Цыганкоў: “Ці не атрымалася ўжо такая сытуацыя, калі настроі насельніцтва набываюць абвальны, панічны характар? Можа, людзі ўжо не гатовыя слухаць нават лягічныя перакананьні? Ці ў стане ўлады ўтрымаць сытуацыю?”
Злотнікаў: “Прыкметы таго, што насельніцтва пачынае ўцякаць ад беларускага рубля – ёсьць. Мы бачым і ў абменьніках чэргі, і тое, што насельніцтва закупляе заляжалыя тавары. Але гэта яшчэ не паніка, гэта толькі першыя прыкметы панікі. Калі такая паніка пачнецца, то ў ўладаў ня хопіць магчымасьцяў доўгатэрмінова падтрымліваць беларускі рубель.
Зыходзячы з агульнаэканамічнага становішча краіны, можна прадказаць, што месяц-другі Нацбанк можа трымаць курс на ўзроўні каля 2800-3000 тысячы рублёў за даляр. Але калі ня будзе новых крэдытаў на 3-4 мільярды даляраў, то існуе верагоднасьць, што недзе ў траўні будзе новая дэвальвацыі працэнтаў на 20”.
Цыганкоў: “Чаму б тады ўладзе на зрабіць адразу зараз гэтую дэвальвацыю? Каб спыніць ажыятаж і ўсялякія панічныя настроі?”
Злотнікаў: “Уладам трэба паглядзець, як будуць разьвівацца падзеі далей. Бо калі ўдасца пазычыць новыя крэдыты, то можна пратрымацца да лета, -- а там глядзець, ці гэта крызіс заканчваецца, ці ён далей разгортваецца. Але пры тых запасах валюты, якія ёсьць цяпер, з улікам атрыманьня ўжо дамоўленых крэдытаў ад Расеі і МВФ – можна трымацца некалькі месяцаў.
Але ўжо ў гэтым месяцы будзе даволі вялікая хвалі пагашэньня ўзятых раней пазыкаў, другая такая хваля будзе ў сакавіку. Відаць, зараз Нацбанк чакае паступленьня грошай ад МВФ. І пакуль іх няма, узьнікла такое «вузкае месца», калі ўладам цяжка адначасова і трымаць курс даляру, і выдаваць валюту розных суб'ектам гаспадараньня, якім трэба аддаваць замежныя пазыкі. Але ж Нацбанк ня можа пайсьці на тое, каб усе свае рэзэрвы растраціць за месяц – і потым невядома што рабіць.
Магчыма, калі прыйдуць грошы МВФ, праблемы з наяўнай валютай у абменных пунктах на нейкі час будуць вырашаныя”.