Чаму ў Беларусі растуць цэны на бэнзін?

Міністэрства фінансаў выступае за павялічэньне акцызнага падатку на прадукты нафтаперапрацоўкі, што непазьбежна падвысіць розьнічныя цэны на бэнзін і дызпаліва. Як гэта можа адбіцца на беларускай эканоміцы, і чаму ў Беларусі цэны на паліва не залежаць ад сытуацыі на сусьветным рынку?

Мой знаёмы Мікалай займаўся рамонтам аўтамабіляў, але год таму пачаў гандляваць ноўтбукамі. “Ноўтбукі не даражэюць і таму іх купляюць усё больш”, — патлумачыў перакваліфікавацыю Мікалай. Бізнэсоўца-навічка захапляе тое, як дзяржава вядзе бізнэс у галіне нафтапрадуктаў. Але як звычайны пакупнік ён абураецца:

“Пра што думае наш урад? Бэнзін зноў даражэе. Ва ўсіх таньнее, а ў нас усё даражэе і даражэе. Хутка будзе таньней заправіцца за мяжой і прадаць бэнзін у нас”.

Адкуль пайшлі чуткі пра чарговае падаражаньне бэнзіну? Сёньня імі поўніцца беларускі інтэрнэт са спасылкай на расейскую агенцыю ПРАЙМ-ТАСС. Паводле гэтай крыніцы, у беларускім Мінфіне прапанавалі падняць такім чынам прыбыткі бюджэту, каб кампэнсаваць страты, якія ужо нанёс і яшчэ нанясе эканоміцы сусьветны фінансавы крызіс:

“Мінфін аргумэнтаваў сваю прапанову тым, што ў сувязі зь зьніжэньнем экспартных паступленьняў ад продажу
Унутраны рынак застаецца рэнтабэльным і прывабным для нафтапера­працоўшчыкаў
нафтапрадуктаў на зьнешнім рынку, што тлумачыцца зьніжэньнем попыту і цэнаў, унутраны рынак застаецца рэнтабэльным і прывабным для нафтаперапрацоўшчыкаў. Гэта дазволіла б атрымаць дадатковыя прыбыткі ў бюджэт і кампэнсаваць частку стратаў, якія нясе бюджэт у выніку выплаты нафтаперапрацоўшчыкам дзяржаўных субсыдый”.

Ці адпавядаюць пляны рэчаіснасьці? У Мінфіне адмовіліся камэнтаваць згаданае паведамленьне. Супрацоўнік міністэрства, які пажадаў застацца неназваным, кажа:

“Я адмыслова цікавіўся ў тых, хто адказвае за гэтыя пытаньні, так ці не. Пакуль яны не пацьвярджаюць і не абвяргаюць. Таму ня ведаю”.

У дзяржаўным канцэрне “Белнафтахім”, як і ў Мінфіне, адмаўляюцца камэнтаваць праблему цэнаў на нафтапрадукты.

У Беларусі цягам году тройчы, у сярэднім на 150 рублёў, падымаліся цэны на аўтамабільнае паліва. У выніку літар самага папулярнага бэнзіну маркі А-92 цяпер каштуе 2470 рублёў, а яшчэ год таму каштаваў 2020. Апошні раз цэны на бэнзін падымаліся ў ліпені. З тых часоў ў сьвеце шмат што зьмянілася. Галоўная падзея ў эканоміцы — усясьветны фінансавы крызіс, які прывёў да раптоўнага падзеньня цэнаў на сытую нафту. Яны за два месяцы зьменшыліся болей чым удвая. Як сьледзтва — паўсюль таньнеюць і прадукты нафтаперапрацоўкі. З ЗША паведамляюць: бэнзін патаньнеў удвая, літар каштуе меней за паўдаляра. А што адбываецца ў суседзяў Беларусі?
У Літве цэны на бэнзін упалі напалову.
Зь Літвы паведамляе бізнэсовец спадар Лех.

“Калі ўпалі цэны на нафту напалову, то і цэны на бэнзін упалі амаль напалову. Літар бэнзіну каштаваў і 4,15, і 3,45, 3,40, а цяпер цана 95-га бэнзіну — 2,77. Гэта ў літах. І дызэльнае паліва патаньнела: цяпер літар каштуе 3,13, а каштаваў 4,40. Эўра ў нас 3,45, паліва цяпер значна таньней за эўра”.

Прыкладна такая ж сытуацыя і ў Польшчы, Украіне, Латвіі. Нават ў Расеі на гэтым тыдні 95-ы бэнзін патаньнеў прыкладна на 1 расейскі рубель, што ў беларускіх грошах ня так і мала — 78 “зайчыкаў”.

Як жа адаб’ецца на стане эканомікі магчымае падаражаньне беларускага бэнзіну на 10%?

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук перакананы: такія захады небясьпечныя.
Беларускія тавары стануць даражэйшымі і яшчэ менш канкурэнта­здольнымі
Ва ўмовах зьніжэньня цаны на прадукцыю ў сьвеце беларускія тавары ў выніку гэтых захадаў стануць даражэйшымі і яшчэ менш канкурэнтаздольнымі. Паводле Яраслава Раманчука, цяпер як ніколі трэба дбаць пра тое, каб утрымацца на традыцыйных рынках ды патрапіць на новыя.

Чаму беларускі Мінфін насуперак гэтай лёгіцы спакушаецца на кішэні ўнутраных пакупнікоў аўтамабільнага паліва?

“Падвышэньне акцызаў, па-першае, сьведчыць пра вялізарную напружанасьць у дзяржаўных фінансах, і па-другое, пра існаваньне моцнага лобі паліўнага сэктару. Ня проста пра існаваньне гэтага лобі, а пра тое, што гэты сэктар фактычна манапалізаваў права вызначаць нацыянальныя інтарэсы”.

Эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак кажа пра аб’ектыўнасьць рашэньняў,
Мінфіну даручылі папаўняцю бюджэт, вось ён і выконвае сваю заадачу
якія прымаюць улады ў гэтай галіне.

“Памятаеце, калі было прызначэньне новага міністра фінансаў, то яму даручалася быць ашчадным, папаўняць бюджэт. Вось Мінфін і выконвае сваю задачу: тэрмінова патрэбныя грошы”.

Ці праўда, што ва ўладных кулюарах дзейнічае моцнае паліўнае лобі, здольнае падкарэктаваць на сваю карысьць эканамічную палітыку? У Міністэрсве эканомікі гэтае пытаньне адмовіліся камэнтаваць і накіравалі мяне ў Міністэрства ўнутраных спраў. Там адказалі: хочаце нешта зразумець, згадайце гучныя справы апошніх гадоў, якія тычацца нафтаперапрацоўкі.

Згадваю: былы кіраўнік “Белнафтахіму” Аляксандр Бароўскі сядзіць у Бабруйскай калёніі. Былы дырэктар “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі быў асуджаны, нядаўна выйшаў на волю па амністыі. Былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова была асуджаная за хабар ў справе пра нафтапрадукты. Аднак у турму ня трапіла.

Апошні карупцыйны скандал вакол пракурораў Сьнегіра і Купрыянава таксама мае нафтавы падтэкст: фірма, якая за паўцаны прадала былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Снегіру кватэру коштам паўмільёна даляраў… аказваецца, зарабляла свае немалыя грошы таксама на нафтавым бізнэсе. Фірмоўцы прадавалі танныя прадукты беларускай нафтаперапрацоўкі шмат даражэй на захад, але былі адціснутыя канкурэнтамі з гэтага прыбытковага рынку. Хто на ім пануе цяпер? Цяжка сказаць. Але, магчыма, яны засьвецяцца ў наступных карупцыйных скандалах…