Камянецкі райвыканкам абвясьціў, што з-за фінансавага крызісу змушаны адмовіцца ад рэстаўрацыі гістарычнага фальварку Грамяча.
Далейшы лёс палаца і парку, якія ў розны час належалі князям Сапегам, Чартарыйскім, Пуслоўскім ды іншым, застаецца невядомым.
Панскі фальварак, пабудаваны ў XIX стагодзьдзі на беразе ракі Пульвы, цяпер унесены ў сьпіс прыярытэтных аб’ектаў рэстаўрацыі і ў нацыянальную праграму разьвіцьця турызму. Нядаўна, 8-га красавіка, прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия” паведаміла, што ў пошуках інвэстыцыяў фальварак выстаўляецца на аўкцыён. Аднак старшыня Воўчынскага сельсавету Іван Каравай інфармацыю абвяргае:
“У гэтым артыкуле такія заляпухі напісаны. Хіба ж так можна рабіць?! З паветра браць. Ёсьць балянсатрымальнік. Усе пытаньні — туды”.
Каапэратыў “Усход-Каменец”, на чыім балянсе знаходзіцца фальварак, ня мае сродкаў на рэстаўрацыю.
Мэтадыст аддзелу культуры па гістарычна-культурнай спадчыне Ірына Рэзьнічук расказвае пра цяжкасьці з пошукам новых гаспадароў:
“Палац не выстаўляецца на аўкцыён. Гэта будзе інвэстфорум, які будзе ў красавіку ў Берасьці. АОО “Усход” шукае інвэстараў. У сувязі з недахопам грашовых сродкаў. Рыхтуюцца дакумэнты”.
Спэцыяліст аддзелу культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Леанід Несьцярчук не задаволены тым, што адбываецца вакол палацу ў Грамячы:
“Калгас там “нетранспартабэльны”. Гэта дзікунства. Нічога там не адбудзецца. Гэта віламі па вадзе пісана. Няма мэханізму. Няма саліднага чалавека. Я спадзяюся, што аддадуць яго нам для рэалізацыі праекту — стварэньня помніка, прыватнага музэю фальваркавай архітэктуры. У мяне ёсьць добры праект. Я перадаў уладам. Але пакуль сур’ёзна ніхто не ўспрымае. Я ўжо тры гады валэндаюся — і ніякіх зрухаў”.
Паводле Леаніда Несьцярчука, на рэстаўрацыю палацава-паркавага ансамблю ў Грамячы патрабуецца прыкладна тры мільёны даляраў.