Арлоў папраўляе здароўе ў Аксакаўшчыне

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў, вядомы беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, знаходзіцца ў цэнтры рэабілітацыі “Аксакаўшчына”.

6 лістапада пісьменьнік перанёс сардэчны прыступ і трапіў у шпіталь, дзе яму зрабілі апэрацыю. З кардыялягічнага цэнтру Ўладзімера Арлова перавялі ў цэнтар рэабілітацыі што ў Аксакаўшчыне, што пад Менскам.

Уладзімер Арлоў запэўніў, што пачуваецца ўсё лепш і лепш. Згодна з рэкамэндацыямі мэдыкаў, ён штодня мусіць праходзіць па тры кілямэтры. Калі адхіляецца ад маршруту, назірае за бабрамі на Іслачы.

“Тут столькі дрэваў пагрызеных! Валяць дрэвы, працуюць, відаць, рыхтуюцца да фінансавага крызісу па-свойму”.


Уладзімер Арлоў у цэнтры рэабілітацыі акрамя тых кніг, якія мае ў палаце, наведвае бібліятэку.

“Перачытваў ці перагортваў днямі “Шляхціча Завальню” Яна Баршчэўскага. Цяпер вось узяў двухтомнік Сяргея Даўлатава. З дому мне прывезьлі расейска-беларускі слоўнік Байкова і Некрашэвіча, выдадзены ў 1928 годзе. Я ўвогуле люблю чытаць слоўнікі. Асабліва гэты слоўнік, аўтараў якога расстралялі. Слоўнік ад 1928 году не перавыдаваўся. А даўно яго б трэба было перавыдаць”.

Уладзімер Арлоў ад пацыентаў даведаўся пра тое, што “Наша Ніва” і “Народная Воля” зноў будуць распаўсюджвацца праз шапікі. Ён выказаў спадзяваньне, што ў хуткім часе чытачы атрымаюць і рэгіянальныя газэты.

Пісьменьнік падзяліўся сваімі плянамі:

“Толькі што з Алесем Аркушам абмяркоўваў будучы полацкі выпуск часопісу “ARCHE”. У прыватнасьці, ёсьць ідэя зьмясьціць рукапісы Юркі Віцьбіча, нашага эміграцыйнага пісьменьніка і гісторыка, ксэракопіі якіх я ў свой час прывёз з Амэрыкі.

Гэтыя рукапісы — пра этнаграфічную экспэдыцыю па Віцебшчыне, якая праводзілася ў 1939-1940-х гадах. Гэта будзе іх першая публікацыя ў поўным аб’ёме”.

Шмат людзей зычаць Уладзімеру Арлову здароўя і жадаюць яму як мага хутчэй паправіцца. Некаторыя дасылаюць лісты і SMS з рознымі парадамі.

“Хтосьці ананімны даслаў мне эсэмэску з прапановай стаць вэгетарыянцам. Прыйшлі прапановы завесьці сабаку… Пару гадзінаў таму зусім нечакана наведаў мяне наш вядомы пісьменьнік, адзін з маіх любімых аўтараў, Кастусь Тарасаў.

На жаль, мы зь ім разьмінуліся, бо я быў на розных працэдурах. Ён мне пакінуў пакет з садавіной. Я тым больш цаню ягоны візыт, бо ведаю, што спадар Кастусь сам нядаўна перанёс інсульт і яшчэ не зусім паправіўся”.

Уладзімер Арлоў прабудзе ў цэнтры рэабілітацыі два тыдня.