Больш за тысячу чалавек прайшлі “дарогай сьмерці” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

У аўторак у Менску адбылося жалобнае шэсьце ад памятнага знаку ахвярам менскага гета да мэмарыялу “Яма”. 65 гадоў таму за тры дні там зьнішчылі дзясяткі тысяч людзей.
Сёньня ў Менску адбылося жалобнае шэсьце ад памятнага знаку ахвярам менскага гета да мэмарыялу “Яма”. 65 гадоў таму за тры дні тут зьнішчылі дзесяткі тысяч вязьняў менскага гета.

У сёньняшнім ушанаваньні памяці ахвяраў удзельнічалі больш за тысячу чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі міжнародных, беларускіх і замежных габрэйскіх арганізацый, а таксама дыпляматы і жыхары Менску.

Аб 11-й раніцы каля помніка ахвярам менскага гета, што на вуліцы Калектарнай, сабралася больш за тысячу чалавек. Яны прайшлі жалобным шэсьцем па вуліцы Мельнікайтэ да мэмарыялу “Яма”.

Сярод прысутных было нямала прадстаўнікоў замежжа — з Расеі, Ізраілю, ЗША, Нямеччыны. Бургамістар Кёльну Гэльмут Ёстэн прыехаў у Менск дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў менскага гета. Ён апавёў, што ў Кёльне ёсьць групы дасьледчыкаў, якія высьвятляюць лёс нямецкіх габрэяў, дэпартаваных у Беларусь.

“Я бургамістар Кёльну і тут знаходжуся ў складзе дэлегацыі з Кёльну і Бону. У гэтых гарадах пражывала вялікая колькасьць габрэяў, дэпартаваных на Ўсход. Заўтра мы будзем усталёўваць ім помнік у Менску на месцы “зондэргета”. Ні ў кога з нашай дэлегацыі не было сваякоў сярод тых, каго сюды дэпартавалі”.

Уладзімер Трахтэнбэрг прыгадаў, што ў гета ён трапіў, калі яму было 3 гады. Ён памятае асобныя эпізоды. Пяцігадовым хлопчыкам Уладзімер бачыў, як фашысты расстралялі 10-гадовую дзяўчынку.

“Яна стаяла на каленях і зброю ёй прыставілі да патыліцы. Яна ўжо ня плакала. У яе, відаць, сіл ужо не было плакаць. Нават яе мама, якую паліцаі трымалі ззаду, нават мама яе ўжо ня плакала. Маму — ня ведаю, забілі ці не.

Вы можаце сабе ўявіць сытуацыю, калі зьбіраюцца маленькія дзеці і думаюць, як затаіць дыханьне, каб ня дыхаць, каб немцы падумалі, што яны мёртвыя?..”

На мітынгу выступалі старшыні ўплывовых габрэйскіх арганізацый. Прэзыдэнт расейскага цэнтру “Галакост” Ала Гербер заклікала ўсіх да супраціву праявам нэанацызму:

“Былі гэтыя партызаны, былі гэтыя людзі, якія насуперак усяму, здароваму сэнсу спрабавалі з гэтым змагацца. Цяпер мы таксама змагаемся. Нас не саджаюць, нас не расстрэльваюць. Нам толькі кажуць, што мы сьмешныя ў гэтай барацьбе з нэафашыстамі. Але мы мусім рабіць усё, каб ніколі, ніколі, ніколі я не магла падумаць, што побач са мной будзе ісьці мая Лізачка і будзе ісьці не да жыцьця”.


На мітынгу былі прадстаўнікі амбасадаў ЗША , Ізраілю і Нямеччыны.

Паўнамоцны пасол Нямеччыны Гэбхарт Вайс выступіў перад сабранымі:

“Прынята казаць, што гэта былі эсэсаўцы, людзі вэрмахту, гестапаўцы ды іншае. Суровая праўда ў тым, што гэта нашы бацькі, дзядулі, дзядзькі і суседзі. Пра гэта трэба думаць, калі мы прыгадваем. Але ёсьць і нейкае суцяшэньне: паводле першага артыкулу нашай Канстытуцыі, годнасьць чалавека недатыкальная, паважаць і бараніць яе — абавязак усёй дзяржаўнай улады”.


Заўтра, 22 кастрычніка, у Менску і ў рэгіёнах будуць усталяваныя памятныя знакі на месцах масавых расстрэлаў габрэяў. У бібліятэцы імя А.С.Пушкіна адчыніцца выстава, прысьвечаная ахвярам менскага гета.