Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Грузьдзіловіч:”Сказалі, што я паставіла пад пагрозу ўсю кампанію”


Выкладчыца адукацыйнага цэнтру SOL Minsk Мар`яна Грузьдзіловіч звольненая з працы за тое, што распавяла навучэнцам пра Дзень волі.

Грузьдзіловіч: “Мне напярэдадні Дня волі, на апошнім уроку, гэта было з паловы восьмай да дзевятай, і раптам ўзьнікла размова пра Дзень волі. І адна дзяўчынка сказала: "А, я ведаю. што такое Дзень волі. Гэта калі зноў тупыя (вось тут я ня памятаю -- ці до "уроды з апазыцыі", ці то "бараны з апазыцыі") зьбяруцца і будуць ізноў нешта крычаць". Ну і мяне гэта вельмі закранула, таму што я шмат гадоў хаджу туды. Я не член нейкай партыі, а проста грамадзянка Беларусі, лічу сваім абавязкам хадзіць на гэтае мерапрыемства, і бачу, якія людзі добрыя там зьбіраюцца. Інтэлігентныя. І моладзь, і сярэдняга, і старэйшага пакаленьня. І я ганаруся гэтымі людзьмі. І мне вельмі крыўдна стала пачуць такія словы пры ўсіх дзецях. І тады я вырашыла патлумачыць. Пытаюся: "А ты там бывала?" -- "Ніколі". -- "А я там бываю, і бачу, што добрыя людзі туды ходзяць." Дзяўчынка, відаць, пакрыўдзілася. А калі вярнулася дадому, відаць, распавяла бацьку.

На наступны дзень пачала ўрок, і хвілін праз пяць адчыняюцца дзьверы, і наш завуч запрасіла на размову. І мне сказалі, што ў Фрунзенскі ці то выканкам, ці то райана, паступіў калектыўны ліст ад групы бацькоў, што ў арганізацыі вядуць апазыцыйную агітацыю, ціснуць на псыхіку дзяцей, і што я паставіла пад пагрозу ўсю кампанію. І што як на шахматнай дошцы, бываюць партыі, калі трэба ахвяраваць адной фігурай, каб уратаваць сытуацыю, і мы разрываем з Вамі дамову. І мне далі копіі загаду за подпісам дырэктара. Там напісана, што мяне звольнілі "за прафэсійную непрыдатнасьць", што скаргі былі навучэнцаў, і што я парушыла статут арганізацыі, дзе забаронена на ўроках размаўляць пра сэкс, рэлігію і палітыку. Я адпрацавала 11 гадоў, у мяне ніколі не было канфліктаў ні з вучнямі, ні з бацькамі...”

Соўсь: “Ці Вы зьбіраецеся ў судовым парадку абскарджваць рашэньне?”

Грузьдзіловіч:
“Пакуль ня ведаю. Гэта прыватная кампанія, яна мае права выбіраць, з кім працаваць. Мяне зьдзіўляе, што звольнілі нечакана. Не проста сёньня -- а зараз. Імгненна пазбавіліся. Я ледзь давяла урок, па вечарам пазваніла некаторым дзецям -- нікому не тэлефанавалі, ні ў каго не падпісвалі. Пэўна, гэта адна тая дзяўчынка... І мне яшчэ завуч паведаміла, што ў той дзяўчынкі бацька аказаўся палкоўнікам МУС. І я адразу зразумела, што ліст сфальсыфікавалі. Я папрасіла паказаць ліст, а мне адказалі -- "Мы ня бачылі ліста, але дамову з Вамі разрываем".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG