Абвал беларускага рубля, які адбыўся 2-га студзеня, быў узгоднены з урадам і адміністрацыяй прэзыдэнта. Аднак рашэньне пра рэзкую дэвальвацыю праўленьне Нацыянальнага банку прыняло самастойна. Паводле незалежных экспэртаў, “урад не валодае сытуацыяй”.
Паводле начальніка ўпраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоля Драздова, адбылося тое, што дыктавала жорсткая эканамічная неабходнасьць. Бо занадта высокі курс нацыянальнай валюты рабіў беларускую эканоміку неканкурэнтаздольнай.
“Гэта было неабходна зрабіць, каб захаваць хоць які-небудзь прыймальны курс нацыянальнай валюты і захаваць нашу эканоміку. Мы скарэктавалі курс нацыянальнай валюты якраз у тых межах, каб забясьпечыць і канкурэнтаздольнасьць нашых тавараў на зьнешніх рынках, і адначасова прыбраць страты, якія несьлі нашы экспартэры”.
Спадар Драздоў адзначыў, што абвал рубля быў часткова зьвязаны з умовамі выдзяленьня крэдыту Міжнародным валютным фондам, які вывучаў эканамічную сытуацыю ў краіне.
“І ён зьвярнуў увагу, што мы штучна падтрымліваем курс нацыянальнай валюты. МВФ хвалюе адно, каб мы грошы вярнулі. Натуральна, яны даюць рэкамэндацыі, а наша права — прымаць іх ці не. У гэтай сытуацыі мы з гэтымі рэкамэндацыямі пагадзіліся. Бо гэта дыктавала жорсткая эканамічная неабходнасьць”.
Паводле спадара Драздова, у Нацбанк паступаюць скаргі ад грамадзянаў у зьвязку з рэзкім падзеньнем беларускага рубля:
“Натуральна, калі чалавек плянаваў набыць замежную валюту пасьля Новага году, зразумела, што яго чакаў непрыемны сюрпрыз у банку. Натуральна, вось гэта кароткачасовае падвышэньне цэнаў на асобныя групы імпартных тавараў таксама ня радуе людзей. Але што ж рабіць? Гэта лекі, якія трэба выпіць. Яны горкія, але піць неабходна”.
Нацбанк гарантуе цягам году стабільны кошт так званага рублёвага кошыка, які складаецца з даляра, эўра і расейскага рубля. Дапушчальныя зьмены толькі ў межах плюс-мінус 5%. Але ўжо сёньня Нацбанк паведаміў, што курс беларускага рубля ўпаў адносна даляру на 5 рублёў. Але павялічыўся адносна эўра на 67 рублёў. Гэта тлумачыцца ўмацаваньнем даляра адносна эўра на сусьветным рынку.
Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць, што ўлады самі ня ведаюць, што будзе далей:
“Усё будзе залежаць ад таго, ці пойдзе ажыўленьне зьнешняга гандлю і ці адновяцца цэны на энэрганосьбіты і іншыя тавары па імпарце. Бо адбылося вялізнае падзеньне паступленьняў валютнай выручкі ў зьвязку з абвалам цэнаў на энэрганосьбіты найперш. Таму валюты стала мала. Крэдыты атрыманы, але яны часткова патрачаны на пагашэньне папярэдніх. І далей гэта будзе траціцца. Я думаю, што ўрад не валодае сытуацыяй”.
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук раіць грамадзянам у гэтай сытуацыі зьмяніць альбо валюту, альбо месца зьберажэньня:
“Тым, хто не забраў рублёвыя дэпазыты, я параіў бы падумаць, ці варта захоўваць іх яшчэ. Бо толькі гэтым адным рухам у даляравым эквіваленце людзі з дэпазытаў страцілі больш за 600 мільёнаў даляраў. Трэба купляць рэчы, якія вы доўга стараліся купіць. Як бы сытуацыя ні павярнулася, але людзі, якія маюць заробкі і пэнсіі ў рублях, а ў нас гэта больш за 95%, яны зьяўляюцца ахвярнымі казламі, якіх урад паклаў на плаху свайго сацыялістычнага экспэрымэнту”.