Пра гэта гаварылася сёньня ў Авіньёне, дзе другі дзень запар праходзіць сустрэча кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў 27 краін аб’яднай Эўропы.
Паведамляецца, што гэтую прапанову падтрымаў кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна. Ён паведаміў, што апошнімі днямі меў працяглую тэлефонную размову зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Саляна вітаў вызваленьне палітвязьняў і заявіў, што Зьвяз павінен “узнагародзіць” Менск за гэтыя крокі.
"Урад Беларусі нядаўна прыняў важнае рашэньне адносна зьняволеных. У мяне адбылася доўгая гутарка зь міністрам замежных справаў Беларусі. Такога ўжо не здаралася шмат гадоў. Дагэтуль мы сустракаліся два ці тры гады таму. Мы будзем працягваць весьці дыялёг. І нам бы хацелася з нашага боку зрабіць нешта, што магло б заахвоціць Беларусь за яе крокі, якія, з майго гледзішча, правільныя".
Эўракамісар у вонкавай палітыцы Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што настаў час аднавіць палітычны дыялёг на высокім узроўні з Беларусьсю. Яна прапанавала запрасіць міністра замежных справаў Беларусі на сустрэчу з эўрапейскімі міністрамі замежных справаў у Брусэль 15 верасьня і зьнізіць кошты на візы для грамадзянаў Беларусі.
"Нам таксама хацелася б, каб выбары
падмацавалі гэтую ўжо больш адкрытую пазыцыю беларусаў, і. я думаю, мы будзем працаваць зь імі. Я таксама хацела б падтрымаць польскага калегу, які заявіў, што мы можам зьнізіць кошт візы".Паводле польскіх мэдыяў, ініцыятарам дыскусіі выступіла Польшча.
Як заявіў міністар Радаслаў Сікорскі, “ЭЗ павінен паскорыць гэтае рашэньне, бо сытуацыя зьмянілася”. Паводле ягоных слоў, “палітвязьняў больш няма, а таму размова ідзе пра тое, каб правесьці дыскусію адносна выпрацоўкі дарожнай мапы нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю".
Польскі міністар ў якасьці аргумэнту прывёў кубінскі прыклад. Ён сказаў, што ЭЗ адмяніў санкцыі супраць Кубы, дзе маецца амаль 300 палітвязьняў, а супраць Беларусі, дзе вязьняў няма, санкцыі захоўваюцца. Тым часам, паводле міністра, “у параўнаньні з Кубай у Беларусі, хоць яна яшчэ і далёкая ад эўрапейскіх стандартаў, куды больш свабоды рэжым, там можна весьці бізнэс, падарожнічаць і там няма палітычных вязьняў".
Паводле чыноўнікаў ЭЗ, адным зь ключавых момантаў у беларускай сытуацыі ёсьць наступны: ці падпарадкуецца Беларусь уплыву Расеі у пытаньні прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Як заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт, “Беларусь мае рэальную магчымасьць прасунуцца бліжэй да заходняй Эўропы, калі яна таксама, падобна ЭЗ, не прызнае гэтыя рэспублікі. Аднак, вядома, што Беларусь цяпер знаходзіцца пад вельмі моцным ціскам Расеі”, -- сказаў эстонскі міністар.
У часе дыскусіі міністраў па беларускім пытаньні было адзначана, што ЭЗ таксама чакае ад Менску правядзеньня свабодных і дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў.