Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто валодае тэлевізійнымі лятарэямі, і хто на іх зарабляе?


Ігар Карней, Менск Пяць гадоў таму, калі на тэлеэкранах дэбютавала лятарэя “Ваша лято”, яна аб’яднала каля трох тысяч беларусаў. Цяпер яе аўдыторыя – паўмільёна чалавек. Прыхільнікаў у “Супэрлято” яшчэ болей: да нядаўняга часу аўдыторыя за месяц складала 1,5 мільёна чалавек. Паводле экспэртаў, лятарэйная ліхаманка ахоплівае кожнага трэцяга жыхара краіны. Хто валодае лятарэямі, якія прыбыткі мае ад іх і якія прызы дастаюцца звычайным людзям?

Як і за савецкімі часам, у сучаснай Беларусі арганізатары лятарэй дзеляцца прыбыткамі з дзяржавай 50х50: палова сумы ідзе ў прызавы фонд, другая палова – у дзяржаўны бюджэт.

Сёньня ў Дзяржаўным рэестры нацыянальных лятарэй, які вядзе Міністэрства фінансаў, зарэгістравана болей за 30 розных лятарэяй. Але асноўны гулец на рынку – заснаванае паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі прадпрыемства “Нацыянальныя спартовыя лятарэі”, арганізатар “Супэрлато”. За некалькі гадоў кампанія дагнала і нават апярэдзіла свайго асноўнага канкурэнта – “Беларускія лятарэі”. Шмат хто сакрэт посьпеху бачыць у пэрсаналіях, далучаных да справы. “Нацыянальнымі спартовымі лятарэямі” кіруе Ўладзіслаў Пяткевіч, муж намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч.

Зрэшты, і “Беларускія лятарэі” на загад Лукашэнкі таксама перададзеныя ў падпарадкаваньне Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта (раней былі на балянсе Камітэту ў справе каштоўных папераў пры Савеце міністраў). Паводле фінансавых справаздачаў, летась прыбытак гэтых кантораў штомесяц складаў прыкладна 2 мільярды рублёў на кожную.

Нешчасьлівы гулец: «Хто яго ведае, як людзі выйграюць»

Жыхар Менску Дьмітрый больш за год рэгулярна набываў білеты “Ваша лято” і “Супэрлято”. Разам разьлічваем простую арытмэтыку. У годзе 52 тыдні, калі адбываюцца тэлерозыгрышы лятарэй. Кошт кожнага квітка – крыху больш за даляр (а ён набываў па некалькі квіткоў). Такім чынам, Дзьмітрый уклаў у справу найменей сотню даляраў. А ўрэшце не вярнуў і дзесятай часткі:

“Гэта ўвогуле заварожвае: сядаеш перад тэлевізарам у суботу, увесь напружаны – “грошы выйграеш”. Але што да мяне, то максымальны выйгрыш, калі не памыляюся, быў 8 тысяч. Не даляраў, а рублёў...”

Карэспандэнт: “Але ж расказваюць што іншыя выйграюць, і ня дрэнна...”

“А хто яго ведае, як людзі выйграюць. Напэўна, іншым больш фарціць. Да таго ж, на пачатку велічыня выйгрышнага квітка была адна, а потым, калі пайшла дынаміка, павялічылася колькасьць гульцоў, трэба было суму прызавога фонду "раскідваць". Яны за кошт нейкіх камбінацый зрабілі, што пачаў выйграваць квіток увогуле зь мінімальнай сумай – па-мойму, у 1,5 тысячы рублёў. Як і ў любой праграме, закладзены якісьці выйгрыш, альбо пройгрыш на пэўную колькасьць выйгрышных білетаў. А выцягнеш ты той білет ці не – як можна пралічыць, якая будзе камбінацыя лічбаў?”

Шчасьлівы гулец: “Чыстае шанцаваньне, чыстая ўдача”

А вось Іван Чыкун з Горадні некалькі гадоў таму ў “джэк-поце” выйграў больш за 200 мільёнаў рублёў, каля 100 тысяч даляраў. За ўсю гісторыю “Супэрлато” болей выйгравала толькі жыхарка Магілёву Натальля Рыпінская – выйграла 271 мільён рублёў і яшчэ трохпакаёвую кватэру ў Менску. Схема багацьця, паводле Чыкуна, такая:

“Ішоў, набыў квіткі (два штукі), выйграў. Але можна сказаць, што я па натуры сваёй азартны гулец. Ад таго часу, калі яшчэ “Спрынт” быў, і трэба было разрываць квіток, глядзець, што там...”

Карэспандэнт: “Дык ці існуе мэханізм шчасьлівага білету?”

“Як да каго лёс... Што тут можна параіць? Чыстае шанцаваньне, чыстая ўдача. Хтосьці будзе ўсё жыцьцё прайграваць, а хтосьці з такім жа посьпехам будзе выйграваць. Вось і я раней – і прайграваў, і выйграваў. Хто ж увогуле такія сумы выйграе пастаянна? Да таго ж, і правілы нібыта зьмяніліся, цяпер такіх буйных “джэк-потаў” ужо не бывае. На “джэк-поце” пачалі штосьці мяняць, бо надта ўжо вялікія грошы. Сто мільёнаў ад сілы, болей ужо і не бывае, апошнім часам не выйграюць”.

Спадар Чыкун гуляе дагэтуль. Але цяпер, паводле яго, стымул ужо ня той.

Экспэртыза лятарэі на сапраўднасьць – месяц

Ці трэба плаціць падаткі з лятарэйнага выйгрышу? На гэтае пытаньне канкрэтнага адказу я не атрымаў нават у офісе “Нацыянальных спартовых лятарэй”. Гаворыць юрысконсульт прадпрыемства Аляксандар Кожын:

“У нас яны атрымліваюць усё. Іншае пытаньне, ці падаюць дэклярацыю і ці плацяць з гэтых сум падаткі? Па-мойму, не. У падатковым заканадаўстве ёсьць вызваленьне, цяпер ня памятаю – ці на выйгрыш, ці на падарункі. Адно з двух падаткам не абкладаецца. У нас усё праходзіць як выйгрыш у лятарэю. Але мы не адсочваем, плацяць яны падаткі ці не. Гэта не наш абавязак”.

Карэспандэнт: “Колькі часу праходзіць ад розыгрышу да атрыманьня прызу ці грошай?”

“Па-першае, пакуль чалавек аб’явіцца. Хтосьці назаўтра прыходзіць, а іншы месяцы праз 3-4. Месяц даецца на правядзеньне экспэртызы лятарэйнага білета, што ён не падроблены. А пасьля экспэртызы – максымум два тыдні. Чалавек пад’яжджае і атрымлівае грошы. Усё гэта мы фіксуем на відэакамэру. Правілы заканадаўца акрэсьліў так, што буйныя прызы выплачвае арганізатар. То бок, у нас на месцы”.

Карэспандэнт: “Каб удакладніць: ваш кіраўнік – Пяткевіч Уладзіслаў Мечыслававіч?”

“Ну, так”.

Лепшы падарунак маладым – лятарэя

Паводле псыхоляга Міхаіла Дзернакоўскага, чым далей ад сталіцы Беларусі, тым большай папулярнасьцю карыстаюцца розныя лятарэі. У гэтым давялося пераканацца і мне, калі быў запрошаны на вясельле на Смаргоншчыне. Асаблівым шыкам лічыцца, калі маладым побач з падарункам госьць кладзе стос лятарэйных білетаў. У часе размоваў высьветліў: апошнім часам гэта абавязковая прыкмета юбілеяў, карпаратыўных сьвятаў. Якраз меней забясьпечаныя ў параўнаньні са сталіцай рэгіёны – асноўныя “донары” лятарэйных магнатаў:

“Гэта рознаўзроставая катэгорыя, натуральна. Але, як правіла, людзі ня вельмі старыя, часьцей сярэдняга ўзросту. І часьцей мужчыны, чым жанчыны. Людзі, у якіх няма базы, падмурка, якія насамрэч маюць патрэбу ў якіхсьці матэрыяльных стымулах. Якія псыхалягічныя адметнасьці? Чалавек мае ўнутранае жаданьне набыць, да прыкладу, кватэру ці машыну (бо мэта менавіта ў гэтым заключаецца). Зразумела, што ні машыну, ні кватэру не атрымліваюць, але падсьвядома яны гэтага хочуць, імкнуцца падняць свой статус. Лятарэйны білет каштуе ня так і шмат, здавалася б. Таму яны заўсёды гатовыя ўкладаць сродкі на набыцьцё яшчэ большай колькасьці квіткоў.

Справа ў тым, што людзі бачаць гэты выйгрыш як рэальнасьць, як дадзенасьць. Перадусім, сыходзячы з таго, што бачаць у рэкляме, сыходзячы з аналізаваньня ўнутранага досьведу. Лічаць, што калі купяць білет, то ўсё будзе як трэба. Тое, што верагоднасьць вельмі нізкая, гэта ў прынцыпе ня вельмі і ўсьведамляецца. Проста ёсьць унутранае адчуваньне: калі купіць, то гэта будзе зь імі прынамсі як маральны фактар. То бок, спадзяюцца на ўдачу вельмі моцна”.

• Псыхолягі: тэлевізійныя лятарэі правакуюць залежнасьць, 3.10.2007 • Менскія дэпутаты супраць “аднарукіх бандытаў” , 1.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG