Сёлета Радыё Свабода праводзіла фотаконкурс з нагоды 20-годзьдзя адкрыцьця праўды пра Курапаты, і здымкі з архіву Ўладзімера Арлова грамадзкі рэдактар праекту Зянон Пазьняк назваў аднымі з найлепшых.
Соўсь: Спадар Уладзімер, як цяпер успрымаюцца падзеі 20-гадовай даўніны?
Арлоў: Па-першае, хачу сказаць, што "Свабода" пазнаёміла сваіх чытачоў і гледачоў (калі мець на ўвазе вэб-сайт) не з маімі здымкамі, а са здымкамі з майго архіву. Сярод іх – здымкі сьветлай памяці Ўладзімера Кармілкіна, сапраўднага летапісца Народнага фронту і ўвогуле нацыянальнага Адраджэньня, і былі здымкі маіх сяброў. Сапраўды, 20 гадоў таму мне выпала адкрываць гэты мітынг. Я не скажу, што я быў там ключавой фігурай, таму што па сутнасьці ключавымі фігурамі можна назваць усіх тых, хто пасьпеў выступіць. А выступіць, апроч мяне, пасьпелі Зянон Пазьняк і Тацяна Зіненка, тады маладая паэтка з Барысава. І ня менш ключавой фігурай быў той незнаёмы мне хлопец, які ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў, і ўжо праз тры гады гэты сьцяг стаў дзяржаўным сьцягам незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ганна, у мяне ў руках верш Тацяны Зіненкі, які прагучаў на тым мітынгу, я знайшоў яго ў сваім архіве.
Пачуйце ўсе маю жывую споведзь,
Хоць я памерці заўтра не баюся.
Але мяне сягоньня непакоіць
Найбольш за ўсё – маўчаньне Беларусі.
Чаго маўчым? Мо вырвалі язык наш?
Стагодзьдзямі цягнулі – і ўдалося?
Народзе мой, ты да ўсяго прывыкнуў.
Крыві дарма ці мала пралілося?
І ў сьвеце так халодна, што ня грэе
Цябе ні зьніч сьвяты, ні спадзяванка.
Чакаеш ты, пакуль не разьвіднее,
Чакаеш ты і вечарам, і ранкам.
А ўжо даўно відно, даўно відненька.
Ці можа вы асьлеплі, беларусы?
Яшчэ ніколі нашая зямелька
Не сірацела гэтак без хаўрусу.
А час – адных суцэльных кульмінацый,
Народны фронт – нязломны і ня вузкі.
Паўсталі ўсе за раўнапраўе нацый,
Паўстань і ты, народ мой беларускі.
Я хачу сказаць, што, безумоўна, на гэтым вершы ёсьць адбітак часу, ён належыць і таму часу, але разам з тым тут ёсьць радкі, якія ня страцілі сваёй актуальнасьці. А менавіта – гэта заклік да яднаньня. Таму што існуе такая верагоднасьць, што нават на 20-я ўгодкі тых гістарычных Дзядоў могуць адбыцца два шэсьці ў Курапаты.
Соўсь: Я хацела менавіта пра гэта ў вас спытаць, бо 20 гадоў таму людзі, якія прыйшлі да Ўсходніх могілак, мелі еднасьць. А чаму атрымалася так, што цяпер ня здолелі дамовіцца: пададзеныя дзьве заяўкі і фактычна два маршруты будзе?
Арлоў: Гэта, на жаль, зрабілася ў апошнія гады сумнай традыцыяй, калі КХП-БНФ праводзіць сваё асобнае шэсьце. Але я спадзяюся, што сёлета гэтая традыцыя будзе парушаная. Тым больш што маршруты ў абедзьвюх заяўках часова супадаюць, і ўдзельнікі могуць аб'яднацца і далей рушыць разам. Я вельмі спадзяюся на гэта. І спадзяюся, што кіраўніцтва КХП-БНФ менавіта такое рашэньне і будзе прымаць.
Соўсь: Я як вы лічыце, Курапаты могуць аб’яднаць грамадзтва?
Арлоў: Безумоўна. Як тыя Дзяды 20-ці гадовай даўніны, якія навечна ўвайшлі ў нашу найноўшую гісторыю, аб'ядналі грамадзтва, далі новыя духоўныя арыенціры, так, я думаю, і вось гэтая дата таксама, як і самі Курапаты, сам сымбаль нашай трагічнай гісторыі, яны ня проста могуць – яны павінны аб'яднаць нашае грамадзтва.
Соўсь: Спадар Уладзімер, паводле якога сцэнару плянуецца адзначэньне першага апазыцыйнага мітынгу на Дзяды?
Арлоў: У тым звароце, праект якога я пісаў і які падпісалі разам са мной Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Аляксей Марачкін, гаворыцца, што ўлады робяць новыя спробы вынішчыць гістарычную памяць беларусаў і збудаваць у нашай сьвядомасьці "лінію Сталіна". І таму мы заклікаем усіх, каму не абыякавы лёс Беларусі, усіх, хто памятае, што ў нас тысячагадовая гісторыя, хто памятае герояў гэтай гісторыі, сабрацца 2-га лістапада а 12-й гадзіне каля Ўсходніх могілак, каб напачатку ўскласьці кветкі на магілы Ўладзімера Караткевіча, Генадзя Карпенкі, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі ды іншых нашых славутых суайчыньнікаў, а потым прыйсьці разам да курапацкіх крыжоў.
Ад рэдакцыі: дашліце нам свае фатаздымкі і ўспаміны пра Дзяды-88!