Апроч гэтага, павінна быць закончана аднаўленьне Мірскага замку. Мэта ўладаў — дзякуючы гэтым аб’ектам прыцягнуць замежных турыстаў. Якая небясьпека можа ўзьнікнуць, калі, насуперак крызісу, улады рашуча возьмуцца за гэтыя помнікі? Меркаваньне доктара гістарычных навук, прафэсара Алеся Краўцэвіча, спэцыяліста па эпосе Вялікага Княства Літоўскага, калі былі пабудаваныя замкі Гарадзеншчыны:
“Гэты энтузіязм, гэтыя вялікія пляны — гэта прыкмета, па-першае, вялікага невуцтва. Таму што рэстаўрацыя павінна цягнуцца гадамі, прычым яе павінны рабіць прафэсійныя кадры. Тое, што робіцца ў нас — гэта не рэстаўрацыя, гэта будова макетаў з сучасных матэрыялаў. У Беларусі няма кадраў, каторыя маглі б выкласьці нэрвюрныя скляпеньні: у Лідзкім замку ў вежы зрабілі бэтонныя перакрыцьці сучасныя. Яны ня могуць рабіць буйнапамерную цэглу. У Літве ёсьць завод такі, у Беларусі няма, каб аднавіць замак так, як было ў часы готыкі. Няма спэцыялістаў-майстроў, якія б гэта рабілі. І ўлады, якія ініцыююць такія праекты і ўкладаюць у гэта вялікія грошы, помнікі гэтыя зьнішчаюць. Гэтая рэстаўрацыя зьнішчае дух эпохі, дух часу. Помнік перастае быць каштоўным аб’ектам, цікавым для турыстаў. Гэты энтузіязм небясьпечны. Рэстаўрацыя Каложы будзе азначаць яе зьнішчэньне. Таму я б сказаў, што гэты аптымізм — аптымізм дурняў…”