Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка павінен узяць удзел у травеньскім саміце ЭЗ у Празе, на якім будзе прэзэнтаваная праграма “Ўсходняе партнэрства”.
Паводле чэскіх СМІ, заява была зроблена ў часе візыту літоўскага кіраўніка ў Чэхію на мінулым тыдні.
Выступаючы за запрашэньне Лукашэнкі, Адамкус, аднак, удакладніў: “Але ж гэта зусім не азначае, што ЭЗ згодны з палітыкай Лукашэнкі”.
Прыкладна за тыдзень да гэтай Адамкусавай заявы прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс, сустракаючыся са студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, сказаў, што Літва заўсёды выступае за месца Беларусі ў Эўропе, аднак пры гэтым ніколі не пагодзіцца з тым, што “дзеля прагматычных мэтаў варта забыцца пра правы чалавека”.
Паводле словаў літоўскага прэм’ера, праграма “Ўсходняе партнэрства” будзе карыснай для Беларусі. Што да пытаньня запрашэньня беларускага кіраўніцтва ў Прагу, то Кубілюс выказаў наступнае меркаваньне: “Беларускі прадстаўнік возьме ўдзел у праскай сустрэчы. Пакуль яшчэ ня вырашана, якога ўзроўню будзе гэты прадстаўнік, аднак, думаю, будзе знойдзена добрае рашэньне”.