У “Доме літаратара” Марыя Мартысевіч, Зьміцер Вішнёў, Ганна Кісьліцына

Эфір 3 траўня, субота

ЛІТПРАЦЭС

ЗЬМІЦЕР ВІШНЁЎ: “ВЫДАВЕЦТВА “ГАЛІЯФЫ” ВЫШЭЙ ЗА ПАЛІТЫЧНЫЯ ГУЛЬНІ”


29 красавіка ў Менску ў вялікай залі Дому літаратара прайшла шырокая прэзэнтацыя новага недзяржаўнага выдавецтва “Галіяфы”. Ягоныя стваральнікі – два маладыя паэты, былыя ўдзельнікі некалькіх нефармальных літаратурных суполак Міхась Башура і Зьміцер Вішнёў. З адным зь іх, які стаў дырэктарам новага выдавецтва, сустрэлася наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Прэзэнтацыя “Галіяфаў” зьдзівіла многіх і многім, таму давайце пагаворым толькі пра зьдзіўленьні. Пачнём з пэрсаналіяў. На пачатку 1990-х вы ўваходзілі ў літаратурна-мастацкі рух “Бум-Бам-Літ”, потым былі супрацоўнікам Дому літаратара, затым – супрацоўнікам недзяржаўнага выдавецтва “Логвінаў”, а цяпер вы самі сталі мэнэджэрам выдавецтва. Хіба вам надакучыла быць паэтам?”

Зьміцер Вішнёў. Фота Асі Паплаўскай
Зьміцер Вішнёў: “Справа ў тым, што калі мне было толькі васямнаццаць гадоў, я ўжо тады быў дырэктарам творчага руху, які быў афіцыйна зарэгістраваны. Гэта быў “Пяты кут”, і мы выдалі некалькі кніжак. У мяне была выдавецкая ліцэнзія з “Пагоняй” на пячатцы, яна ў мяне і цяпер захоўваецца. А з “Логвінавым” у нас было супрацоўніцтва праз мой кніжны праект, які быў заснаваны ў 2000 годзе яшчэ пры віленскім выдавецтве “Рунь”. Цяпер гэты праект перайшоў са мной у “Галіяфы”. Таму ў прынцыпе нічога не зьмянілася, я займаюся выдавецкай дзейнасьцю ўсё дарослае жыцьцё, іншая рэч, што цяпер я сам – легальны выдавец”.

Аксак: “Вы запрасілі да сябе галоўным рэдактарам акадэміка Ўладзімера Гніламёдава, які на прэзэнтацыі, між іншага, сказаў, што не прымае ў літаратуры гульнявога пачатку, а шануе толькі літаратуру сэнсаў. Аднак, мяркуючы па вашым выдавецкім пляне, якраз аўтары літаратуры гульняў у “Галіяфах” будуць пераважаць”.

Вішнёў: “Насамрэч, Уладзімер Васільевіч Гніламёдаў – неардынарная асоба ў вельмі добрым сэнсе, і ў выдавецтве пануе дэмакратыя. Мы абмяркоўваем кожную кнігу кожнага аўтара, мы імкнёмся, каб у нас выходзіла самае лепшае і самае цікавае з сучаснай літаратуры. Паказальнік таго, што гэта сапраўды так, – поўная заля Дому літаратара”.

Аксак: “Дарэчы, вялікая заля Дому літаратара, у якой сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, да якога вы зь Міхасём Башурам належыце, ужо даўно адмаўлялася. Як вам удалося атрымаць гэтую залю для прэзэнтацыі “Галіяфаў”?”

Вішнёў: “Варта патлумачыць, што мы вышэй за палітычныя гульні. Якраз наша выдавецтва мае на мэце займацца літаратурай незалежна ад таго, хто з аўтараў у які саюз уваходзіць. І таму я думаю, што быў і адпаведны падыход да нас кіраўніцтва Дому літаратара, што мы – выдавецтва, якое выдае самых розных аўтараў. І, натуральна, што адыграла сваю ролю тое, што ў нас галоўны рэдактар Уладзімер Гніламёдаў. Але, я думаю, што найперш мы за сябе адказваем сваёй прадукцыяй”.

Аксак: “Прэзэнтацыя выдавецтва адначасова суправаджалася прэзэнтацыяй ажно чатырох новых кніг, у сярэдзіне траўня вы абяцаеце прэзэнтаваць яшчэ тры, а ў вашых плянах на бліжэйшы час ажно сорак пазыцый. Як вам удаўся такі шырокі і хуткі старт?”

Вішнёў: “Таямніцы ніякай няма. Я ж казаў, што мая кніжная сэрыя існуе ўжо восем гадоў, і выдавецкае партфоліё склалася не за адзін дзень. Выдавецтва працуе некалькі месяцаў, але ліцэнзію мы атрымалі толькі месяц таму. Кнігі рыхтаваліся да друку, проста мы чакалі афіцыйнай рэгістрацыі выдавецтва”.

Аксак: “Што яшчэ са зьдзіўленьняў, дык гэта назва вашага выдавецтва. Чаму менавіта “Галіяфы”?”

Вішнёў: “Наша тлумачэньне, што галіяфы – гэта афрыканскія жукі. Я вельмі люблю ствараць у беларускай літаратуры псэўдаафрыканскія розныя матывы...”

Аксак: “Вас нават абазвалі “кракадзілазнаўцам”.

Вішнёў: “Што зробіш – ужо замацавалася за мной такая рэпутацыя. Але тым ня менш, мне здаецца, што назва вельмі сур’ёзная. І наш лягатып – такі вельмі прыгожанькі жук, бо наш дызайнэр Сяргей Ждановіч добра пастараўся і знайшоў малюнак сапраўднага галіяфа”.

Аксак: “У вашых бліжэйшых плянах – сорак пазыцый, мяркуючы па чым у Беларусі цяпер росквіт беларускай літаратуры. Ці можа вы сваіх аўтараў нечым завабліваеце, напрыклад, вялікімі ганарарамі?”

Вішнёў: “Вялікіх ганарараў мы ня плацім, больш за тое – у нас на сёньняшні дзень вялікія фінансавыя праблемы. А столькі заяўленых пазыцый – гэта наш стратэгічны плян. Мы мяркуем, што за бліжэйшыя месяцы станем на ногі, будзем выдаваць ня толькі сур’ёзную літаратуру, якая заяўлена, але будзем спэцыялізавацца і на камэрцыйных праектах. І я думаю, што дзякуючы ім, будуць выходзіць і не камэрцыйныя кнігі”.

Аксак: “А ці будзеце сябе выдаваць у сваім выдавецтве?”

Вішнёў: “Будзем, таму што мы людзі беспрынцыпныя, заўсёды былі скандальныя і ад гэтага адмаўляцца не зьбіраемся. Мы не зьбіраемся нічога зьмяняць у сваім жыцьці й не зьбіраемся ператварацца ў чыноўнікаў”.

АЎТАР І ТВОР

МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ: “НАРАДЗІ ПРЭЗЫДЭНТА – САБЕ І ЛЮДЗЯМ”


Выдавецтва “Логвінаў” у слыннай сэрыі “Галерэя Б”, якую каардынуе літаратар і філёзаф Ігар Бабкоў, выпусьціла ў сьвет першую кнігу паэткі Марыі Мартысевіч “Цмокі лятуць на нераст”. Зборнік склалі вершы й эсэ на актуальныя для беларускага грамадзтва тэмы. З аўтаркай сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Марыя, з маленства мы ведаем, што цмокі – шматгаловыя пачвары з вогненнымі пашчамі, з якімі змагаюцца асілкі з народу, бо цмокі прыносяць людзям шкоду. А ў вас цмокі – добрыя, яны прыносяць у сваіх лапах гасьцінцы. Як вам удалося гэтак пераарыентаваць цмокаў – з адмоўных зрабіць іх станоўчымі пэрсанажамі?”

Марыя Мартысевіч: “Па кніжках “Удовін сын” і “Пакаці-гарошак”, героі якіх акурат і змагаліся з цмокамі, я ў маленстве вучылася чытаць. Але цмокі ніколі не былі для мяне адназначным злом. Магчыма, тут яшчэ варта згадаць мэфістофэлеўскія штукі пра амбівалентнасць дабра і зла. Таму цмокі не былі для мяне адназначна адмоўнымі пэрсанажамі, а такімі сымпатычнымі пачваркамі. Як у адной ангельскай літаратурнай казцы “Забыты дзень нараджэньня”. Яна пра маленькага цмочка, пра якога ўсе забыліся, які згубіў свой дзень нараджэньня й быў вельмі сумны. Але потым ён яго знайшоў, і ўсё было добра.

Напраўду я думаю, што да напісаньня верша пра цмокаў, якія лятуць на нераст, спрычыніліся пазьнейшыя напластаваньні. Гэта найперш Ян Баршчэўскі са сваім фантастычным апавяданьнем пра тое, як Карп гадаваў цмока пад пахай. Гэта таксама Ева Вежнавец з апавяданьнем “Хутка вылупіцца цмок”. Насамрэч, верш “Цмокі лятуць на нераст” – пра эміграцыю”.

Скобла: “Вось я бяру ў рукі вашых “Цмокаў…” і чытаю ў эсэ “Бег, альбо Нацыя эмігрантаў”: “Беларусь – краіна, якой больш няма”, “Я прыдумала сваю Беларусь”, “Краіны, у якой я жыву, не існуе”… Пры такіх думках трохі дзіўна, чаму аўтарка эсэ не шукае для сябе краіны рэальнай. Як можна трымацца за міраж?”

Мартысевіч: “Згаданае вамі эсэ я напісала, калі мне было 20 гадоў. Гэта было шэсьць гадоў таму, і тады для мяне было важным прагаварыць сваю жыцьцёвую пазыцыю. Асноўная ідэя эсэ ня зьмянілася. Я й сёньня лічу Беларусь уяўнай, віртуальнай краінай. З разьвіцьцём інтэрнэту гэтае адчуваньне толькі ўзмацнілася. Кожны чалавек носіць сваё неба з сабою, як сказаў Уладзімер Караткевіч. У якой краіне я б ні апынулася, маё сьветаадчуваньне, мой настрой, мой дабрабыт будуць залежаць толькі ад мяне. І таму для мяне трымацца за віртуальную краіну абсалютна нармальна”.

Скобла: “Ведаеце, усё гэта можна назваць філязофскім мазахізмам, бацька якога, на маю думку, – Валянцін Акудовіч. Кажучы, што Беларусі няма, вы разьбіраеце рэйкі, па якіх самі й едзеце. Дык навошта гэта рабіць?”

Мартысевіч: “Вы слушна заўважылі наконт уплыву Валянціна Акудовіча. Менавіта ён быў ініцыятарам напісаньня гэтых эсэ, калі я займалася ў Беларускім калегіюме. Вучні калегіюму, асабліва аддзяленьня філязофіі й літаратуры, хто ў большай, хто ў меншай ступені лічаць сябе пасьлядоўнікамі Акудовіча. І я, як чалавек уражлівы, вядома ж, не магла ня трапіць пад ягоны ўплыў. Гэты “філязофскі мазахізм”, як вы сказалі, – даволі лягічнае выйсьце з сытуацыі, калі беларуская рэальнасьць не дае нам падставаў для вясёлкавых высноваў. Каб захаваць псыхіку ў спакоі, трэба прыдумаць сабе свой сьвет, як сьпяваў Лявон Вольскі (дарэчы, цытаваны ў згаданым эсэ). І спакойна ў ім жыць. Гэта псыхалягічнае выйсьце з той сытуацыі, якая склалася яшчэ ў пачатку 2000-ых гадоў”.

Скобла: “А яшчэ я мушу выступіць на абарону беларускіх мужчынаў, якіх вы называеце спрэс няўдачнікамі. Цытую: “Няўдачнік – унівэрсальная карма любога мужчыны, на якім стаіць акцыз Belarus. Не магу змаўчаць найперш з тае прычыны, што, гаворачы пра беларускіх няўдачнікаў, вы апэлюеце да імёнаў Ластоўскага, Аляхновіча, Гарэцкага, Тарашкевіча… Але ж забівалі іх якраз за ўдачы, за дасягненьні. І былі яны мэтаімкнёнымі ды настойлівымі, а ніяк ня “лузэрамі”, як вы называеце Ластоўскага. Прызнайцеся, што эсэ “Мужчыны, якіх мы выбіраем” пісалася для якой-небудзь гендэрнай канфэрэнцыі?”

Мартысевіч: “Не, усё было зусім ня так. Эсэ гэтае пісалася адразу пасьля Плошчы, калі я паехала да бабулі, і ведала пра падзеі ў Менску толькі з “эсэмэсак” сяброў. Прызнаюся, трохі правакацыйнасьці ў гэтым тэксьце ёсьць. Дарэчы, яго катэгарычна не ўспрымаюць усе мае сябры-творцы мужчынскага полу. Эсэ гэтае ўзялі да друку ў часопісе “Партызан”, наступны нумар якога будзе прысьвечаны менавіта беларускаму лузэрству. Дык вось, у рэдакцыі зь мяне літаральна вымаглі працяг артыкулу. Я яго доўга й пакутліва пісала, ён будзе называцца “Фэміністкі”. Там гаворыцца пра тое, што любая ўсходнеэўрапейская жанчына, якая жыве ў постсавецкім кантэксьце, яна па азначэньні ўжо фэміністка, таму што ёй даводзіцца пераадольваць інэрцыю паводзінаў, што былі нормай за савецкім часам.

Што да Ластоўскага й Тарашкевіча, то ў маёй кнізе ёсьць тэкст, дзе я, наадварот, называю Тарашкевіча сваім героем. Беларусь – гэта аўтсайдэрскі праект, але мы ў гэтым аўтсайдэрстве знаходзім станоўчыя рысы. Думаю, для тых, хто займаецца “філязофскім мазахізмам”, гэта лягічная выснова”.

Скобла: “Па вашых тэкстах адчуваецца, што вы выдатна ведаеце ўсясьветную літаратуру. На вашу думку, калі меркаваць па гамбурскім рахунку, які твор сучаснай беларускай літаратуры пасягае на вечнасьць?”

Мартысевіч: “Адразу хочацца думаць пра прозу, а не пра вершы, нягледзячы на тое, што беларусы – нацыя паэтаў. Першая кніжка, якая прыходзіць у галаву, – “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” Ігара Бабкова. На першы погляд, гэта фрагмэнтарны й неахайна напісаны тэкст, вяртаючыся да якога кожнага разу знаходзіш для сябе нешта новае. Але тут вы мяне зноў можаце зьвінаваціць за тое, што мяне вабіць фантомная Беларусь, якая фактычна й прадстаўленая ў “Адаме Клакоцкім…” Лічу, што гэтая кніжка так проста для нас ня пройдзе, і пра яе яшчэ загавораць праз пэўны час”.

МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

НАРАДЗІ ПРЭЗЫДЭНТА

Ты кажаш, голкай цэнзуры зашыты твой рот,
і ванітоўней, чым сёньня, ужо ня будзе.
А па мне, ўсё ў тваіх руках, пакладзеных на жывот:
нарадзі прэзыдэнта, якога хочаш, – сабе і людзям.

Ты кажаш, Народ і Мова заняпалі дашчэнту.
Дык за чым затрымка? Нарадзі прэзыдэнта.

Скажы сабе: “Як спадарыні Лінкальн і Кенэдзі”, –
і нарадзі.

І ён вырасьце й зможа ўсё зло на сьвеце змагчы:
Папа Рымскі будзе сядзець ля яго зьлева,
Голуб Міру будзе сядзець у яго на плячы,
а ля ног яго – Брытанская каралева, –

бо вы малайцом, мамаша, усё зрабілі, як трэба,
і цяпер усё будзе імем Айца і Сына,
І арол дэмакратыі будзе лунаць над тваёй краінай,
хоць, магчыма, там будзе банальнае мірнае неба.

І ты – прычына таго, што здохла нешта вялікае ў лесе –
прымаючы ў пасьляродавым журналістаў маленькімі групкамі,
адмовісься ад вілы ў Ніцы й на радасьць кансэрватыўнай прэсе
аддасі перавагу хутару недзе пад Крупкамі.

Ты пасадзіш ля хаты півоні, флоксы і мак.
Ён штурхаецца ножкай – гэта харошы знак.

Адчуваеш – ва ўлоньні віруе плацэнта?
Нарадзі прэзідэнта.

БЕЛАРУСКІ КАЛЯНДАР

Быў Віцька Люты
Мой першы пацан:
У каханьні мне кляўся,
Ў жонкі ўзяць абяцаў.
Але калі Віцька
патрапіў на суткі
Яму пайку насілі
нейкія сучкі.
Вось што скажу я табе,
Віцька Люты:
Выпі атруты!

*

Пісьменьнік Кастусь Травень
прыходзіць на чужыя
літаратурныя вечары
і прадае ў фае свае кнігі.
Іх асноўная думка ў тым,
што, нягледзячы на маразы,
трэба дажыць да адлігі.
А пасьля ён ідзе дамоў,
складае ў стосік асобнікі,
што яшчэ мае,
уключае таршэр і сядае чытаць
Карла Фрыдрыха Мая.

*

"Мяне завуць Чэрвень", –
напісана было
на яго майцы адпаведнага колеру:
сёлета яго выдавецтва паставіла на Памука.
А яго паставіла ля павільёну
ў рэклямных мэтах –
таксама Муку навука.
Ён стаяў і ўпіхваў улёткі наведнікам
са спрытам сапраўднага міма.
А яна шукала раманы Лесінг,
яна прайшла міма.

*

Бард Сьвятаслаў Ліпень
пасварыўся са Зьвязам зямлянаў Вэнэры:
ён цяпер там, як ён зьедліва калямбурыць,
"пэрсона нон гранта".
Ён часта прыносіць гітару
на старыя вэнэрычныя могілкі,
на магілкі першых прэзыдэнтаў Зямлі,
і сьпявае свой хіт
"Не размаўляй на мове
марсіянскага акупанта".
Яго сьпеў маркотны;
яго даўгія кудлатыя валасы
набягаюць на лысіну, нібы хвалі
(першая, другая, трэцяя)
тых, што таксама эмігравалі.

* * *

А яшчэ – нельга зьвезьці з сабой краіну (азёры, рэкі),
нельга выгадаваць пад пахаю, нібы цмока.
Так габрэі раздорвалі хатнія бібліятэкі,
каб у тых, хто застаўся, расплюшчылася трэцяе вока.

У гэтым цымус жыцьця пад сузор’ем сахі й касы –
ты ня пэўны ні ў чым і адно толькі ведаеш пэўна:
нельга зьвезьці з сабой краіну (палі, лясы)
кантрабандай памерам зь яйка чорнага пеўня.

І ты ведаеш: варта напружыць унутраны слых,
як патрэскваньнем шкарлупы запульсуюць скроні.
Цмокі хутка вылупяцца; хутка яны здрадзяць тых,
хто паіў малаком са спраглай кляйнотаў далоні.

І калі пацямнее неба ў тым, што на астралягічных мапах
фігуруе як дом, дзе ўзыходзіць зорка Вэнэра,
гэта значыць – нашыя цмокі лятуць на нераст,
несучы гасьцінцы ў пакрытых лускою лапах.

Ты чакаеш, ты паліш агні, ты начуеш на ходніку,
вызваляеш пад іх пасадку дзьве паласы кальцавой.
Будзь пільны; старайся роўна трымаць паходні,
калі прызямляецца твой.

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА. У ЦЕНЮ КАТАСТРОФЫ


Юры Станкевіч. Мільярд удараў. Апавяданьні, аповесьці, п’еса. Мн., Галіяфы, 2008

Новая кніга Юрыя Станкевіча “Мільярд удараў”, у якую ўвайшлі дзьве аповесьці, паўтара дзясятка апавяданьняў і п’еса “Гарпіі”, наўрад ці выкліча вялікі розгалас…

Адна з асаблівасьцяў беларускай культурнай прасторы – той, пра каго ты пішаш, непазьбежна атаясамліваецца з тваёй уласнай пэрсонай. Напісаў пра чальцоў прыўладнага пісьменьніцкага Саюзу? Ты – здраднік. Пра фэміністак – фэмініст. Пра вядомых – цябе купілі… Ніхто й ніколі не паверыць у тваю незаангажаванасьць, у адданасьць літаратуры, а не літаратарам.

Пісаць пра Юру Станкевіча – гэта як публічна прызнацца ў тым, што ты расіст. Пасьля кнігі “Любіць ноч – права пацукоў” ён быў літаральна утаўраваны гэтым словам, што, праўда, не адбілася на чытацкай цікаўнасьці. І гэта зразумела – які пісьменьнік ў наш гульліва-іранічны час здатны адкрыта прызнацца ў тым, што яго сапраўды хвалюе жаночая эмансыпацыя, гіпэртрафаваная цікавасьць мас-мэдыяў да рознага роду фрыкаў, страта нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў памеры цэлай эўрапейскай краіны?

Кожнае глыбокае пачуцьцё, не зьвязанае з асабістым жыцьцём, успрымаецца сёньня як парушэньне канвэнцыі. “Не пераймайся!” – гавораць табе, калі ты выходзіш за межы абмеркаваньня надвор’я альбо падаткаў… Таму Станкевіч для многіх – блазан, юродзівы, пра якіх ён так часта піша…

Зноў жа, яго маральныя імпэратывы неяк прынцыпова не супадаюць з тым, што мы, у прыватнасьці я, разумеем пад паняцьцем “эўрапейскія каштоўнасьці”… Аднак, з другога боку, дастаткова ўспомніць падзеі, якія папярэднічалі прыходу да ўлады Сарказі, каб зразумець: ня толькі гэтыя каштоўнасьці, але і сама рэчаіснасьць ужо ў найбліжэйшы час можа быць рашуча перакроена самімі эўрапейцамі. І тады, вельмі магчыма! – пісьменьнік Юры Станкевіч будзе аб’яўлены прарокам, беларускім Уэлсам ці Оруэлам, ці хаця б новым Стругацкім… Тым, хто першы апісаў гэты дзікі, невыносны стан быцьця – быцьця на парозе Катастрофы.

Менавіта Катастрофа, а ня сышчык Сьлядак – галоўны вобраз аповесьці “Эрыніі”.

Атмасфэра несвабоды і страху, якая ёй папярэднічала… Сама падзея -- ланцуговыя выбухі на атамных станцыях… Апакаліптычныя карціны яе наступстваў… Асноўны мэсыдж антыўтопіі прачытваецца лёгка, перш за ўсё таму, што мы пазнаем Беларусь, у кожнай дэталі, у кожным слове. Хаця, як па мне, дык сказы, накшталт “прастымуляваўшы эрэкцыю, ён эякуліраваў у прабірку”, ня маюць права на месца ў мастацкім тэксьце… Ужываньне, ці як па мне, злоўжываньне, навуковай лексыкай – адзін са складнікаў пазнавальнага стылю Станкевіча, аднак у аповесьці “Эрыніі” ён, здаецца, перабірае… Як і з сваім дэманстратыўным расізмам:

“Я – не расіст. Я зразумеў, што калі той ці іншы народ атлусьцее, пачне выраджацца, стане баязьлівы, дурны і непаваротлівы, пачне балбатаць пра дэмакратыю, то побач абавязкова зьявяцца драпежнікі – другі народ, асобы са здаровым генафондам, якія ў стане нармальна і паскорана размнажацца, -- і яны зьнішчаць дэгенератаў і садамітаў. Потым самі пачнуць выраджацца, а большасьць людзей, якія жывуць у любую эпоху, ніякага здаровага патомства ўжо праз пяць-дзесяць пакаленьняў не дадуць, бо будуць вырадкамі і загінуць. Хіба ня мелі мы ўсё гэта ў Эўропе?”

Давайце прызнаемся шчыра – я разумею, адкуль гэтыя развагі. Мы жывем з аўтарам у адным сьвеце, у адным сьвеце выхоўваем дзяцей, у адным сьвеце спадзяемся на ўнукаў. Больш, чым упэўнена – мы хочам для іх адной будучыні! Але якімі сродкамі яе дасягнуць?

Абмежаваньнем міграцыі, забаронай зьмешаных шлюбаў, лабатаміяй вычварэнцаў? Аднак праўда ў тым, што для большасьці “нармальнага” насельніцтва менавіта такія, як мы – беларускамоўныя, – і ёсьць вычварэнцы, менавіта нас, каб не нагляд і “адзёргваньне” гэтай самай дэмакратычнай Эўропы, даўно б лабатамавалі. І Станкевіч гэта цудоўна разумее, калі стварае вобраз старога Крэза, разумнага юрода, якому ўкладае ў вусны, як выглядае, сваю асабістую канцэпцыю сьветабудовы, якая гучыць так: “Наш Сусьвет – сымуляцыя, ён створаны штучна і ёсьць не чым іншым, як інфармацыяй”.

Гэтая думка выглядае ці то дзівацтвам, ці то адрыжкай фантастычнага кінематографу, якім так поўныя нашы блакітныя экраны… Аднак, падазраю, у ёй нейкім чынам захаваны і вэктар шляху да выратаваньня. “Бо калі наш сьвет – інфармацыя, то, зьмяніўшы інфармацыю, мы зьмяняем і яго?”, – задумваюся я і… І разумею, што пісьменьнік дасягнуў сваёй мэты: справакаваў мяне адарвацца ад побытавага, другаснага, часавага… Прымусіў усьвядоміць, што я – ня толькі жанчына, але і грамадзянін Сусьвету. Гэтак жа, як прымусіў у апавяданьні “Мільярд удараў” задумацца над сэнсам жыцьця.

Вось толькі адна праблема – задумацца Юры Станкевіч мяне прымушае, а ўласных адказаў не дае. Магчыма, і сам іх ня мае. Можа, таму кніга заканчваецца вершам Натальлі Арсеньневай: “Магутны Божа, уладар Сусьветаў”. Пакуль няма новых сродкаў выратаваньня, няхай працуюць хаця б старыя…