблема тэрміновай рэалізацыі прадукцыі, якая хутка псуецца. Тым часам зьявілася інфармацыя, што шэраг беларускіх вытворцаў прынялі рашэньне спыніць спробы вывазу прадукцыі ў Расею прынамсі да канца чэрвеня.
Ці ўдасца бакам дамовіцца? Пакуль што кіраўніцтва “Роспотребнадзор'у” адмаўляецца нават кантактаваць зь беларускімі чыноўнікамі, якія ўжо некалькі дзён чакаюць у Маскве вырашэньня сытуацыі. Як лічыць журналіст Анатоль Гуляеў, які доўгі час спэцыялізаваўся на аграрных тэмах, цяпер для Расеі галоўная задача — паказаць непрадказальнаму беларускаму кіраўніцтву ягонае сапраўднае месца ў “саюзнай герархіі”:
“Я думаю, што ўрэшце дамовяцца. Але такія рэчы практыкуюцца заўсёды дзеля таго, каб паказаць: ты, сябра, павінен паводзіць сябе прыстойна. Як гэта бывае ў жыцьці, так і ў палітыцы — апошняе папярэджаньне ў тым ці іншым выглядзе. Папярэджаньне — гэта ж не абавязкова нота на дыпляматычным узроўні. Ускосныя папярэджаньні менавіта такімі мэтадамі і рэалізуюцца. І калі чалавек зь першага разу не разумее, можа, і да іншага дойдзе. А зараз гэта набыло вось такія формы. Але ўрэшце дамовяцца, чаму ж не?”
6 чэрвеня галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка наклаў мараторый больш чым на паўтысячы найменьняў малочных прадуктаў зь Беларусі. Паводле тэхнічнага рэглямэнту, прынятага на ўзроўні закону пры канцы мінулага году, малаком ня можа называцца прадукцыя, вырабленая з парашку. То бок вытворцы мусяць даказаць, што іхны прадукт “жывы”, а не парашковы. Яшчэ праз тры дні Анішчанка заявіў, што такі ж лёс напаткаў яшчэ 600 найменьняў беларускай прадукцыі. Паводле чыноўніка, ва ўсіх выпадках беларускія прадпрыемствы праігнаравалі патрабаваньні закону, не перааформіўшы ў вызначаны тэрмін дакумэнты на прадукцыю. Многія вытворцы кажуць, што сытуацыя наблізілася да катастрафічнай: асноўны напрамак экспартных паставак — расейскі.