Звальненьне выкладчыцы Мар`яны Грузьдзіловіч: розгалас

Марыяна Грузьдзіловіч

Гісторыя са звальненьнем выкладчыцы ангельскай мовы Мар`яны Грузьдзіловіч з адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” выклікала вялікі розгалас сярод слухачоў “Свабоды”. Бальшыня людзей, якія адклікнуліся на гэта паведамленьне, абураныя, што спадарыня Грузьдзіловіч пацярпела за грамадзянскую пазыцыю.


Мар’яна Грузьдзіловіч зноў расчаравала “SOL Minsk”
“SOL Minsk” чакае ад Мар`ыяны Грузьдзіловіч “кампэнсацыі”
М.Грузьдзіловіч:”Сказалі, што я паставіла пад пагрозу ўсю кампанію”
Сурвіла: “Відаць, шмат паабяцала Расея Лукашэнку”
Выкладчыцу звольнілі з-за БНР

Нагадаем, што падставай да звальненьня стала нязгода выкладчыцы з навучэнкай, якая заявіла: у Дзень Волі на вуліцы выходзяць “тупыя ўроды з апазыцыі”. Мар`яна Грузьдзіловіч адказала, што сама наведвае апазыцыйныя акцыі і бачыць там пераважна інтэлігентных людзей. Аднак загадам кіраўніцтва цэнтру настаўніца была звольненая на падставе абвінавачаньня ў парушэньні статуту арганізацыі. Водгукі падсумаваў Ігар Карней.

Блізу сотні водгукаў на звальненьне Мар`яны Грузьдзіловіч зьявілася на інтэрнэт-старонцы Радыё Свабода — ад памяркоўных да радыкальных. Сяржук зь Менску піша: “Адабраць у мярзотнікаў ліцэнзію! З такімі поглядамі ім нельга вучыць беларускіх дзяцей. Я думаю, так неўзабаве і станецца!”

Нямала запісаў адрасавана асабіста дырэктарцы цэнтру Вандзе Дармаян. Гэта яна ў адзін дзень вырашыла лёс супрацоўніцы, падпісаўшы загад аб звальненьні. Дарэчы, Мар`яна Грузьдзіловіч звольненая безь ніякай матэрыяльнай кампэнсацыі. Піша наведнік сайту “Свабоды” Alecha: “Гэтая Дармаян выглядае на недалёкую цётку з глухамані. Ці яна ня ў курсе, што існуе закон аб працы, які рэглямэнтуе працэдуру перапыненьня кантракту па ініцыятыве наймальніка? Ці ведае яна, што прыватныя фірмы таксама падпарадкоўваюцца законам Рэспублікі Беларусь? Сп. Грузьдзіловіч, падавайце ў суд аб незаконнасьці звальненьня — справа выйгрышная, ніякія палкоўнікі ня выратуюць гэты гора-цэнтар”.

Многіх абурыла, што да звальненьня Мар`яны Грузьдзіловіч фактычна прыклаў руку бацька дзяўчынкі, супрацоўнік МУС Беларусі. У гутарцы з выкладчыцай кіраўніцтва цэнтру наўпрост дало зразумець, што ад гэтай уплывовай асобы пайшлі лісты па інстанцыях, якія пагражалі існаваньню “SOL Minsk”. Рэакцыя фэрмэра з амэрыканскага Мінэанапалісу: “Значыць, дзяўчынку пакрыўдзілі тым, што выкладчыца заступілася за тых, каго дзяўчынка, выхаванка МУС, назвала “тупымі ўродамі з апазыцыі?” Дзяўчынка заплакала, што настаўніца ня лічыць апазыцыю “тупымі ўродамі”? Дзяўчынка пакрыўдзілася, што 25 сакавіка — сьвята БНР? Дык, можа, справа ў дзяўчынцы, у яе выхаваньні, яе бацьках, таварыш Дармаян? Ня трэба прыхоўваць нявыхаванасьць дзіцяці, хамства і грэблівасьць бацькоў да суграмадзянаў так званымі “інтарэсамі дзіцяці”.

Яшчэ адно меркаваньне салідарнага з Мар`янай Грузьдзіловіч: “У гэтай Дармаян няма анi грама сумленьня. Цяпер асабiста я прыкладу ўсе намаганьнi, каб гэтая кантора перастала iснаваць у вольнай Беларусi. Ня будзе ні вас, ні гэтага д…ла-палкоўнiка”.

Сваё стаўленьне да гісторыі людзі агучвалі на аўтаадказьніку “Свабоды”. Вось тэлефанаваньне Тацяны Барэль з Асіповічаў:

“На мой погляд, не настаўніцу Грузьдзіловіч трэба было з працы звальняць, а дырэктара той установы, дзе яна працавала. Бо вельмі дрэнна аказалася адукаваная і выхаваная вучаніца, якая ня ведае гісторыі сваёй краіны і па-хамску абзывае культурную эліту тупымі ўродамі. Хіба вырасьце з такога чалавека грамадзянін Беларусі? Самая галоўная задача любой школы — выхаваць сапраўднага грамадзяніна краіны”.

Аднак ёсьць і іншыя меркаваньні. Нехта БР выклікаў цэлую дыскусію, абараняючы менавіта кіраўніцтва “SOL Minsk”: “Уяўляю, як у самой Англіі ў момант выкінулі б выкладчыка, які б заікнуўся аб сваёй падтрымцы брытанскіх нацыяналістаў, аб сваёй любві да сьвятаў ці, скажам, Брытанскай нацыянальнай партыі. Ня кажучы пра тое, што выкладчык наведвае іх мітынгі”.

Чытач сайту “Свабоды” Піліповіч разважае: “Кампанію можна зразумець, бо яна спалохалася рэакцыі з боку дзяржавы, калі сама ня прыме меры. А настаўніку трэба вызначыць, што важней: вучыць дзяцей таму, што ім будзе карысна ў жыцьці, ці абавязкова рэзаць праўду-матку? Калі настаўнік будзе вучыць дзяцей, як у хаце змайстраваць бомбу, то ці карысна будзе гэтую праўду ведаць дзецям? У такой дзяржаве, як Беларусь, гэта прыкладна тое, як вучыць дзяцей праўдзе пра БНР і апазыцыю, а менавіта — небясьпека для дзяцей, турботы для бацькоў, пазбаўленьне ліцэнзіі для фірмы”.

У пятніцу мы правялі апытаньне на сайце “Свабоды”: “Настаўніца Мар`яна Грузьдзіловіч была звольненая з прыватнага адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” за тое, што ўступілася за апазыцыю. Як вы ацэньваеце дзеяньні адміністрацыі?”

У галасаваньні ўзялі ўдзел больш за 200 чалавек. Адказы разьмеркаваліся наступным чынам.

— Адміністрацыя зрабіла слушна, настаўнікі не павінны размаўляць з вучнямі пра палітыку: 3%.

— Дзеяньні адміністрацыі — прыклад перасьледу за палітычныя погляды: 91%.

— Гэта справа прыватнай установы — заключаць і скасоўваць дамовы з пэдагогамі: 4%.