Журналісты патрабуюць вярнуць сканфіскаваныя рэчы

Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала паўторную скаргу ў Генэральную пракуратуру Беларусі дзеля абароны сябраў БАЖ, у якіх супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі тэхніку.

Вярнуць канфіскаваныя рэчы спрабуюць і самі журналісты недзяржаўных СМІ, у якіх два 27 і 28 сакавіка міліцыя і спэцслужбы правялі ператрусы. Падрабязнасьці – у паведамленьні нашага карэспандэнта.

Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік і ягоны калега з Бабруйску Андрэй Шобін чакаюць адказу на свае скаргі ў Генэральную пракуратуру. Журналісты вінавацяць супрацоўнікаў сілавых структур у незаконнай канфіскацыі.

“У мяне ёсьць пэўныя абавязкі перад пэўнымі сродкамі масавай інфармацыі — падаваць на пэўныя сайты, найперш нашы прафэсійныя, інфармацыю, якая мае грамадзкую значнасьць. Я веру ў тое, што генэральны пракурор, генэральная пракуратура здольныя разабрацца, і таму я чакаю ад іх выкананьня патрабаваньня, якое пазначана ў маёй скарзе, а менавіта — вярніце мне маю маёмасьць”, - гаворыць Генадзь Суднік.
Зараз мая дзейнасьць часткова заблякаваная. А журналістыка — мой хлеб

27 сакавіка ў журналіста зь Бабруйску Андрэя Шобіна супрацоўнікі КДБ забралі тры кампутары, мадэм ды калекцыю мастацкіх фільмаў:

“Тое, пра што казалі супрацоўнікі КДБ, і тое, што я прачытаў у санкцыі на ператрус гэты, ня мае да мяне ніякага дачыненьня. Людзей, пра якіх ішла гутарка, ня ведаю, ніколі пра іх ня чуў і да той справы, пра якую ідзе гаворка, я ня маю ніякага дачыненьня. Зараз мая дзейнасьць часткова заблякаваная. А журналістыка — мой хлеб”.

Паводле Беларускай асацыяцыя журналістаў, ператрусы й канфіскацыя кампутараў, электронных носьбітаў інфармацыі ды друкаванай прадукцыі адбыліся практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заяўляе, што падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ канфіскавалі маёмасьць у трыццаці журналістаў:

“Пакуль афіцыйнага адказу няма. Адзінае, што ёсьць, — гэта выказваньне прадстаўніцы міністэрства замежных спраў. Паводле яе, ператрусы адбыліся менавіта ў тых журналістаў, хто супрацоўнічае з замежнымі СМІ. Відавочна, што гэта так. Але такая заява пярэчыць інфармацыі пракуратуры Менску”.

Нагадаю, што пракуратура Менску заявіла: ператрусы праведзеныя ў рамках крымінальнай справы паводле артыкулу пра абразу прэзыдэнта. Справа была ўзбуджаная яшчэ ў 2005 годзе супраць удзельнікаў праекту “Трэці шлях” за распаўсюджваньне ў інтэрнэце сатырычных мультфільмаў.
Інфармацыі пра тое, што ёсьць такія скаргі, у нас няма


У генэральнай пракуратуры не ўдалося даведацца пра лёс канфіскаванай маёмасьці журналістаў. Што да скаргаў, то супрацоўнік управы інфармацыі генэральнай пракуратуры Ягор Лівай паведаміў наступнае:

“Інфармацыі пра тое, што ёсьць такія скаргі, у нас няма. Калі падавалі такія скаргі, то, значыць, заяўнікам будзе дасланы адказ у тэрміны адпаведна з законам”.


27 сакавіка паміж 8 і 9 гадзінамі ранку КДБ уварваўся на кватэры ўсіх журналістаў і аўтараў, якія працавалі ў Беларусі для тэлеканалу “Белсат”. У той самы час адбыліся ператрусы ў журналістаў радыё “Рацыя”, Эўрапейскага радыё для Беларусі ў Менску, Гомелі, Віцебску, Берасьці, Бабруйску, Бярозе, Горадні, Магілёве, Пінску. Усіх, хто прыходзіў у кватэры падчас ператрусу, затрымлівалі.

28 сакавіка журналісты ў рэгіёнах былі выкліканыя ў мясцовыя ўправы і аддзелы КДБ. На допытах супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці мелі журналісты стасункі з аўтарамі сатырычных мультфільмаў Андрэем Абозавым, Паўлам Марозавым і Алегам Мінічам. Праваабарончы цэнтар “Вясна” тады заявіў, што перасьлед журналістаў робіцца пад маркай крымінальнай справы, якая нібыта распачатая па факце зьнявагі прэзыдэнта.