У гэтым перакананыя беларускія дзяржаўныя органы нагляду і кантролю. Падставай – спрыяльнае геаграфічнае знаходжаньне Беларусі, а таксама нязначная аддаленасьць ад Масквы. Ці насамрэч расейскі капітал пацягнуўся ў заходнім кірунку?
Роўна год таму, у сьнежні 2006 г., у Расеі быў прыняты фэдэральны закон “Аб дзяржаўным рэгуляваньні дзейнасьці ў арганізацыі і правядзеньні азартных гульняў”. У адпаведнасьці зь ім, заплянавана стварыць чатыры гульнявыя зоны: у Калінінградзкай вобласьці, а таксама ў Краснадарскім, Алтайскім і Прыморскім краях, куды найпазьней да сярэдзіны 2009 г. мусяць пераехаць гульнявыя ўстановы з усёй Расеі.
Расейская экспансія ахоплівае беларускую пэрыфэрыю
Пераразьмеркаваньне гульнявой прасторы спрычынілася да росту колькасьці гульнявых аўтаматаў, якія ўжо пераехалі з Расеі ў Беларусь. Пасьля прыняцьця згаданага закону, Камітэт дзяржкантролю агучыў лічбы: калі на 1 верасьня 2006 году ў Беларусі было 170 суб’ектаў зь ліцэнзіямі на дзейнасьць у гульнявой галіне, то праз год іх стала ўжо 240.
Назіраецца тэндэнцыя да ахопу рэгіёнаў: за першае паўгодзьдзе 2007-га доля суб’ектаў, зарэгістраваных у Менску, скарацілася з 54% (на пачатак году) да 43%. Такім чынам, назіраецца адток гэтага бізнэсу са сталіцы ў рэгіёны, дзе стаўкі падаткаабкладаньня ніжэйшыя.
Дэпутатка Менскага гарсавету Людміла Шыпай перакананая, што дынаміка зьяўленьня новых гульнявых установаў не пакідае сумневу адносна расейскай экспансіі. Яна лічыць, што гэты працэс будзе працягвацца, і яго неабходна ўзяць пад пільны кантроль:
“Мы просім улады прыцягнуць увагу. Не канстатаваць факт, калі яны ўжо пачалі працаваць і пасыпаліся скаргі, а папярэдзіць яго. Бо мы нават і ведаць ня ведаем, што дзесьці зьявілася гульнявая ўстанова; калі толькі ўбачым рэкляму, то даведваемся, што яна ёсьць. А людзі заўсёды скардзяцца: то ім перашкаджае рэкляма, то шум, то вэнтыляцыя, то дым валіць, то крыкі.
Прыкладам, у Савецкім раёне жыве шмат пэнсіянэраў. А гульнявыя ўстановы пераважна ў цэнтры: праспэкт Незалежнасьці, вуліца Куйбышава. Калі б хоць яшчэ былі будынкі, што асобна стаяць, яшчэ неяк можна зразумець. Карацей, жыльцы прыходзяць і скардзяцца: вось вы ім далі дазвол. Ды мы не давалі! Калі б мы ад пачатку маглі ўзгадняць плошчы, чалавек, які бярэ ў арэнду памяшканьне, ішоў бы да нас і гаварыў, што хацеў бы разьмясьціць там і там. Мы б напісалі: гэтае памяшканьне не прыдатнае з шэрагу прычынаў. Альбо наадварот, прыдатнае – калі ласка”.
Забарона гульнявых установаў – прыкмета таталітарызму
Самі ўдзельнікі гульнявога рынку праблему расейскай экспансіі ды павальнай “гульняманіі” лічаць перабольшанай.
Так, менскі бізнэсовец, уладальнік сеткі казыно “Dankoff” Юры Данькоў перакананы: у выпадку зьяўленьня новых установаў сьледам за сталамі казіно ды аўтаматамі ў Беларусь прыедуць багатыя расейцы з “набітымі грашыма кішэнямі”. Будуць задзейнічаныя гатэлі, рэстарацыі, увогуле ажыве ўся забаўляльная сфэра. А спробу ўзяць пад кантроль гульнявы бізнэс спадар Данькоў наўпрост называе “вяртаньнем у савецкія часы”:
“Мы мусім разумець: калі мы жывём і працуем у таталітарнай дзяржаве, дзе не павінна быць нічога лішняга, тады сапраўды давайце зачынім усе рэстарацыі, усе дыскатэкі, усе казыно. Давайце ўсё закрыем і вернемся да “саўка”, у Савецкі Саюз. Дзе ў нас, як у сучаснай Беларусі, нічога не было. У рэстараны зноў вернуцца “зборныя блюды”, якія яны самі прыдумаюць і пададуць нам як безальтэрнатыўныя. І мы будзем тупа ісьці да самазьнішчэньня нацыі.
Ня будзе ні разьвіцьця, ні свабоды творчасьці, будзем проста тупа ісьці ў нікуды. Мы ўжо з такой палітыкай прыйшлі да таго, што багатыя людзі нават не рызыкуюць адзначыць дзень нараджэньня ў Беларусі: зьяжджаюць з краіны да суседзяў – у Літву, Латвію, Расею, Польшчу – і вывозяць грошы, заробленыя тут. Вось што сёньня адбываецца”.
Іншыя назіральнікі лічаць, што на тле нейкіх адзінкавых станоўчых момантаў сама па сабе зьява празьмернага захапленьня гульнёй мае нэгатыўны эфэкт.
Як перакананы адзін з прыхільнікаў стварэньня ў Беларусі аналягічнай да расейскай “гульнявой рэзэрвацыі” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол, значная частка абсталяваньня, якое ідзе з Расеі, маральна і фізычна састарэлае, былое ў карыстаньні і не адпавядае патрабаваньням ні расейскага, ні беларускага заканадаўства. На перакананьне Хрола, калі ў Беларусі і дазваляць гэты бізнэс, то з “нуля” і як мага далей ад сталіцы. Дзеля гэтых мэтаў ён гатовы нават ахвяраваць сваім выбарчым участкам у Глыбокім:
“Таму што ламаюцца лёсы, ламаюцца жыцьці грамадзянаў. Асабліва небясьпечным ёсьць пераход ад лёгкага захапленьня да сур’ёзнай “гульняманіі”. Той кантынгент, якія туды трапляе – гэта ж не багацейшыя людзі. Прыходзяць людзі зь сярэднім дастаткам – дзеля таго, каб зарабіць лёгкіх грошай. Таму я падтрымліваю ідэю ўпарадкаваньня гэтай сфэры.
Першы этап – навядзеньня жорсткага парадку, а другі этап – гэта ліквідацыя ўсіх гэтых казіно ў вялікіх гарадох, перадысьлякацыя іх у нейкае добрае, прыгожае месца. Дзеля таго, каб туды потым прыйшлі інвэстыцыі і ад задавальненьня тым грамадзянам, якое ім гэта прыносіць, іх ізаляваць”.
Наступ з усходу – па ўсім гульнявым фронце
Паводле Міністэрства спорту і турызму, за першае паўгодзьдзе 2007 г. ў Беларусь было ўвезена 1367 гульнявых аўтаматаў, у тым ліку 694 з Расеі.
Яшчэ летам у якасьці аб’ектаў падаткаабкладаньня было зарэгістравана 136 гульнявых сталоў, 2278 гульнявых аўтаматаў, 103 касы букмэкерскіх кантор. Але 1 верасьня – ужо 141 гульнявы стол, 3704 аўтаматаў і 123 букмэкерскія касы. Такім чынам, за 10 месяцаў 2007 году ў параўнаньні зь лічбай на канец 2006 г. колькасьць зарэгістраваных у Беларусі гульнявых аўтаматаў павялічылася на 1426 адзінак (прырост 62,6%), касаў букмэкерскіх кантораў – на 20 адзінак (амаль 20%).
Да адмоўных фактараў уцягненьня Беларусі ў актыўную гульнявую прастору многія адносяць хуткую акліматызацыю гульнявога бізнэсу ў спальных раёнах. Мянчук Юры Масьлёнак колісь сам моцна захапляўся паходамі ў казыно ды спакушэньнем лёсу ў “аднарукага бандыта”. Цяпер непакоіцца, што ягоным шляхам пойдзе 16-гадовы сын. Недахопу ў клюбах няма нават на пэрыфэрыі:
“А ўжо ёсьць усюды. Я сам, шчыра кажучы, зьдзівіўся. У нас у Серабранцы ў дзяржаўным гастраноме савецкага тыпу, збоку ў тарцы было невялікае памяшканьне. Там прадавалі адзін час фарбы, потым маторную аліву. Але ўсё гэта банкрутавала, таму што раён сам па сабе спальны, і пераважна жыве пралетарыят. Аднак пасьля таго, як ня так даўно там паставілі гульнявыя аўтаматы, народная сьцяжынка туды не зарастае, дубасяць ва ўсю. Вось гэта попытам карыстаецца, і людзі ходзяць.
Я раніцай іду на працу, выходжу а 7-й заводзіць машыну, а там народ ужо “тусуецца”. Так што ўжо палезьлі. Я болей скажу: адзін мой знаёмы працуе ў сыстэме рэалізацыі гульнявога абсталяваньня ў Санкт-Пецярбурзе. І расказвае, што менавіта піцерскія пруць сюды гэтых аднарукіх “рабаўнікоў”. Але кажа, што цяпер сутыкнуліся зь нейкімі праблемамі і штосьці іх не асабліва ўжо пускаюць”.
Сынонімы “гульцу”: няўдачнік, дурань, злодзей?
Псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі перакананы, што беларускае грамадзтва ў літаральным сэнсе апанавала гульнявая манія. Нават той, хто не наведвае залі гульнявых аўтаматаў ды казыно, дабраахвотна аддае грошы на разнастайныя лятарэі, якіх за апошнія гады распладзілася вялікае мноства. І гэта, на думку спэцыяліста, ня лепшая залежнасьць, калі параўноўваць нават з гульнявымі аўтаматамі:
“Адносна мэханізму самога працяканьня дадзенай залежнасьці. У лятарэі гуляюць, як правіла, людзі, якія вялікіх грошай ніколі не бачылі. А ў казіно – якія насамрэч у жыцьці дасягнулі большага, самі па сабе багацейшыя. Але што да агульных сымптомаў, то гэта павелічэньне грошай, якія чалавек укладае ў гульню. Раздражнёнасьць, калі навакольныя людзі ўзгадваюць пра тое, што ён шмат прайграе. То бок, ён спрабуе “парыраваць” аргумэнтамі, але ня проста спакойна, а ў стане надзвычайнай раздражнёнасьці, бо ня можа да канца паверыць, што гэта сапраўды адбываецца зь ім.
Пасьля – абвастрэньне пачуцьця вінаватасьці. Іншымі словамі, раз-пораз усё ж узьнікае адчуваньне вінаватасьці таго, што ён прайграе грошы. Адчуваньне гульні і магчымасьць выйгрышу ў яго вельмі моцна зьвязана з такім паняцьцем як самаацэнка. Чалавек пачынае ўспрымаць сябе няўдачнікам і гэта ўспрымаецца як вышэйшая ступень пакараньня. А само слова няўдачнік – як абраза. Як слова, раўнасільнае слову дурань. І ўсё гэта наўпрост зьвязана са зьніжэньнем самаацэнкі чалавека”.
Якія грошы круцяцца ў гульнявым бізнэсе – не бяруцца казаць нават экспэрты гэтай галіны. Часьцей пры гэтым ківаюць на Расею – праўда, пры гэтым таксама абмяжоўваючыся заявамі пра “мільярды напаўкрымінальных даляраў”.
На гэтым тле куды больш востра выглядае праблема маральная: на што здольны чалавек, апантаны ідэяй вярнуць прайграныя грошы? Факты сьведчаць, што залежнасьць штурхае на крокі, якія часам не паддаюцца тлумачэньню. Пры канцы лістапада быў затрыманы 26-гадовы спэцыяліст разьлікова-касавага цэнтра аднаго з гомельскіх банкаў. Хлопец па службовых абавязках апячатваў банкавыя пачкі з купюрамі і цягам чатырох месяцаў “навыцягваў” больш за 60 мільёнаў рублёў (30 тысяч даляраў). У часе сьледзтва ён заявіў: такім чынам хацеў кампэнсаваць пройгрыш у казіно.