Гарадзенскі Ленін да іншых не падобны <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Удзельнікі пленэру падчас адкрыцьця выставы

У Горадні ў дзень сьвятога Губэрта адкрылася выстава пасьля міжнароднага пленэру.

Як вядома, алень сьвятога Губэрта на шчыце зьяўляецца гарадзенскім гербам. Пленэр якраз адбываўся ў гарадзкім цэнтры — у гістарычнай забудове. Бралі ўдзел у ім па тры мастакі з Горадні, Менску і з Польшчы, па два — з Друскенікаў і Львова, а таксама мастак з Расеі. На адкрыцьці выступілі польскія дыпляматы — генэральны консул Польшчы ў Горадні Адам Бернатовіч і ягоны намесьнік па культуры Марэк Малюхнік. Генконсульства зьяўляецца адным з арганізатараў пленэра.

Карэспандэнт: “Выставу адкрыла Ірына Сільвановіч — дырэктарка гарадзкой выставачнай залі”.

Сільвановіч: “Горадня — дарог скрыжаваньне”. Так, мне здаецца, прыгожа называецца наш пленэр. І гэта сапраўды так: наш горад аб’яднаў мастакоў з краінаў, якія акаляюць нашую Беларусь: гэта Літва, Польшча, Украіна, Расея. Беларусь прадстаўляюць мастакі з Горадні і Менску. Сёньня дзень сьвятога Губэрта, так што са сьвятам вас!”



Карэспандэнт: “Тут дзьве цікавыя карціны Сяргея Малішэўскага зь Менску. Першая — гэта “дом N33”. Дом канца 18 стагодзьдзя, па ім бачна, што ён каралеўскіх часоў. Вам гэты дом спадабаўся? Вы яго файна намалявалі”.

Малішэўскі: “Так, спадабаўся. Яго пачалі фарбаваць, частка пафарбаваная, самае галоўнае паціна на доме”.

Карэспандэнт: “Яго не фарбавалі ці не з канца 18 стагодзьдзя, як усе жартуюць”.

Малішэўскі: “І шкада, што Горадню перафарбоўваюць так, што дамкі робяцца нібы дэкарацыямі. А вось менавіта такая старая Горадня з аблезлымі сьценамі, мяне гэта болей цікавіць”.

Гарадзенскі Ленін на фоне гарвыканкаму аўтарства Сяргея Малішэўскага
Карэспандэнт: “Насупраць вісіць яшчэ адна вашая карціна, і калі я павярнуўся, то зьдзівіўся — што вы зрабілі з гарадзенскім Леніным? Намалявана плошча, дом улады, перад ім стаіць Ленін нейкі незразумелы, дамы перад ім невядома якія”.

Малішэўскі: “Гэта, перш за ўсё, іронія маленькая. Я другі раз тут ужо, і ў Горадні неяк падыхае рэшткамі камунізму: назвы вуліцаў засталіся, і вось Ульянаў атрымаўся трошку карыкатурны, але ня злы, напэўна”.



Карэспандэнт: “Ян Волэк у Горадні трэці раз”.

Гаворыць Ян Волэк
Волэк: “Я працаваў у горадзе, рабіў пэйзажы. Гэта вельмі добрая інспірацыя для нас. Ведаеце: прырода тут такая, як у Польшчы. Але нам вельмі падабаецца адмысловая архітэктура, таму што яна адрозная ад той, што ў Польшчы”.

Карэспандэнт: “А што Вы намалявалі?”

Волэк: “Тут мае тры пэйзажы: адзін — чысты пэйзаж — вада, над Нёмнам”.

Карэспандэнт: “Ідзем глядзець далей…”.

Волэк: “А тут ужо пэйзаж гарадзкі — касьцёл езуіцкі. І трэцяя карціна —вуліца, якая ідзе да царквы. Што было цікава для мяне: сонца ўжо сядае, толькі верхняя частка будынкаў такая цёплая, ружаватая. Але тут паказаць усяго немагчыма, я зрабіў падчас гэтага пленэру каля 15 працаў”.