Дзяржава “адпускае” цэны, каб іх рэгуляваць

Віталь Цыганкоў
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ нумар 70, паводле якога цэны ў 14 таварных пазыцыях больш ня будуць рэгулявацца дзяржавай. У адпаведнасьці з дакумэнтам, заяўляюць улады, выроўніваюцца правы для індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых юрыдычных асобаў. Ці сапраўды ўлады пайшлі на лібэралізацыю цэнаўтварэньня? Як зьменяцца цэны ў крамах і на рынках пасьля гэтага ўказу? На гэтае пытаньне ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць юрыст і прадпрымальнік Сяргей Балыкін і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: “У адпаведнасьці з прынятым указам, адмяняецца рэгістрацыя цэнаў на тавары, працы і паслугі. Прадстаўнікі ўлады заяўляюць, што ў выніку прыняцьця ўказу значна паляпшаюцца ўмовы для прадпрымальніцкай дзейнасьці і прадпрымальніцкае асяродзьдзе. Сяргей, ці згодныя вы з такой ацэнкай? Наколькі гэты ўказ спрашчае дзейнасьць прадпрымальнікаў?”

“Паляпшае, бо пагоршыць ужо немагчыма”

Сяргей Балыкін
Балыкін: “Сапраўды, спрашчае даволі істотна. Бо для прадпрымальнікаў, юрыдычных асобаў праблема цэнаўтварэньня — самая галоўная, нават больш сур’ёзная чым падаткі. Але гэтае спрашчэньне атрымалася толькі таму, што раней было вельмі цяжка. Умовы зрабіць яшчэ больш горшымі ўжо немагчыма, таму любая зьмена іх паляпшае. Але казаць, што ў Беларусі спрыяльны клімат для бізнэсу, пакуль нельга.

Цыганкоў: “Нагадаю, ўлады пацьвярджаюць, што нягледзячы а гэты ўказ, рэгуляваньне цэнаў на сацыяльна значныя тавары захаваецца”.

Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: “Я годны з Сяргеем, што горш ужо не магло быць, таму нейкае палягчэньне будзе. Але самае галоўнае застаецца ў цэнаўтварэньні — дзяржава патрабуе, каб цэны былі «эканамічна абгрунтаваныя». А гэта азначае, што вялікай палёгкі ня будзе, бо вельмі заблытаная калькуляцыя цэнаў для кожнага прадпрыемства.

Калі далей паглядзець,
Самае галоўнае ў цэнаўтварэньні не зьмянілася.
то мы ўбачым, што самае галоўнае ў цэнаўтварэньні не зьмянілася. Засталося ня толькі рэгуляваньне цэнаў на сацыяльна значныя тавары, але засталося і лімітаваньне. Мінулыя два гады чыноўнікі ўстанаўлівалі, што цэны не павінны расьці болей чым на адзін працэнт, ня болей пэўнага ліміту. І гэты захад таксама застаўся — ён проста часова не працуе, але можа ў любы момант запрацаваць зноў.

Так што гэта «лібэралізацыя» цэнаў — умоўная. Яна толькі на пэўны час, каб зрабіць выгляд, што тут нешта лібэралізуецца”.

“Праверак ня будзе, будзе маніторынг”

Цыганкоў: “Незадоўга да Новага году Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што больш ня будзе праверак гаспадарчых суб’ектаў. Але пасьля дэвальвацыі, пасьля таго, як цэны на некаторыя прадукты павялічыліся дзе-нідзе на 50 працэнтаў, пачаліся масавыя праверкі, і многія прадпрымальніцкія структуры былі пакараныя. Ці можна сказаць, што пасьля гэтага Ўказу дзяржава будзе менш кантраляваць суб’екты гаспадараньня?”

Балыкін: “Лукашэнка сваё абяцаньне стрымаў. Сказаў — ня будзе паверак. Іх і не было — быў маніторынг (сьмяецца). Мне падаецца, і зараз будзе нешта падобнае.

Сказаў — ня будзе паверак. Іх і не было — быў маніторынг.
Тое, што дзяржава скасавала патрабаваньне аб рэгістрацыі цэнаў — гэта добра. Але ж засталася тая сыстэма цэнаўтварэньня, што была раней. Патрэбна і калькуляцыя, і абгрунтаваньне цэнаў, разьлікі розныя, якія трэба насіць чыноўнікам, у Камітэт па цэнах. Так што прыйдуць, знойдуць, што няма нейкай паперы — ну і штраф”.

Цыганкоў: “Я быў вельмі ўражаны, калі прачытаў, што ў Беларусі каля паўмільёну чалавек маюць дачыненьне да бухгальтэрыі. Гэта ж калі будзе лібэралізацыя, дык яны многія застануцца бяз працы”.

Балыкін: “Гэта так. Цяпер на невялікай фірме ў 50 чалавек працуе 3-4 бугальтары. Адзін ці два займаюцца бугальтэрыяй і падаткамі, а астатнія — абгрунтаваньнем цэнаў і рознымі статыстычнымі рэчамі. Але ж такая маса людзей у маштабах краіны не вырабляе матэрыяльных каштоўнасьцяў. Калі гэтыя людзі страцяць працу, яны знойдуць яе ў іншых, магчыма, больш патрэбных дзяржаве сфэрах”.

“У Беларусі процьма ўстановаў рэгулюе цэны, а інфляцыя самая высокая”

Цыганкоў: “Заўсёды, калі пачынаецца размова пра лібэралізацыю цэнаў, людзі пачынаюць баяцца, што гэта прывядзе да падаражаньня.
— Ці варта сёньня беларусам асьцерагацца росту цэнаў?
— Варта.
Ці варта сёньня беларусам асьцерагацца росту цэнаў?”

Злотнікаў: “Варта. Бо цэны стрымліваюцца не ўказамі прэзыдэнта ці дзеяньнямі Мінэканомікі, а канкурэнцыяй на рынку. У суседняй Літве ніякіх указаў няма, і ніхто ня ўмешваецца ў цэнаўтварэньне. Але там ёсьць рынкавая канкурэнцыя, і таму там цэны ніколі так не расьлі як у Беларусі. Тут процьма структураў кантралюе і рэгулюе цэны, а самая высокая інфляцыя з усіх суседніх краінаў менавіта тут. Жыцьцё даказала, што гэта марнатраўства.

Час зразумець, што сацыялістычны падыход у цэнаўтварэньні нікуды ня вядзе. І гэты ўказ кардынальна нічога не мяняе, бо самае галоўнае засталося — абгрунтаваньне цэнаў. Мінэканомікі, можа, і будзе менш праверак праводзіць, але (як яны ўжо і абяцаюць) будуць цяпер праводзіць маніторынг. Якая розьніца, як гэта назваць?

Наконт бухгальтараў. Калі застаецца такая норма, што могуць у любы момант увесьці лімітаваньне цэнаў, то ніякая фірма ня будзе скарачаць сваіх бугальтараў. Яны ведаюць, што заўтра ўсё можа вярнуцца назад. Крэдыты МВФ праядуць, новыя не атрымаюць, і вернуць усё назад”.

Балыкін: “На жаль, сёньняшняе кіраўніцтва ня можа пайсьці па шляху лібэральнай рынкавай эканомікі. Што б яно не рабіла, яно робіць гэта напалову. Заўсёды пакідаючы нейкія шляхі для адыходу на ранейшыя сацыялістычныя пазыцыі”