Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва і Польшча таксама сутыкаліся з “малочнай” праблемай


З расейскага рынку зьнікла амаль уся малочная прадукцыя — ад ранейшых амаль 1500 найменьняў, якія імпартаваліся зь Беларусі, на паліцах засталося ўсяго некалькі дзясяткаў. Ці сапраўды беларуская прадукцыя не адпавядае расейскім і міжнародным стандартам? Куды, акрамя ўсходняй суседкі, Беларусь пастаўляе малако і сыры? Ці падштурхне малочны канфлікт да пераабсталяваньня беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў?

Доля імпартнай малочнай прадукцыі на расейскім рынку — каля 30%. Доля Беларусі ў гэтым аб’ёме — 60-70%. Такія лічбы прывёў кіраўнік расейскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака (“Саюзмалако”) Андрэй Даніленка. А вось што сказала прэсавы сакратар Беларускага статыстычнага камітэту Алена Кандраценка:

“80% экспарту малака і малочных прадуктаў — гэта Расея. Акрамя таго, малако і малочныя прадукты пастаўляюцца і ва Ўкраіну, і ў Казахстан, Азэрбайджан, Армэнію — краіны СНД. Гэта і малако, і сухое малако, малочныя прадукты і сыры”.

На расейскім рынку ўсё гэта надзвычай папулярнае, кажа масквічка спадарыня Натальля:

— Купляем беларускія прадукты, яны вельмі добрай якасьці. Я асабіста набываю Берасьцейскага малочнага камбінату, таму што мы ведаем: там мала ўсялякіх Е-дадаткаў і кансэрвантаў. Якасьць прадуктаў вельмі добрая.

— А чулі вы, што зараз забараняюць увоз у Расею менавіта малочнай беларускай прадукцыі?

— Так, я чула. Але я лічу, што гэта нейкія палітычныя гульні, якіх звычайным людзям, якія любяць натуральную прадукцыю, у якіх дзеці, якія хочуць спажываць нармальныя прадукты, не зразумець.

Што да іншых краінаў, геаграфія беларускага малочнага экспарту даволі разнастайная: Вэнэсуэла, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Іран, Японія, Індыя.

Алена Кандраценка: “Але гэта настолькі малая велічыня, літаральна сотая доля працэнта. Падлічыце: калі ў Расею — 80%, у краіны СНД — у некаторыя ёсьць нават меней за 1%. Калі нейкая краіна і была ў нейкім пэрыядзе — гэта вельмі маленькая ўдзельная вага”.

Калі сухое малако, сьметанковае масла, казэін, нават сыры можна пастаўляць хоць на край сьвету — гэтыя прадукты ня хутка псуюцца, то цэльнае малако, іншыя малочныя прадукты лепш пастаўляць у суседнія краіны. Што да суседняй Польшчы, кіраўніца беларускай службы Польскага радыё Ніна Баршчэўская кажа:

“Нідзе ня бачыла, каб прадаваліся яны. Хаця яны мне вельмі смакуюць, каб былі, я б ахвотна купляла б. Не, і калегі круцяць галовамі: ніхто нідзе ня бачыў ні ў воднай краме. З таго, што я ведаю, на Падляшшы пачалі хлеб беларускі прадаваць і гарэлку беларускую — вось два прадукты. А малочных прадуктаў няма”.

Ці ведаюць беларускую малочную прадукцыю, да прыкладу, у Літве? Журналіст Ёнас Лаўрынавічус, які вырас у Расеі, 20 гадоў пражыў у Беларусі і ўжо 15 жыве ў Літве, кажа наступнае:

“Не, ня бачыў. А што тычыцца беларускіх тавараў на літоўскім рынку, то падчас эканамічных выставаў „Беларусь-Экспа“ — звычайна прывозіць прадукты і харчовая прамысловасьць — даводзілася і сыры каштаваць, і малако, і тварог. Спрабаваў я ў людзей даведацца, як яны адчуваюць, ці змогуць яны выйсьці на літоўскі рынак, і пэўнага адказу не пачуў. Відаць, гэта ўжо справа абароны ўнутранага рынку. Я думаю, што беларуская прадукцыя — добрая прадукцыя, якасная, канкурэнтаздольная, асабліва на расейскім рынку, які не вызначаўся ніколі асаблівай якасьцю”.

Ці сапраўды беларускія малочныя прадукты не адпавядаюць расейскім санітарным і вэтэрынарным нормам?

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі Рэспублікі Беларусь Тамара Бурдукевіч: “Ну як вам сказаць… Тут у кожным канкрэтным выпадку трэба глядзець. У агульным нашы стандарты гарманізуюцца зь міжнароднымі і эўрапейскімі, у тым ліку і па харчовых прадуктах”.

Галоўны спэцыяліст вучэбна-досьледнай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Андрэй Юркоў параўнаў беларускія нормы і стандарты з эўразьвязаўскімі:

“Напрыклад, у Беларусі бактэрыялягічная асямененасьць вышэйшага гатунку — да 300 тысяч бактэрый на кубічны сантымэтар, у іх — да 100 тысяч. А цяпер, напрыклад, у найлепшых фірмаў, кшталту „Danon“ — у іх стандарт да 50 тысяч бактэрый. Так і па саматычных клетках. У іх да 300 тысяч, у нас да 500 тысяч. Але галоўнае, што нават нашы стандарты не выконваюцца нідзе. Ну, і антыбіётыкі. У нас жа наагул ніхто на іх не правяраў. Толькі апошнія паўгода-год пачалі кантраляваць. А ў іх жа заўсёды гэта было забаронена: як толькі антыбіётыкі ў малацэ — уся прадукцыя бракавалася. Але галоўнае, што нават нашы стандарты ў нас не выконваюцца нідзе”.

Карэспандэнтка: “Такім чынам, часткова прэтэнзіі абгрунтаваныя?”

Прэтэнзіі не часткова — яны цалкам абгрунтаваныя.
“Не часткова. Яны цалкам абгрунтаваныя. Нашы кажуць расейцам: „Што, хіба ваша малако лепшае?“ Безумоўна, расейскае за наша ня лепшае. Але які сэнс ім завозіць сабе чужую, ды яшчэ няякасную прадукцыю?”

Андрэй Юркоў распавёў, што самі малаказаводы ў бальшыні сэртыфікаваныя паводле міжнародных стандартаў. А сыравінная база, СПК — не сэртыфікаваныя, на фэрмах не выконваюцца самыя элемэнтарныя санітарныя патрабаваньні.

У суседніх Літве і Польшчы пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз таксама былі праблемы, кажа Ніна Баршчэўская:

“Тут ёсьць таксама абмежаваньні, квоты. Ведаю, як сяляне на вёсках — вельмі цяжка напачатку ім было, калі зьявіліся зьмены, зьвязаныя са ўступленьнем у Эўразьвяз. Бо патрабаваньні сапраўды сталі больш жорсткія, калі гаварыць пра розныя бактэрыялягічныя справы”.

Але хоць і кажуць масквічы, літоўцы, палякі пра добрую якасьць беларускіх малочных прадуктаў, на фэрмах, на малаказаводах трэба наводзіць парадак, прывучаць людзей працаваць па-іншаму, лічыць Андрэй Юркоў:

“Хутка гэтага, на жаль, ня зробіш. У нас, напрыклад, на нашым прадпрыемстве самае малое гады тры змагаліся мы з пэрсаналам, пакуль прывучылі. Ня так проста нашых людзей перарабіць: іх псыхалёгію і падыход да працы. Багата трэба часу. Але ўсё адно трэба гэта рабіць”.

А пакуль малаказаводы занепакоеныя асваеньнем новых рынкаў збыту. Паводле дадзеных Мінсельгасхарчу, сёлета аб’ёмы паставак сухога малака ў Вэнэсуэлу плянуецца павялічыць з 2 да 7 тысяч тон. Сярод новых рынкаў збыту малака і малочнай прадукцыі — Альбанія, Македонія, Мэксыка, Іран.

Тыдзень таму намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі Тамара Ўсачова паведаміла: Беларусь зьвярнулася да Польшчы і Латвіі з просьбай падтрымаць краіну, калі Эўрапарлямэнт будзе прымаць рашэньне па пастаўцы беларускай прадукцыі на рынак Эўразьвязу. Інспэктары Эўракамісіі ў студзені наведалі некалькі беларускіх прадпрыемстваў — “Савушкін прадукт”, Бярозаўскі масласырзавод, “Санта Брэмар”. І права на экспарт малочнай прадукцыі ў краіны Эўразьвязу Беларусь плянуе здабыць ужо ў гэтым годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG