Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс накіруецца ў Францыю, а потым у Грузію, каб выказаць падтрымку дэмакратычна абранаму грузінскаму ўраду.
Буш выказаў занепакоенасьць паведамленьнямі пра працяг расейскіх ваенных дзеяньняў ў Грузіі. Ён сказаў, што дзеяньні Расеі "уздымаюць сур'ёзныя пытаньні пра яе намеры ў Грузіі і ў рэгіёне".
Грузія: расейцы неўзабаве пакінуць Горы
Міністэрства абароны Грузіі заявіла, што ў бліжэйшыя гадзіны расейскія войскі выйдуць з горада Горы ў кірунку Цхінвалі. Намесьнік міністра абароны Грузіі Бату Кутэлія паведаміў, што раней расейскія салдаты пакінулі Зугдзідзі, горад непадалёк ад абхаскай мяжы.
Што да Кадорскай цясьніны, то прадстаўнікі абхаскіх узброеных фармаваньняў заявілі, што цалкам яе кантралююць.
Чацьвёрка лідэраў скрытыкавала плян Сарказі
Кіраўнікі Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі выступілі з крытыкай пляну мірнага ўрэгуляваньня ў Грузіі. Плян быў ухвалены ў Маскве прэзыдэнтамі Францыі Нікаля Сарказі і Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.
Грузія вінаваціць Расею ў парушэньні перамір'я
Прадстаўнікі Рады нацыянальнай бясьпекі Грузіі заявілі, што каля 50 расейскіх танкаў і бронетранспартэраў увайшлі ў горад Горы, парушыўшы перамір'е. Паводле грузінскага боку, расейскія вайскоўцы рабуюць дамы ў горадзе.
Намесьнік начальніка Генштабу Расеі Анатоль Нагавіцын заявіў, што ў Горы няма расейскіх танкаў.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў раней сёньня сказаў, што расейскія войскі пакінуць Паўднёвую Асэтыю толькі пасьля таго, як грузінскія войскі вернуцца на свае базы.
ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ
Расея страціла ў зоне канфлікту з Грузіяй 74 вайскоўцы забітымі, 171 — параненымі, 19 чалавек прапалі бязь вестак. Такія лічбы падаў у сераду на брыфінгу намесьнік начальніка Генштабу Расеі Анатоль Нагавіцын. Міхаіл Саакашвілі падае іншую статыстыку расейскіх страт: болей за 400 салдат забітыя, 17 самалётаў, 4 гэлікоптэра і болей за 60 танкаў зьнішчаныя.
З грузінскага боку загінула 175 вайскоўцаў, паведаміў міністар аховы здароўя Грузіі Сандро Квіташвілі. Каля дзесятка грузінскіх салдат узятыя ў расейскі палон.
У выніку вайсковага канфлікту каля 100 тысяч чалавек пакінулі свае дамы, -- заявіў афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Рон Рэмонд.
Тым часам дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс выказала на адрас Расеі пагрозу міжнароднай ізаляцыі: “Цяпер на карту для Расеі пастаўлена вельмі шмат, у тым ліку яе міжнародная рэпутацыя і тое, якую ролю яна можа гуляць у міжнароднай супольнасьці”.
Кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША выступілі з сумеснай заявай, у якой “самых жорсткім чынам” асудзілі уварваньне Расеі на тэрыторыю Грузіі і запатрабавалі вывесьці расейскія войскі з тэрыторыі гэтай краіны, паведамляе РИА "Новости". Грузію падтрымалі кіраўнікі Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія ўчора прыехалі ў Тбілісі.
Тым часам сёньня у Грузіі і Расеі абвешчаная жалоба па ахвярах падзеяў у Паўднёвай Асэтыі. Кіраўнік Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што расейскія войскі “змусілі да міру і пакаралі агрэсара”. Мядзьведзеў не даў гарантыяў тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.
Прэзыдэнт Абхазіі Сяргей Багапш заявіў, што “ўзброеныя сілы аднавілі дзяржаўную мяжу рэспублікі Абхазія” у верхняй частцы Кадорскай цясьніны, паведамляе Інтэрфакс.
Грузінскі бок пацьвердзіў, што яе падразьдзяленьні пакінулі Абхазію, паведамляе France Presse.
"Новые известия" пішуць пра зачысткі грузінскіх паселішчаў у Паўднёвай Асэтыі
Спэцназаўцы і апаўчэнцы ПА зладзілі зачыстку ў грузінскім паселішчы Нулі. Да таго моманту амаль усе жыхары пакінулі свае дамы.
Пасьля абстрэлу здалёк, асэтынцы пачалі ўламвацца ў дамы і выносіць адтуль усе каштоўныя рэчы, якія не пасьпелі забраць з сабой гаспадары: тэлевізары, мікрахвалёвыя печкі і музычныя цэнтры, паведамляе расейскае выданьне. Вайскоўцы грузілі іх на трактары, якія знайшлі паблізу.
Кіраўнікі апэрацыі не спынялі сваіх падначаленых, хоць і не былі задаволеныя іхнымі дзеяньнямі.
Пасьля гэтага апаўчэнцы старылі падпальваць дамы і закідваць іх гранатамі.
Суседняе паселішча Авнэві, пішуць "Новые известия", таксама спалілі. Пры гэтым асэтынскія спэцназаўцы ўзялі ў палон шасьцёра мясцовых жыхароў, якія не пасьпелі пакінуць свае дамы. Палонных плянуюць абмяняць на асэтынаў, якіх захапілі грузінскія вайскоўцы.
Адзін з апаўчэнцаў паведаміў, што на месцы спаленых паселішчаў пабудуюць базы для міратворцаў.
Адказ МЗС амбасадару Сурыкаву
“На жаль, амбасадар Сурыкаў не пацікавіўся ў МЗС Беларусі, якія дзеяньні у сувязі з канфліктам у Паўднёвай Асэтыі прадпрымае і мае намер прадпрыняць Беларусь”, — перадае Інтэрфакс словы высокапастаўленага прадстаўніка МЗС Беларусі.
Старшыня Выканкаму СНД Сяргей Лебедзеў шкадуе у сувязі з заявай Міхала Саакашвілі пра выхад Грузіі з СНД. “Сёньня мы можам гаварыць пакуль толькі пра заявы, паколькі афіцыйнага паведамленьня Грузіі пра жаданьне спыніць свае сяброўства у СНД пакуль не паступала”, — заявіў С.Лебедзеў Інтэрфаксу.
Расейскамоўныя ўцякаюць з Тбілісі
Ці можна казаць пра ўсталяваньне міру на Каўказе? Што пра гэта думаюць беларусы, якія цяпер знаходзяцца ў Грузіі, а таксама спэцыялісты, якія ў розны час працавалі ці служылі ў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?
М.Бацян: "Можа дайсьці да таго, што СНД перастане існаваць"
Выкладчык катэдры дыпляматычнай і консульскай службы факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ — пра канфлікт паміж Грузіяй і АБСЭ.
А.Стуб: У Асэтыі патрэбныя міжнародныя міратворцы
Міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу сёньня сустракаюцца ў Брусэлі, каб абмеркаваць сытуацыю ў Грузіі.
К.Акопаў: Дзеяньні Грузіі выглядаюць лягічнымі
“Гэта хутчэй рытарычнае пытаньне — якія наступствы будзе мець выхад Грузіі з СНД. Расея сваімі агрэсіўнымі дзеяньнямі ў дачыненьні да Грузіі паставіла пад вялікае пытаньне само існаваньне СНД".
А.Лукашэнка паспачуваў Мядзьведзеву, але не Саакашвілі
“Беларускі народ, як і ўсе расейцы, смуткуе па ахвярах трагедыі, суперажываючы гору людзей, якія страцілі сваіх сваякоў”, — гаворыцца ў звароце кіраўніка Беларусі на імя Дзьмітрыя Мядзьведзева.
А.Красуцкі: "Немагчыма адначасова знаходзіцца ў СНД і НАТО”
Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Анатоль Красуцкі пра магчымы выхад Грузіі з СНД і пра сытуацыю вакол Паўночнай Асэтыі:
С.Касьцян: Выхад з СНД будзе трагедыяй для грузінскага народу
"Мяркую, што гэтая трагедыя адаб’ецца на лёсе Саакашвілі, бо яго чакае Гаагскі трыбунал за тыя злачынствы, якія ён зрабіў супраць чалавечнасьці і чалавецтва."
Л.Качыньскі: "Наш сусед паказаў сваё аблічча"
Прэзыдэнты Грузіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі выступілі ўвечары 12 жніўня на мітынгу ў Тбілісі. Прапануем вашай увазе цытаты з выступаў.