У Горках ператрус прыватнай кватэры, якая выкарыстоўваецца як офіс рэдакцыі недзяржаўнай газэты “Ўзгорак”, праводзілі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
Паводле рэдактара “Ўзгорка” Эдуарда Брокарава, іх было трое: маёр Шэйнік, Грачоў ды Малашанка.
“Яны прад’явілі ордэр і правялі ў кватэры ператрус. Забралі некалькі дзясяткаў асобнікаў газэты “Ўзгорак”, газэты “Свабода”, карацей — яны зрабавалі частку нашай грамадзкай бібліятэкі. Сканфіскавалі таксама сыстэмны блёк кампутара. Сярод сканфіскаваных газэт ёсьць два асобнікі раённай газэты “Ленінскі шлях”, — зазначыў Эдуард Брокараў.
Паводле Брокарава, ператрус працягваўся паўтары гадзіны. Супрацоўнікі КДБ паведамілі, што ўсё канфіскаванае перададуць у Менск на экспэртызу, якая будзе доўжыцца тры месяцы. Потым будзе вырашана, што з забранымі рэчамі рабіць далей.
Тым часам у Асіповічах на прыватнай кватэры мясцовага грамадзкага актывіста Ігара Сімбірова таксама быў праведзены ператрус. Сімбірова дома не было, дзьверы супраціўнікам міністэрства надзвычайных сытуацыяў, камунальных службаў ды міліцыянту адчыніла маці. Паводле Сімбірова, ператрусам кіраваў малодшы лейтэнант Вераб’еў:
“Вераб’ёў адразу пачаў поўзаць па пакетах і пытацца, што там. Маці адказала, што там газэты. Вераб’еў сказаў, што гэта ўсё ён канфіскоўвае й складае пратакол. Калі я прыйшоў, іх ужо не было. Канфіскавалі яны пятнаццаць пазыцыяў газэт. Некаторыя зь іх былі састарэлыя. Самае каштоўнае, што яны канфіскавалі, — гэта апошні нумар газэты “Асіповіцкая панарама”. Недзе палова накладу ў мяне заставалася не распаўсюджаная”, — паведаміў “Свабодзе” Ігар Сімбіроў.
Учора ў Магілёве адбыліся ператрусы ў кватэрах журналістаў Генадзя Судніка, Вадзіма Аршынскага, а таксама ў прыватным грамадзкім цэнтры ў завулку Чкалава, 16.
Дзейнасьць грамадзкага цэнтру на пэўны час спаралізаваная:
“Сканфіскаваная тэхніка, спаралізаваная такая функцыя, як праца з інфармацыяй. Адсутнічае доступ у інтэрнэт. Вядома, будзем шукаць якуюсьці магчымасьць, каб выйсьці з такога становішча й мець доступ да камунікацыяў. Вядома, што разьлік быў на запалохваньне людзей. Каб людзі адчулі сваё прыніжэньне”, — зазначыў адзін з уладальнікаў цэнтру Віталь Васількоў.
Журналіст Генадзь Суднік лічыць, што ператрусы ў Магілёве былі спробай запалохаць перадусім выдаўцоў недзяржаўнай прэсы:
“Пакуль праблемы недзяржаўнай прэсы будуць тычыцца толькі журналістаў, гэта будзе працягвацца ў грамадзтве, і ня ведаю, да чаго гэта ўсё дойдзе. Гэта павінна быць праблемай грамадзтва, якое мае пакутаваць ад таго, што яно ня ведае сапраўдных фактаў жыцьця. А ведае толькі тую падтасоўку, якую яму даюць афіцыйныя дзяржаўныя мэдыі”.