Ад1 лістапада кошт афармленьня польскай нацыянальнай візы для грамадзян Беларусі складзе 20 эўра замест 35 эўра, якія плацілі беларусы са сьнежня 2007 году.
Рашэньне пра новае зьніжэньне, прынятае з улікам матэрыяльнага становішча беларусаў і скарачэньня ў першым паўгодзьдзі 2008 году колькасьці віз, што выдаюцца польскімі консульскімі службамі на тэрыторыі Беларусі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на МЗС Польшчы.
У МЗС лічаць, што новая, зьніжаная, стаўка консульскага збору дазволіць павялічыць колькасьць наведнікаў Польшчы зь Беларусі з улікам будучых Калядаў і Новага года, якія зьяўляюцца добрай прычынай для паездкі ў суседнюю краіну "ў турыстычных мэтах, а таксама для сустрэчаў са сваякамі".
Беларусі МЗС вітае рашэньне Польшчы зьнізіць кошт віз для беларускіх грамадзян. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў адзначыў, што "мы віталі б, каб польскі бок працягнуў максымальна садзейнічаць падпісаньню пагадненьня паміж Беларусьсю і ЭЗ па пытаньнях паездак беларускіх грамадзян і зьніжэньню кошту шэнгенскіх віз для беларусаў".