Футбалісты барысаўскага БАТЭ ў Санкт-Пецярбурзе ў групавым турніры Лігі чэмпіёнаў згулялі ўнічыю 1:1 з расейскім “Зэнітам”. На гульню прыехалі каля 800 беларускіх заўзятараў. Некаторыя – зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Каманда Віктара Ганчарэнкі захоўвае ў сваёй групе трэцюю пазыцыю з двума ачкамі. Наступную гульню з "Зэнітам" БАТЭ згуляе ў Менску 5 лістапада.
Па гарачых сьлядох сустрэчы групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў у Санкт-Пецярбурзе вынік у студыі “Начной Свабоды” абмяркоўвалі Юрась Бушлякоў і Ігар Карней (эфір 21 кастрычніка).
Бушлякоў: Ігар, ці былі надзеі на такі зыход матчу? Бо трэба быць аб’ектыўнымі: для БАТЭ гэта надзвычай добры вынік…
Карней: Надзеі былі, але збольшага прывідныя. Пра гэта напярэдадні гульні казалі шмат якія спэцыялісты, у тым ліку і патрыятычна настроеныя беларускія. Але ад таго, што прагнозы не супалі з рэальнасьцю, мяркую, ніхто не пакрыўдаваў. Такім чынам БАТЭ чарговым разам адкарэктаваў прагнозы каляфутбольных аналітыкаў, якія прадказвалі барысаўцам “абаранак” – нуль ачкоў у шасьці матчах групавога турніру.
Такім чынам БАТЭ чарговым разам адкарэктаваў прагнозы футбольных аналітыкаў, якія прадказвалі барысаўцам нуль ачкоў у шасьці матчах групавога турніру
Па праўдзе кажучы, узыходжаньне БАТЭ вельмі сымптаматычнае. Параза на выезьдзе ад “Рэалу” (досыць чаканая), нічыя на сваім полі з турынцамі (параўнальная з сэнсацыяй), нічыя ў Санкт-Пецярбурзе (зусім не гарантаваная). Паводле лёгікі, цяпер у гэтым ланцугу можна замахвацца на перамогу – наступны матч адбудзецца ў Менску 5 лістапада супраць таго ж “Зэніту”.
Бушлякоў: Аднак пачтак санкт-пецярбурскай сустрэчы не даваў асаблівых спадзяваньняў, хутчэй – наадварот.
Карней: Крыху нагадаю храналёгію матчу. Гульня выдалася вельмі дынамічнай, з узаемнымі вострымі атакамі. Ужо да 20-й хвіліны супернікі двойчы абмяняліся ўдарамі ў штангі, абаронцы БАТЭ некалькі разоў выносілі мяч зь лініі варотаў. У папярочку магутна “стрэліў” партугальскі форвард “Зэніту” Дані. Але самыя цікавыя падзеі, перадусім для беларускіх заўзятараў, пачаліся ў другой палове матчу. Галоўны трэнэр Віктар Ганчарэнка яўна ўгадаў з заменай, і “сьвежы” Павел Няхайчык прыгожа, у падзеньні, замкнуў перадачу партнэраў.
Было зразумела, што такі паварот падзеяў ашаламіў піцерцаў, на якіх з трыбунаў гэтак жа ашаломлена пазіралі губэрнартар “паўночнай сталіцы” Валянціна Мацьвіенка і галоўны спонсар – кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер.
Галоўным складнікам – агульнакамандная воля да перамогі
На 80-й хвіліне рэалізаваў галявы момант турэцкі форвард “Зэніту” Фатых Тэке. Пасьля чаго перад БАТЭ была адна задача – не прапусьціць на апошніх хвілінах, чым часта грашаць і беларускія клюбы, і зборная. Да гонару барысаўцаў – вытрымалі. І пакінулі за сабой трэцяе месца ў групе “Н”. “Зэніт” на радок ніжэйшы. За лідэрства ў групе крыху пазьней змагаліся “Рэал” і “Ювэнтус”; турынцы нечакана нават для спэцыялістаў перамаглі 2:1 і адкінулі мадрыдцаў на другую пазыцыю.
Бушлякоў: Ігар, вы казалі, што ў пэўным сэнсе БАТЭ пашчасьціла, што не забіваў супернік. А што зрабілі беларусы, каб урэшце нэўтралізаваць “Зэніт”?
Дэбютанту Лігі чэмпіёнаў, падаецца, гэта пакуль што ўдаецца на ўсе сто
Бушлякоў: Нельга не адзначыць, што “Зэніт” усё ж дэманстраваў вельмі якасную гульню…
Карней: Так, “Зэніт” гуляў вельмі клясна. Па шчырасьці, каб піцерам больш пашчасьціла, то вынік гульні мог быць вырашаны ўжо на пачатку першага тайму. Аршавін і Дані ўдвох каштавалі цэлай каманды, а непрабівальны капітан “Зэніту” Цімашчук традыцыйна “цэмэнтаваў” абарону. Але тое, што фартуна дзесьці адвярнулася ад выхаванцаў Дыка Адваката, натуральна, не павінна засмучаць заўзятараў у Беларусі.
Бушлякоў: Што рыхтуе беларускім заўзятарам найбліжэйшая пэрспэктыва Лігі чэмпіёнаў?
Карней: Праз два тыдні – матч з “Зэнітам” у адказ на менскім стадыёне “Дынама”. На лістапад-сьнежань застануцца яшчэ сустрэчы – з "Рэалам" дома і на выезьдзе зь “Ювэнтусам”. Галоўная задача – застацца прынамсі на трэцім месцы ў групе, што дае магчымасьць працягнуць выступы ў Кубку УЭФА. Але чаму не замахнуцца на большыя вышыні? Амбіцыі Віктара Ганчарэнкі гэтага не выключаюць. Зрэшты, шмат у чым адказ на гэта будзе вядомы 5 лістапада, па выніках матчу з “Зэнітам”.
Пасьля шокавага для расейскіх спэцыялістаў і заўзятараў зыходу гульні на стадыёне “Пятроўскі” самае масавае спартовае выданьне “Спорт-Экспресс” выйшла з загалоўкам на першай паласе: БАТЭ – “Газпром” – 1:1. “Зэніт” – самы багаты футбольны клюб расейскай прэм’ер-лігі, які фінансуе “Газпром”. БАТЭ – фінансавы аўтсайдэр Лігі чэмпіёнаў зь бюджэтам 5 мільёнаў даляраў. У бальшыні эўрапейскіх камандаў больш-менш “засьвечаны футбаліст” каштуе нашмат больш.