19 кастрычніка 1988 году сябры “Талакі” і аб’яднаньня літаратараў “Тутэйшыя” зьвярнуліся ў аргкамітэт БНФ з прапановай правесьці масавую акцыю на Дзяды. Віктар Івашкевіч прыгадаў, што іх ідэю не падтрымалі, і тады дзьве арганізацыі правялі інфармацыйную кампанію, каб забясьпечыць масавасьць акцыі.
“Некалькі соцень улётак давалі яўку некалькі тысяч чалавек - у адрозьненьне ад сёньняшняй сытуацыі. Мы дамовіліся, што панясем туды бел-чырвона-белыя сьцягі.
Станцыя мэтро, якая была апошняя перад могілкамі, была зачыненая - людзі ішлі пехам. Сустрэлі там ачапленьне міліцыі. Міліцыянты пачалі выпіхваць людзей. Тады яшчэ ня білі дубінкамі. Дубінак не было ў міліцыянтаў. Яны былі чамусьці ў параднай форме.
Але ж яны калёнамі расьсякалі натоўп на часткі і выціскалі з таго месца. Там ужывалі газ.
Людзі пайшлі ад Усходніх могілак, ад таго ачапленьня, на Курапаты і пасярэдзіне, спыненыя зноў ланцугамі міліцыі, арганізавалі мітынг, на якім упершыню ад 40-х гадоў быў адкрыта ўзьняты бел-чырвона-белы сьцяг, і Пазьняк выступіў з прамовай.
Гэта было 30 кастрычніка 1988 году.
Мой удзел у гэтым быў натуральны, таму што на маё жыцьцё паўплывала далучэньне да нацыянальнага руху, калі я далучыўся да нефармальнай моладзевай арганізацыі, якая потым дзейнічала легальна пад выглядам культурніцкай арганізацыі “Талака” - гэта было недзе за 4 гады да гэтай акцыі. Але для мяне падзеі 30 кастрычніка былі лягічным працягам. Акцыя тых Дзядоў для мяне не была паваротным пунктам”.
Дзяды-1988: "Яны мяне і кусалі, і за ногі цягнулі"
Дзяды-1988. Успаміны ўдзельнікаў шэсьця