Абураныя перасьледам журналісты зьвяртаюцца са скаргамі ў генэральную пракуратуру, патрабуюць вярнуць сканфіскаванае абсталяваньне.
Журналіст Анатоль Гатоўчыц сёньня зноў быў выкліканы ва ўправу КДБ па Гомельскай вобласьці. Для “Свабоды” ён паведаміў:
“Мяне выклікалі позвай да дазнаўцы Ардаб’ева як сьведку. Учора ў маёй кватэры адбыўся ператрус з мэтай адшукаць нейкія матэрыялы, які б мелі дачыненьне да крымінальнай справы, што завяла Менская гарадзкая пракуратура. У ёй фігуруюць асобы, якіх я ня ведаю. Ня ведаю, што цяпер і сказаць, бо ў мяне ўзялі падпіску пра неразгалошваньне размовы. Чамусьці журналістаў пачалі больш дапытваць пра іх прафэсійную дзейнасьць”.
Яшчэ раз нагадаем, каго з рэгіянальных журналістаў перасьледуе зараз КДБ. Гэта:
Андрэй Аляксандраў (Наваполацак)
Генадзь Суднік (Магілёў)
Алена Сьцяпанава (Віцебск)
Вадзім Баршчэўскі (Віцебск)
Натальля Чухно (Берасьце)
Андрэй Шобін (Бабруйск)
Віталь Васількоў (Магілёў)
Аляксандар Бучэк (Пінск)
Вадзім Аршанскі (Магілёў)
Эдуард Брокараў (Горкі)
Тамара Шчапёткіна (Берасьцейшчына)
Тамара Шчапёткіна сёньня склала скаргу на пракуратуру Менску:
“Як гэта можна? Калі справу ўзбудзіла пракуратура Менску, то чаму ў мяне як у сьведкі робяць ператрус і арыштоўваюць сыстэмны блёк? Чаму, калі я толькі сьведка? Сваю скаргу я накіроўваю генэральнаму пракурору і скарджуся на пракуратуру Менску, якая выдала пастанову на выманьне рэчаў”.
Змушаны бараніць сваю маёмасьць і баранавіцкі рэдактар Алесь Белы. Ён кажа, што пасьля ператрусу недалічыўся шмат якіх рэчаў:
“Забралі кампутар, забралі 31 кніжку. Жонка піша доктарскую дысэртацыю (вучыцца ў БДУ ў дактарантуры), друкуе навуковыя працы. Ёй патрэбен і інтэрнэт. Яны сказалі: “Пішыце заяву, то, можа, хутчэй аддадуць”. Але не абяцалі, што гэта адбудзецца хутка.
У Менску сёньня Беларуская асацыяцыя журналістаў мелася правесьці сустрэчу з рэгіянальнымі журналістамі. Аднак з-за перасьледу КДБ ня ўсе змаглі б удзельнічаць. Між тым, юрыст Уладзімер Лабковіч лічыць, што супрацьстаяць уцягваньню ў крымінальную справу трэба толькі супольна:
“Уся супольнасьць грамадзкая, тым больш журналісты, павінны быць салідарныя і дзейнічаць разам. І тыя, якія ўжо пацярпелі, і тыя, якія пакуль што не пацярпелі. На жаль, сёньня ніхто ня можа даць гарантыі, што заўтра ці вось у гэтыя хвіліны такі ж каток рэпрэсій і ператрусаў і канфіскацыі тэхнікі не напаткае іншых журналістаў, якія працуюць у Беларусі”.
Наша даведка: Артыкул 367 Крымінальнага кодэксу. Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Частка 1. Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта РБ, які ўтрымліваецца ў публічным выступе або ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ.
Караецца штрафам альбо папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, альбо абмежаваньнем волі на тэрмін да 4 гадоў, альбо пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.