Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, усяго ў той дзень супрацоўнікі спэцслужбаў наведаліся болей як на 14 адрасоў: большасьцю на прыватныя кватэры незалежных журналістаў ці ў офісы рэдакцыяў альбо грамадзкіх аб’яднаньняў. І паўсюдна пасьля ператрусаў забіралі часткі кампутараў ды іншыя носьбіты інфармацыі, як у пінскага журналіста Аляксандра Бучэка:
“У мяне забралі кампутар, мабільны тэлефон, кіпу асабістых дыскаў, флэш-карты памяці, відэакамэру, касэты да яе. Сказалі, што гэта ўсё накіруюць у Менск на экспэртызу. Патлумачылі, што шукаюць носьбіты інфармацыі, якія маюць дачыненьне да справы пра выраб мультыплікацыйных фільмаў, у якіх у гумарыстычнай форме распавядаюць пра тое, што адбываецца ў нашай краіне”.
27-га сакавіка ў Віцебску 4 супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ордэрам на ператрус у кватэру журналіста Вадзіма Баршчэўскага. Пасьля ператрусу гэтаксама вынесьлі з кватэры кампутар і іншыя прылады. Аднак у кватэры Баршчэўскага, ў асобным пакоі, знаходзіліся рэчы ягонай сваячкі, актывісткі АГП Вольгі Карач. У выніку маладая жанчына таксама не далічылася сваіх рэчаў. Учора былая дэпутатка гарсавету Вольга Карач накіравала старшыні КДБ Юрыю Жадобіну скаргу. Вось цытата з ліста :
“Мне незразумела, чаму маё пасьведчаньне дэпутата вашы супрацоўнікі ідэнтыфікавалі як “зброю злачынства” ў крымінальнай справе пра паклёп на прэзыдэнта праз мультфільмы? А чаму яны прыхапілі мой сканэр і ксэракс? Няўжо магчыма рабіць копіі мульцікаў з дапамогай ксэраксу?”—пытаецца актывістка Карач ў генэрала КДБ Жадобіна.
Атрымаць камэнтар ў КДБ адносна дзеяньняў супрацоўнікаў гэтага ведамства 27-га сакавіка не ўдалося – тэма не камэнтуецца. У пракуратуры Менску, дзе выдаваліся дазволы на масавыя ператрусы, адказваюць: “Усё робіцца паводле закону, ў межах крымінальнай справы. Пасьля праверкі, калі тэхніка не мае дачыненьня да справы, яе вярнуць. А пакуль яна не канфіскаваная”.
Але якая праверка патрэбна тэлефону, які адабралі ў магілёўскай кватэры арганізацыі “Кола сяброў”? Уладальнік тэлефону праваабаронца Ўладзімер Краўчанка заўважае, што гэтая тэхніка ня мае памяці і таму нічога па ёй высьветліць не ўдасца.
“Мяркую, камусьці захацелася ў свой кабінэт мой тэлефон паставіць і доўга ім карыстацца. Могуць і не аддаць зусім”.
Экспэрт Беларускай асацыяцыі журналістаў вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў адзначае: ў выніку ператрусу сьледчыя органы сапраўды маюць права часова забіраць рэчы, пра якія ёсьць падазрэньні, што яны маюць дачыненьне да злачынства. Але гаворка пра падазроных асобаў ці абвінавачаных.
“Дзіўна, што ператрусы праводзяцца ў сьведак. Інакш кажучы, гэта прававое бязьмежжа”.