Тэлефонныя лятарэі: вялікія “Мары” на мізэрныя “Шанцы”

Кампанія мабільнай сувязі МТС усьлед за “Velcom” пачала рэклямную гульню з прызамі ў мільёны рублёў.
Чаму ўсё болей беларусаў паддаюцца на няхітрыя заклікі гуляць у тэлефонныя лятарэі, дзе амаль усіх чакаюць пройгрыш і расчараваньне?

Гульнёвая ліхаманка, у якую ўжо тыдзень уцягнутыя абанэнты тэлефоннай кампаніі “Velcom”, перакінулася і на другога буйнога апэратара Беларусі — МТС. З 20 кастрычніка кампанія распачала рэклямную гульню “Твой Шанец!”, на кану якой — мільённыя сумы. Шчасьліўчыкаў будуць вызначаць празь лятарэю сярод тых, хто дашле правільныя адказы. Кожны адказ будзе каштаваць амаль 2700 рублёў. І можна толькі ўявіць, колькі грошай спусьцяць людзі, каб паўдзельнічаць у гульні, якая расьцягнецца ажно на 66 дзён!

Абанэнт “Velcom” Мікалай два дні гуляў у лятарэю “Завядзі Мару!”, у якой штодня разыгрываюць аўтамабіль “Фольксваген”. Марна патраціўшы сотні тысяч рублёў, мянчук зрабіў выснову, што яго элегантна ашукалі:

“Пад кожнай эсэмэскай павінен ісьці яе кошт. А тэкст першай выглядаў так, што вы заплаціце 1800 з падаткам і далей можаце гуляць бясплатна”.

Мікалай адзначае: ягоны мабільнік адключылі толькі на трэці дзень, калі балянс ужо быў у глыбокім мінусе.

Пытаюся ў Натальлі, супрацоўніцы аддзелу працы з кліентамі кампаніі “Velcom”: чаму яны не адразу адключаюць мабільныя тэлефоны тых кліентаў, якія празь лятарэю выйшлі далёка за межы свайго рахунку?

“Справа ў тым, што разьлік званкоў — гэта складаны тэхнічны працэс. На гэта ідзе ня менш як дзень”.

Вольга Цыганкова ня так даўно захапілася была гульнёй на музычным тэлеканале з адгадваньнем словаў. Сувязь тады забясьпечваў той самы “Velcom”. Аднак неяк дзіўна: жанчына званіла, каб адказаць на пытаньне, але званкі зрываліся, а тым часам апэратар дасылаў усё новыя эсэмэскі з заклікамі да ўдзелу:

“Звычайна, калі на балянсе ўсяго мінус 2 тысячы, то прыходзіць паведамленьне, што адключаць тэлефон. А тут тэлефон усё працуе і працуе, я ўсё спрабую дазваніцца. Ня памятаю, на якім этапе, але нарэшце нешта западозрыла і спынілася. Потым адразу спыталася пра балянс: ажно мінус 90 тысяч!”

Наступнага дня Вольга паехала ў тэлефонную кампанію і заявіла, што не магла ведаць правілаў гульні, бо ні праз тэлефон, ні па тэлевізары яны не дубляваліся. Кампанія пачала адбівацца: правілы гульні, маўляў, друкаваліся ў газэце… Але абанэнтка пагражала судом і дамаглася вяртаньня грошай.

Дык ці ёсьць у прынцыпе гарантыі, што падобныя гульні сумленныя?

Гляджу ў правілы лятарэі “Твой Шанец!”, надрукаваныя ў нумары “Комсомолки” за 18 кастрычніка. Радок з 7 параграфу: “У кожным 20-м уваходным паведамленьні ў межах рэклямнай гульні Абанэнт атрымлівае інфармацыю пра кошт аднаго SMS-паведамленьня”.

Кожнае 20-е — гэта можа быць першае па ліку паведамленьне, але і 20-е па ліку. Ці не атрымаецца, што яшчэ да папярэджаньня абанэнт прайграе тысячы рублёў?

Верагодна, так і здарылася з 9-гадовым сынам Алены Качаноўскай, якога “Velcom” лёгка спакусіў “Фольксвагенам Пола”:

“Зразумелая рэч, дзіцёнак захапіўся марай выйграць машыну. Прычым у першым пасланьні кошт эсэмэскі ўвогуле ня быў пазначаны. Быў тэкст: “Адашлі SMS на нумар 777 і выйграй аўтамабіль”. Такія ж паведамленьні прыйшлі аднакашнікам сына. Нічога не падазраючы, дзеці пачалі адказваць на пытаньні і “наадказваліся” на 80—100 тысяч кожны. Усім клясам”.

Правілы кажуць: удзельнікам гульні лічыцца толькі асоба пасьля 18 гадоў. Гэта азначае — аўтамабіль у якасьці прызу малы ніколі не атрымае, а вось за тэлефон ягоныя бацькі заплацяць.

Хіба Беларусь — выключэньне сярод суседзяў, якіх таксама ахапіла гульнёвая ліхаманка?

Зьміцер — беларускі журналіст, які жыве і працуе ў Варшаве. Ён адзначае, што польскія апэратары мабільнай сувязі больш карэктна паводзяць сябе з папярэджаньнямі:

“Звычайна, калі да мяне прыходзіць такая эсэмэска, там дакладна напісаныя правілы гульні і колькі гэта каштуе. Прыкладам, што SMS каштуе столькі плюс падатак. Гэта можа быць і злоты, і чатыры злотых, у залежнасьці ад гульні. Але гэта заўсёды напісана”.

Паводле Зьмітра, у Польшчы чатыры буйныя апэратары мабільнай сувязі, якія таксама займаюцца тэлефоннымі гульнямі. Але Зьміцер у іх ніколі не гуляе. Чаму? Адказвае проста: “Бо ўсё роўна падмануць…”

Чаму ж у сябе на радзіме беларусы з гэткім даверам ставяцца да арганізатараў розных тэлефонных гульняў, якія адмыслоўцы параўноўваюць з так званымі “лахатронамі”? Эканаміст Яраслаў Раманчук бачыць прычыны гэтай зьявы ня толькі ў псыхалёгіі ды нацыянальнай мэнтальнасьці:

“Гэта ж тыя самыя “напарсткі”, толькі праз сотавы тэлефон. А паколькі ў нас людзі пастаўленыя ва ўмовы, калі набыць кватэру ці той жа аўтамабіль на заробак становіцца ўсё больш складаным, дык для іх застаецца толькі жыцьцё на авось. На жаль, дзясяткі тысяч людзей будуць расчараваныя тым, як яны страцяць свае грошы, бо страцяць іх бяздумна”.