“Другі раз сьвет для мяне пачаўся ў цэнтры кардыялёгіі”

Уладзімер Арлоў, гісторык, пісьменьнік і вядомы грамадзкі дзеяч, знаходзіцца ў Рэспубліканскім цэнтры кардыялёгіі. Ён трапіў у шпіталь 6 лістапада з сардэчным прыступам. Цяпер Арлоў папраўляецца і адчувае сябе значна лепш. Пацьверджаньнем таму новыя вершы, якія ён напісаў на бальнічным ложку. Да пісьменьніка мэдыкі пускаюць толькі жонку і сыноў.

Першае пытаньне да Ўладзімера Арлова, натуральна, пра тое, як ён сябе адчувае.

“Радыюс колаў, якія я раблю вакол ложка, робіцца ўсё большы. Я шчыра дзякую за гэта кардыяхірургу Алегу Паланецкаму. Я ўжо магу падняць ня толькі газэты, якія мне прынесьлі, а гэта “Наша ніва”, “Народная воля”, “Новы час” і “Наша слова”, а магу падняць і апошні нумар часопісу “ARCHE”, у якім тысяча сто старонак”.

Карэспандэнтка: “Адчуваецца, што тут іншая прастора, альбо тут ёсьць прыкметы таго, што тут менавіта беларускі шпіталь?”

Я ўжо магу падняць ня толькі газэты, якія мне прынесьлі, а магу падняць і апошні нумар часопісу “ARCHE”, у якім тысяча сто старонак”
Арлоў:
“Тут ні ў кога няма праблемаў зь беларускай мовай. Паколькі мэдпэрсанал тут пераважна малады, я думаю, што такая прыемная сытуацыя ёсьць вынікам выкладаньня курсу беларусазнаўства, за захаваньне якога ў нашых навучальных установах пасьпяхова змагаецца Таварыства беларускай мовы.

Тое, што тут Беларусь, адчуваецца ў тым, што на ўпакоўцы зь пігулкамі нітрагліцэрыну тэкст па-беларуску. Праўда, у гэтым заслуга не беларускіх, а ўкраінскіх вытворцаў.

На суседнім ложку са мной ляжыць манах Жыровіцкага манастыру брат Ільля, добра знаёмы з братам Мікалаем, якога ў сьвеце ведалі як Алега Бембеля, або паэта Зьніча”.

Карэспандэнтка: “У вас там творчая атмасфэра”.

Арлоў: “Нешта ствараць я спрабую ў гэтай атмасфэры”.

Карэспандэнтка: “І што ж атрымліваецца”?

Арлоў:
“Пакуль што напісаўся адзін верш і невялічкая паэмка. Вось, калі хочаце, я яе прачытаю.

кропельніца –
вясёлая клепсыдра
з срэбнымі бурбалкамі
ня факт
што іх пускаеш ня ты

хвіліну таму
табе не дазвалялі нічога
нават не казалі
выніку ўчарашняга футболу
раптам
дазволена амаль усё
нашы прадулі 0:2
сам ідзеш у WC
звоніш з мабільніка

напэўна ты
рэзка ачуняў
дынаміка адмоўная
пацьвярджае доктар
аўтограф у блянку
пра згоду на апэрацыю
мае неблагі шанец
стаць апошнім

цэлыя 10 хвілінаў
пасьпець напісаць
верш?
ліст?
запавет?
рэанімацыя –
не натарыяльная кантора

мроя
Полацак
возера Люхава
Прага
мора пад Барсэлёнай
некалькі выспаў
Брытанская
Асьвейская
паром празь Ля-Манш
паром

гаварыць зручней
калі бачыш суразмоўцу
дыялёг просты
як у Ёнэска
не спыняйся
сэрца на маніторы
сутаргава ківае...”

Карэспандэнтка: “Чаго хочацца, як толькі?.."

Арлоў: “Як толькі выйду, хочацца згуляць у тэніс”.

Карэспандэнтка: “У настольны?.."

Ад Полацку сапраўды пачаўся некалі сьвет для мяне. Ну а другі раз сьвет для мяне пачаўся ў Рэспубліканскім цэнтры кардыялёгіі
Арлоў:
“У настольны. Я ж гуляю ў настольны тэніс. Сёньня гэта яшчэ фантастыка. Але выйсьці ўдасца ня так хутка. Так што хай патэнцыйныя партнэры трэнуюцца. Калі казаць пра прафэсійныя справы, то хачу як мага хутчэй пабачыць працяг сваёй кнігі “Краіна Беларусь”.

Карэспандэнтка: “Людзі пытаюцца: “Як там наш пісьменьнік Уладзімер Арлоў?" Ці даюць вам магчымасьць спакойна паляжаць?"

Арлоў: “Хачу выказаць падзяку ўсім, хто імкнецца мяне наведаць, усім, хто патэлефанаваў мне, даслаў смску. Сёньня вось атрымаў паштоўку ад вучаніцы 7 клясы сярэдняй школы № 218 Менску Лізы Сямёнавай. Яна мне зычыць хутчэй ачуняць і піша, што чытае маю кніжку “Ад Полацку пачаўся сьвет”. Дзякуй, табе, Ліза. Ад Полацку сапраўды пачаўся некалі сьвет для мяне. Ну а другі раз сьвет для мяне пачаўся ў Рэспубліканскім цэнтры кардыялёгіі”.

Мэдыкі паведамілі, што працэс рэабілітацыі зойме тры тыдні. Увесь гэты час Уладзімер Арлоў будзе знаходзіцца ў шпіталі.