6 траўня Івонка Сурвіла і Зянон Пазьняк наведалі Беларускую службу Радыё Свабода. Пра вынікі праскіх сустрэчаў, пра апошнія зьмены ў палітыцы Эўразьвязу што да Аляксандра Лукашэнкі, пра значэньне праграмы “Эўрапейскае партнэрства”, пра адзінства і рознагалосьсі ўнутры “пяцёркі” яны адказалі падчас круглага стала, які правёў Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Як можна акрэсьліць асноўныя палітычныя мэты вашага візіту ў Прагу і наколькі на гэты момант можна сказаць, што яны дасягнутыя?”
Сурвіла: Мы прыехалі дзеля размоваў з рознымі палітыкамі пра “Усходняе партнэрства”. Мы ўсе вельмі вітаем гэтую новую ініцыятыву Эўропы, але адначасова ёсьць шмат заўвагаў і шмат жаданьняў. Мы хацелі, каб “Партнэрства” было першым крокам Беларусі ў Эўропу. Каб Беларусь нарэшце заняла там сваё месца, якое ёй належыць. І калі некаторыя рэчы ня будуць усталяваныя так, як трэба, то гэта ня толькі ня зблізіць Беларусь з Эўропай, а будзе мець толькі адваротны вынік.
Цыганкоў: Спадар Зянон, пасьля сустрэчы з чэскім прэм'ер-міністрам Мірэкам Тапаланкам вы заявілі нашаму Радыё: “Мы абмяркоўвалі праграму "Ўсходняе партнэрства" і па ўсіх пунктах знайшлі паразуменьне” Ці не падалося вам сэнсацыйным такое паразуменьне, улічваючы ўсе абставіны апошніх тыдняў?
Пазьняк: Мне не падалося гэта сэнсацыйным. Мне дастаткова добра вядомая пазыцыя палітыкаў Чэхіі, Польшчы, увогуле краінаў былой савецкай зоны. Яны добра ведаюць, што такое Расея, што такое акупацыя, палітыка Масквы.
Быў трошкі непакой, што ўзьнікнуць некаторыя пытаньні. І я вельмі ўсьцешаны, што чэскія палітыкі разумеюць праблемы нашай культуры. Культура зьнішчаецца ўжо 14 гадоў гэтым рэжымам, зачыняюцца школы, выдавецтвы, творчыя саюзы, зьнішчаецца мова. І гэта вельмі небясьпечны працэс, бо калі зьнішчыць нашу культуру, то ня будзе ані дэмакратыі, ані правоў чалавека, ані незалежнасьці. Наша культура -- гэта найважнейшы чыньнік сувэрэнітэту і дэмакратыі. І чэскія палітыкі гэта разумеюць.
Цыганкоў: Як вы ацэніце апошнія зьмены ў палітыцы Эўразьвязу што да Аляксандра Лукашэнкі? Кіраўнік Беларусі быў запрошаны ў Рым, сустракаўся з прэм’ер-міністрам Італіі, папам рымскім, эўрапейскія палітыкі сталі прыяжджаць у Менск? Як вы ацэньваеце гэтыя перамены, чым вы іх тлумачыце?
Пазьняк: Перамены ў стратэгіі адбыліся таму, што тая стратэгія, якая была ў 90-х, пачатку 2000-х аказалася памылковай, не дала ніякіх вынікаў. Эўразьвяз тады рашыў зрабіць сваё лёбі ў Беларусі, сваю апазыцыю, зьнішчыць нацыянальна-дэмакратычную апазыцыю – а ў выніку аказаўся пшык.
Калі пачаліся газавыя войны і канфлікт з Грузіяй, Эўразьвяз зразумеў, што ёсьць пэўная небясьпека на беларускім накірунку. Таму была прынята стратэгія на зьбліжэньне з Беларусьсю, не зважаючы на сытуацыю з правамі чалавека і рэжымам. Гэта вельмі небясьпечная палітыка. І разумеючы яе небясьпечнасьць, мы, людзі розных поглядаў, знайшлі паразуменьне, каб пазьбегнуць кепскага разьвіцьця падзеяў.
Мы паставілі перад сабой задачу давесьці сваю аргумэнтацыю палітыкам Эўразьвязам, што нельга Лукашэнку
Мы паставілі перад сабой задачу давесьці сваю аргумэнтацыю палітыкам Эўразьвязу, што нельга Лукашэнку запрашаць у Прагу. Фактычна нам удалося гэта зрабіць
Гэта быў вельмі важны аспэкт для беларусаў – магчымая прысутнасьць Лукашэнкі ў Празе. Нашай моладдзю, неабыякавымі людзьмі гэта ўспрымалася б вельмі нэгатыўна, пэсімістычна, як здрада інтарэсаў Беларусі. Нават візыт у Рым паказаў, што многія вельмі балюча гэта ўспрынялі. А Лукашэнкам гэта было б успрынята як карт-блянш для яго палітыкі, ён пачаў бы лічыць, што можна працягваць рэпрэсіі. Ня ўсе гэта разумелі – задачай было гэта давесьці. Дзякуй Богу, гэта ўдалося.
Цыганкоў: Як эўрапейскія палітыкі павінны вытрымліваць гэты балянс паміж геапалітычным імкненьнем уцягнуць Беларусь у эўрапейскія справы і разам з тым адмяжоўвацца ад Аляксандра Лукашэнкі як аўтарытарнага кіраўніка?
Сурвіла: Мы выказалі нашу думку, што вельмі важна, каб гэта ня быў альянс паміж Лукашэнкам і Эўропай. Каб
Вельмі важна, каб гэта ня быў альянс паміж Лукашэнкам і Эўропай. Каб гэта была дамова Эўропы з беларускім народам
А калі грамадзянская супольнасьць будзе часткай гэтай дамовы, я думаю, яна здолее прасачыць, каб усе ўмовы былі выкананыя і каб была дададзеная ўмова культуры.
Цыганкоў: Вы сустракаецеся ў Празе з чэскімі афіцыйнымі кіраўнікамі як пяцёрка дэмакратычных беларускіх палітыкаў. Але наколькі можна казаць сапраўды пра адзіную пазыцыю пяцёркі? Напрыклад, ваш ліст да Эўразьвязу ад 17 красавіка, дзе вы заклікалі эўрапейскіх палітыкаў не запрашаць Лукашэнку ў Прагу, не падпісаў Аляксандар Мілінкевіч. У чым на гэты момант вашыя разыходжаньні наконт той самай праграмы Усходняе партнэрства?
Сурвіла: У галоўным пытаньні пазыцыі супадаюць – абарона дэмакратыі, культуры, выжываньне беларускай Беларусі. Але кожны з нас думае па свойму, бачыць сваю стратэгію. Таму так выйшла, што адзін з нас – Аляксандар Мілінкевіч – не падпісаў гэты ліст. Сёньня мы мелі спатканьне ўсе разам, абгаворвалі гэтыя справы, -- і кожны тут мае свае аргумэнты. Гэта дэмакратыя, калі кожны мае сваю пазыцыю і робіць тое, што лічыць патрэбным.
Цыганкоў: Нядаўна Аляксандар Лукашэнка ўхвальна выказаўся пра Аляксандра Мілінкевіча, які не падпісаў той ліст. Спадар Пазьняк, вы часта і даволі рэзка крытыкуеце беларускую “статусную” апазыцыю. Як вы ацэніце тыя разыходжаньні, якія ёсьць у пяцёркі палітыкаў, якія зараз у Празе?
Пазьняк: Не гледзячы ні на што, я прыехаў у Прагу, і нават узяў на сябе шмат ініцыятывы з людзьмі, якія ёсьць
Бо па асноўных пытаньнях – культура, ацэнка “Усходняга партнэрства”, ацэнка рэжыму, неабходнасьць падключаць грамадзянскую супольнасьць -- дасягнута поўнае разуменьне.
Ёсьць шэраг пытаньняў, якія вымагалі кампрамісу. Усе мы на яго ішлі і зрабілі агульную заяву. Ёсьць людзі, які больш схільныя ісьці на кампрамісы – іншым нешта перашкаджае. Ня варта гэта асуджаць. Факт ёсьць факт, што ў нейкіх аспэктаў не ўдалося ўзяць адзін подпіс. Гэта не бяда, гэта сытуацыя на сёньня, яна разьвіваецца. Я думаю, што ў будучыні будзе дасягнута больш паразуменьня.
...Раней у многіх беларускіх палітыкаў адсутнічала разуменьне палітыкі Расеі. Маскву імкнуліся не крытыкаваць. Сама сытуацыя з Усходнім партнэрствам дала магчымасьць геапалітычнага мысьленьня ў палітыцы. І гэта вельмі важна, бо тут крыецца сэнс нашага выжываньня ў Эўропе. Таму працэс “Усходняга партнэрства” дае стымул ня толькі для разьвіцьця тых людзей, якія ўжо ўключаныя ў палітыку – ён можа ўключыць і новых людзей