Першая транша стабілізацыйнага крэдыту МВФ памерам 787.9 мільёнаў даступная ўраду Беларусі ўжо цяпер. Астатнія будуць пераводзіцца цягам 15 месяцаў на падставе штоквартальных аглядаў.
Крэдыт зьяўляецца незвычайна вялікім, ён складае 418.8 працэнта беларускай квоты доступу да рэсурсаў МВФ.
Юха Каканэн, намесьнік дырэктара Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ, заявіў на адмысловым брыфінгу ў Вашынгтоне:
“Гэты крэдыт накіраваны на тое, каб падтрымаць эканамічную праграму беларускіх уладаў, накіраваную на пераадоленьне фінансавых праблем, перад якімі паўстала Беларусь. Як і многія іншыя краіны ва Ўсходняй Эўропе, Беларусь паўстала перад сур’ёзнымі эканамічнымі праблемамі. Глябальны эканамічны і фінансавы крызіс паменшыў попыт на беларускі экспарт і абмежаваў сродкі, якія атрымлівае краіна. Для Беларусі характэрна, што імпарт перавышаў экспарт цягам пэрыяду хуткага эканамічнага росту, што выклікала адмоўнае зьнешнегандлёвае сальда”.
Такім чынам МВФ ухваліў антыкрызісную праграму беларускага ўраду, спадар Каканэн у прыватнасьці назваў яе “моцнай", а прадпрынятыя ўладамі захады "важнымі і эфэктыўнымі”:
“Беларускія ўлады змагаюцца з гэтымі праблемамі, выпраўляючы абменны курс, падвышаючы стаўкі па пазыках, каб зрабіць захоўваньне грошай у беларускіх рублях больш прывабным і праводзячы жорсткую палітыку ў сфэры бюджэту і заробкаў, каб абмежаваць попыт у эканоміцы”,-- заявіў Юха Каканэн.
У прыватнасьці, як заявіў спадар Каканэн, 20-працэнтая дэвальвацыя беларускага рубля зробіць беларускі экспарт больш канкурэнтаздольным. Юха Каканэн таксама пазытыўна ацаніў пераход Нацбанку Беларусі ў прывязцы курсу беларускага рубля да "кошыка" замежных валют.
Пры гэтым МВФ ня бачыць неабходнасьці ў далейшай дэвальвацыі беларускага рубля,-- зазначыў таксама спадар Каканэн.