Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паставіш 10 даляраў, атрымаеш - 100


Сёньня БАТЭ з Барысава правядзе чарговую сустрэчу ў групавым турніры самага прэстыжнага футбольнага эўракубку — Лігі чэмпіёнаў.


У Санкт-Пецярбургу беларусы згуляюць з “Зэнітам”, які пасьля двух паразаў займае ў групе “Н” апошні радок. У верасьні барысаўцаў праэкзамэнавалі мадрыдзкі “Рэал” і турынскі “Ювэнтус” — у супрацьстаяньні з футбольнымі грандамі выхаванцы галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнкі, насуперак пэсымістычным прагнозам, заваявалі адно ачко ў матчы з італьянцамі (у Мадрыдзе саступілі 0:2) і трымаюцца на пачэсным трэцім месцы. Ці ёсьць шанцы ў дэбютанта замацавацца прынамсі на пазыцыі, якая дазволіць працягнуць выступы ў Кубку УЭФА? На каго ў сёлетняй Лізе чэмпіёнаў ставяць заўзятары? Зь якой актыўнасьцю працуюць букмэкеры?

Букмэкерскія канторы безумоўным фаварытам сёньняшняй сустрэчы падаюць гаспадароў поля. Стаўка на перамогу “Зэніту” выдае
Калі ставіць на перамогу БАТЭ, то выйгрыш павялічваецца амаль у 10 разоў
каэфіцыент 1,3. Іншымі словамі, на кожны пастаўлены даляр можна атрымаць зьверху толькі 30 цэнтаў. На нічыю каэфіцыент рэзка ўзрастае — да 5—6. Калі ставіць на перамогу БАТЭ, то выйгрыш павялічваецца амаль у 10 разоў. Каб падвысіць шанцы, букмэкеры дазваляюць фору: прыкладам, БАТЭ прайграе, але з розьніцай меншай, чым у два мячы. Калі пазначыць канкрэтны лік, то можна азалаціцца. Прыкладам, стаўка на лік 1:3 спрацоўвае ў прапорцыі 100:1, а 0:3 на карысьць БАТЭ выдае прапорцыю амаль фантастычную — 200:1.

У Беларусі нямала азартных гульцоў, якія робяць стаўкі на самыя розныя спаборніцтвы, уключна з футбольнымі матчамі. Адзін зь іх — экс-дэпутат Вярхоўнага Савету, юрыст Павал Знавец. Прызнаецца, што для яго гэта адзін са спосабаў заробку — апазыцыйнасьць Знаўца зачыніла яму дзьверы ў БДУ, дзе ён раней выкладаў. Як таталізатар стасуецца з унутраным жаданьнем падтрымліваць сваю каманду, калі яна загадзя аднесеная да аўтсайдэраў?

“Там, дзе грошы, патрыятызм, як кажуць, да лямпады. Такі прынцып павінен быць… Па ходу гульні буду глядзець, стаўкі ёсьць у рэжыме
....хлапец паставіў 100 тысяч на праход БАТЭ і зарабіў мільён ...
он-лайн. Калі буду бачыць, што ідзе, як кажуць, “вынас цела”, то буду ставіць на “Зэніт”. Але пры гэтым падтрымліваць сваіх, каб не расчароўвацца. Дарэчы, патрыятызм згуляў добрую службу тым, хто верыў у БАТЭ на папярэдніх этапах. Зарабілі няблага, і на Канары можна зьезьдзіць. Калі з “Андэрлехтам” гулялі, ведаю, хлапец паставіў 100 тысяч на праход БАТЭ і зарабіў мільён”.

Карэспандэнт: “Іншымі словамі, калі гэтым займацца грунтоўна, асэнсавана, то можна крыху і зарабляць?”

“І не крыху. Тут можна вельмі добра зарабляць — калі падыход прафэсійны, калі валодаеш інфармацыяй, калі ўсё разьлічваеш. Ёсьць шанец заўжды выратаваць тыя ці іншыя зробленыя стаўкі па ходзе гульні — у залежнасьці ад таго, колькі маеш сродкаў на інтэрнэт-рахунках букмэкерскіх кантораў. А калі яшчэ ёсьць выхад на міжнародныя канторы, “William Hill”, напрыклад, то можна вельмі няблага на гэтым падымацца. Некаторыя людзі, як кажуць, прафэсійныя заўзятары, з гэтага жывуць. Я такіх ведаю, і жывуць яны добра. Але паколькі большасьць — аматары, то аматары звычайна і выступаюць спонсарамі гэтых кантораў. За кошт іх існуюць і жыруюць букмэкеры”.

Такі бок букмэкэрства звычайна не афішуецца, але відавочна: існуюць такія канторы не дзеля таго, каб займацца дабрачыннасьцю. І колькасная перавага няўдачнікаў перад шчасьліўчыкамі — таму пацьвярджэньнем.

Колісь такім “спонсарам” букмэкерскіх кантораў быў і адзін са стваральнікаў сайту беларускіх футбольных он-лайнавых трансьляцый match.by Багдан Арлоў. Аднак той досьвед, кажа ён, ня быў пасьпяховым, таму зараз усё абмяжоўваецца прагнозамі без матэрыяльнай зацікаўленасьці:

“Калісьці я рабіў стаўкі, але ні задавальненьня, ні нейкіх прыбыткаў мне гэта ўрэшце не прынесла. І я перастаў гэтым займацца. Ну і імкнуся таксама ўстрымлівацца ад нейкіх канкрэтных прагнозаў, хоць часта жартам нейкі прагноз на матч раблю. Звычайна ён аптымістычны, але не заўсёды спраўджваецца... На маю думку, беларускім камандам заўсёды цяжэй гуляць менавіта з супернікамі з пасьлясавецкай прасторы. Магчыма, таму, што псыхалёгія і мэнтальнасьць шмат у чым супадаюць, складаней перасягнуць на нейкім такім узроўні супернікаў. Напрыклад, якую-небудзь каманду з Заходняй Эўропы можна за кошт характару ці самааддачы перагуляць, і гэта, на маю думку, лягчэй. А тут у прынцыпе мэнтальнасьці вельмі падобныя, і такія экстрагульнявыя фактары нівэлююцца. Але футбол непрадказальны: нават калі нейкая каманда апрыёры мае вышэйшы кляс (альбо лічыцца, што мае вышэйшы кляс), можа быць недаацэнка, можа быць няфарт, можа быць судзейства. Вельмі шмат фактараў, з-за чаго цяжка прагназаваць”.

Альберт Скараход, капітан футбольнай каманды “Арт Старз”, складзенай з артыстаў беларускай эстрады, да камэрцыялізацыі спорту № 1 праз рознага кшталту таталізатары ставіцца нэгатыўна. Сам не гуляе і іншым ня раіць — стаўкі робяць мільёны, а пенкі здымаюць усё роўна адзінкі:

“Я абсалютна стаўкі не раблю. Гэта не ў маім духоўным амплюа, будзем так казаць. Суперажываю ўнутры сябе, па-нармальнаму падтрымліваю, дый усё. Бо самая нармальная стаўка — каб быў відовішчны, добры футбол, які прынёс бы людзям максымальнае задавальненьне і парадаваў заўзятараў. Вось і ўся стаўка”.

Ці аднымі і тымі ж вачыма глядзяць на вялікі спорт звычайныя і камэрцыялізаваныя заўзятары? Магчыма, для наведнікаў букмэкерскіх кантораў важны перадусім тэхнічны вынік, а не атмасфэра сустрэчы? Пра гэта Альберт Скараход такога меркаваньня:

“Перажываюць усе, здаецца, па-сапраўднаму, але тут да месца прымаўка — пагнацца за двума зайцамі. А ў выніку — самі разумееце, да чаго азарт можа давесьці. Наша каманда артыстаў любіць футбол найперш за тое, што ён ёсьць. Нас зараджаюць гэтыя перамогі, нават паразы, няважна, бо пакуль галоўнае — удзел. Сёньня прайграюць, заўтра выйграюць. Мяч — круглы, нічога не ўгадаеш загадзя. І ўсе гэтыя стаўкі — такая мыльная опэра, што ня ведаю... Камусьці гэта цікава. Мне цікава, нават калі няма магчымасьці трапіць на стадыён, проста сядзець і перажываць ля тэлевізара. Заўзець за нашых. Што да сёньняшняй сустрэчы, то “Зэніт” — не падарунак, гэта зразумела, але і БАТЭ няхай зубкі пакажа. І будзе нармальна”.

Патрыятычныя пачуцьці ў дачыненьні да барысаўскага БАТЭ, як лічаць многія экспэрты, падагрэтыя найперш не аб’ектыўнасьцю, а эмоцыямі.

Судзьдзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук лічыць, што сёньняшняя сустрэча значна больш матываваная для расейскай каманды, якая мусіць шмат у чым апраўдвацца перад заўзятарамі — апошнія гульні піцерцаў падштурхоўваюць штаб каманды да сур’ёзных высноваў. А вось барысаўцам заўзятары ўжо ўдзячныя за тое, што каманда ўчыніла такі прарыў для ўсяго беларускага футболу:

“Пасьля мінулагодняга трыюмфу на міжнароднай арэне, калі “Зэніт” стаў спачатку ўладальнікам Кубку УЭФА, чэмпіёнам Расеі, а пасьля заваяваў Супэркубак, каманда ўрэшце расклеілася. Сёлета яны гуляюць, асабліва што да нацыянальнага першынства, ня вельмі пасьпяхова. Ім скрайне патрэбная, як паветра неабходная гэтая перамога. Але сёньняшняя сустрэча — гэта яшчэ і магчымасьць убачыць, што на гэтым тле ёсьць БАТЭ. То бок якраз пасьля гэтай гульні мы зможам ужо рэальна меркаваць пра тое, што БАТЭ ўяўляе сабой на міжнароднай арэне — з гледзішча перадусім сілы каманды”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG