Звышпрыбытковым лятарэйным бізнэсам вырашыў заняцца Прэзыдэнцкі спартовы клюб, які ачольвае малодшы сын кіраўніка дзяржавы Дзьмітрый Лукашэнка.
У Дзяржаўным рэестры нацыянальных лятарэй зарэгістравана больш за 30 розных лятарэйных найменьняў. Найбольш папулярныя і прыбытковыя — “Нацыянальныя спартовыя лятарэі”, якімі кіруе Ўладзіслаў Пяткевіч, і “Беларускія лятарэі”. Абедзьве падпарадкоўваюцца Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. І вось зараз усе беларускія тэлеканалы, газэты, унівэрсамы напоўніла рэкляма новай, а дакладней, ужо забытай з часу СССР гульні “Спортлято 5 з 36”. Звышпрыбытковым лятарэйным бізнэсам вырашыў заняцца Прэзыдэнцкі спартовы клюб, які ачольвае малодшы сын кіраўніка дзяржавы Дзьмітрый Лукашэнка.
Гульня стартуе 12 кастрычніка ў эфіры першага нацыянальнага тэлеканалу ў прайм-тайм — у 20.45. Розыгрышы будуць праводзіцца двойчы на тыдзень — па серадах і нядзелях. Купоны для гульні распаўсюджваюцца бясплатна. Як мінімум можна зрабіць адну стаўку на адзін розыгрыш (за 2,5 тысячы рублёў). Максымальна можа адразу запоўніць 8 палёў і вызначыць 8 розыгрышаў — і гэты купон, ужо за 160 тысяч рублёў, будзе гуляць цягам месяца. То бок ня трэба купляць шмат квіткоў, як у “Супэрлято”. У 12 гарадах краіны ўжо ўсталявана 300 электронных тэрміналаў. Да канца году ў Беларусі будзе 1000 тэрміналаў. Праз тры гады — у пяць разоў больш. Начальнік камэрцыйнага ўпраўленьня “Спорт-пары” Натальля Лысенкава распавядае:
“Інвэстыцыі ў нас даволі істотныя — парадку 20 мільёнаў даляраў на старт. Зразумела, гэта ня ўвесь аб’ём інвэстыцыяў. У першую чаргу — гэта выдаткі на тэхналёгію, на набыцьцё ліцэнзіі, бясплатная перадача тэрміналаў на пункты продажу. Мы вельмі вялікія рэсурсы ўкладаем у рэклямную стратэгію. Заплянавана таксама будаўніцтва ўласнай тэлестудыі”.
Пра размах новай гульні і яе значнасьць сьведчыць і прэзэнтацыя, на якой прысутнічалі намесьнік кіраўніка ўраду Андрэй Кабякоў, старшыні дзьвюх тэлекампаній — сэнатар Аляксандар Зімоўскі і Юры Казіятка, кіраўнік Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў (ён — намесьнік старшыні Прэзыдэнцкага спартовага клюбу).
Праз паўгода мы плянуем увесьці гульню, якая называецца “Кена” і будзе штодня. І гэта толькі пачатак
“Сыстэма дазваляе ўкараняць да 400 розных гульняў. Вось мы выйшлі на рынак са “Спортлято 5 з 36” як з самай даступнай і лёгкай гульнёй. Праз паўгода мы плянуем увесьці гульню, якая называецца “Кена” і будзе штодня. І гэта толькі пачатак”.
Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што лятарэйнай ліхаманкай ахоплены кожны трэці жыхар краіны. Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што дзяржаве вельмі выгадна рэклямаваць усялякага кшталту лятарэі і выпампоўваць у народу грошы:
“Гэта прырода нашай дзяржавы, нашага рэжыму. Такія карпаратыўныя рэжымы, аўтарытарныя рэжымы — яны вельмі падобныя да мафіі. А мафія — яна заўсёды найлепш адчувае, дзе грошы ляжаць. І таму разгортваецца такая гістэрыя азартных гульняў. Гэта эканамічна потым вельмі адбіваецца на становішчы асобных грамадзянаў, якія могуць стаць залежнымі ад гэтых гульняў. Яны пачынаюць траціць усё болей і болей грошай на гэтыя лятарэі, пачынаецца зайздрасьць, людзі пачынаюць губляць галаву. Вядома, гэта ня тычыцца ўсіх, але найбольш рызыкоўная група, найбольш няўстойлівыя людзі…”
Псыхоляг Міхаіл Дзеракоўскі кажа, што, так бы мовіць, ідэя халявы надзвычай распаўсюджана:
“У 70 працэнтаў папуляцыі гэтая ідэя прысутнічае. І чым рэкляма больш масіраваная, наступальная, актыўная — тым больш народу з гэтых 70% патэнцыйных “халяўшчыкаў” на яе павядуцца. Тым больш што выдаткі невялікія”.
Псыхіятар Ігар Сарокін занепакоены тым, што ў беларусаў апошнім часам усё часьцей назіраецца гульнявая залежнасьць:
“І ў маёй практыцы былі пацыенты з гульнявой залежнасьцю. Вельмі цяжка ад яе пазбавіцца — лячыцца трэба. Пабудаваная большасьць гэтых гульняў на звычайнай чалавечай хцівасьці. Кожнаму здаецца, што гэта іншым не шанцуе ў лятарэі, а мне павінна пашчасьціць. А ў савецка-беларускай рэчаіснасьці, дзе іншых шляхоў атрымаць больш-менш прыстойныя грошы не існуе, значыць —
Вельмі цяжка ад гульнявой залежнасьці пазбавіцца — лячыцца трэба.
Памочнік старшыні “Прэзыдэнцкага спартовага клюбу” Аляксандар Храмулёў аб праблемах гульнёвай залежнасьці не задумваецца і сьцьвярджае, што ўсе прыбыткі ад чарговай гульні пойдуць на разьвіцьцё спорту:
“Людзі гуляюць — яны атрымліваюць ад гэтага задавальненьне: ад працэсу гульні, яшчэ ад чагосьці . І калі гэта накіравана на нейкую добрую справу — гэта станоўчая зьява”.
Псыхоляг Міхаіл Дзеракоўскі кажа, што чым ніжэйшы ўзровень дабрабыту грамадзтва, тым больш яно арыентаванае на вялікія прызы. Зараз “Спортлято”, да прыкладу, рэклямуе магчымасьць выйгрышу джэк-поту на вельмі істотную суму:
“Халява важная больш высокага пляну, бо тое, на што хапае заробку, гэта ўжо не халява”.
Псыхоляг перакананы: існаваць рознага кшталту “лахатроны” будуць да таго часу, пакуль людзьмі рухае салодкае слова “халява”.
***
А што народ кажа пра ўсялякага кшталту гульні і лятарэі?
А што народ кажа пра ўсялякага кшталту гульні і лятарэі?
Хлопец: “Ні разу не выйграваў”.
Юнак: “Выйграць шмат грошай, канечне, хочацца…”
Дзяўчына: “Раней захаплялася, цяпер ужо не. Надакучыла гуляць — ніякага выйгрышу”.
Спадар: “Ашукваюць. Палова грошай адразу ідзе арганізатарам. Проста разыгрываецца палова сумы”.
Спадарыня: “Ня тое што ня веру, але мы паспрабавалі пару разоў — не пашанцавала”.
Юнак: “Вельмі люблю гуляць. Але нічога ня выйграў. Можа, пашанцуе. Стрыечнаму брату аднойчы пашанцавала — выйграў 250 тысяч рублёў”.
Спадар: “Больш за 100 тысяч ніхто са знаёмых не выйграваў”.
Спадарыня: “Зь дзяржавай мы не гуляем”.
Юнак: “Грошай няма, студэнты мы”.
Бабуля: “Не, не гуляю, пэнсія не дазваляе гуляць”.
Дзяўчына: “Наша бабуля страшэнна захапляецца лятарэямі, але ніколі не выйграе”.
Хлопец: “Ня выйграў ніколі нічога”.