Гэты ліст рэдакцыя атрымала ад беларускіх студэнтаў зь Вены і друкуе яго зь нязначнымі скарачэньнямі.
“27-29 сакавіка ў Вене пройдзе канфэрэнцыя “Беларусь у Эўропе: Эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялёг”. У канфэрэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі аўстрыйскага ўраду і кампаніяў, а таксама цэлы шэраг выступоўцаў з Беларусі.
Сярод запрошаных таксама рэктар БДЭУ – Уладзімер Шымаў, які некалі займаў пасаду міністра эканомікі РБ. На пасадзе рэктара ён больш праславіўся імкненьнем як мага болей выслужыцца перад кіраўніцтвам краіны за кошт грамадзка-актыўных студэнтаў. Самым гучным выпадкам стала адлічэньне студэнткі-выдатніцы Тацяны Хомы ў лістападзе 2005-га года па прычыне “выезду за мяжу без дазволу рэктара” на зьезд Эўрапейскай студэнцкай арганізацыі, дзе яна была абраная ў выканаўчы камітэт гэтай арганізацыі.
Адлічэньне Тацяны было сыгналам для ўсіх беларускіх студэнтаў напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2006-га года. Гэта быў паказальны прыклад – за грамадзкую і палітычную дзейнасьць будуць адлічаць, добрыя адзнакі і адказнае навучаньне ня стануць гэтаму перашкодай. Каб запужаць студэнтаў, Шымаў ня грэбаваў дапамогай КДБ. Супрацоўнікі выклікалі на размовы студэнтаў, якія вучыліся альбо жылі разам з Тацянай у інтэрнаце, а таксама іншых грамадзка-актыўных студэнтаў.
Празь некалькі месяцаў, калі адбыліся прэзыдэнцкія выбары 2006 года і сакавіцкія хваляваньні з акцыямі пратэсту і сотні студэнтаў былі затрыманыя і асуджаныя на суткі, яны былі перад пагрозай адлічэньня. У дачыненьні іх рэктар Шымаў, як і іншыя рэктары беларускіх унівэрсытэтаў, выкарыстаў ганебную практыку з савецкага мінулага. Студэнтаў прымушалі прылюдна пакаяцца за тое, што яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, прызнаць памылковасьць сваіх дзеяньняў, фактычна пайсьці на змову з уласным сумленьнем. За гэта ім абяцалі не выключаць іх з унівэрсытэтаў.
У 2006-м праваабарончы цэнтар “Вясна” зьвяртаўся да міжнародных арганізацыяў і замежных урадаў, каб тыя ўнесьлі прозьвішча рэктара ў сьпіс прыслужнікаў рэжыму, якім мусіць быць забаронены ўезд у некаторыя краіны сьвету. Падобныя меры прымаюцца адносна беларускіх чыноўнікаў, якія парушаюць правы чалавека, і судзьдзяў, якія незаконна кідаюць людзей у турмы.
Прычына таму – гэты чалавек праз свае дзеяньні зрабіў вельмі шмат для разбурэньня студэнцкага руху на Беларусі і запалохваньня студэнтаў адносна любой грамадзкай дзейнасьці. Да таго ж ён зрабіў гэта асабліва цынічна і жорстка, адчуваючы сваю безадказнасьць пад прыкрыцьцём цяперашняй улады ў Беларусі. І таму замежныя ўрады могуць хоць нейкім чынам прыцягнуць яго да адказнасьці праз абмежаваньне ягонай магчымасьці вандраваць і траціць на гэта грошы беларускіх студэнтаў (у БДЭУ колькасьць студэнтаў-платнікаў больш за 60%).
У гэтую пятніцу рэктар Шымаў прыедзе ў Вену, каб паўдзельнічаць у канфэрэнцыі па эканоміцы Беларусі. Якраз у Вене зараз жыве і выключаная ім Тацяна, якая нягледзячы на некалькі судоў не была адноўленая ў БДЭУ і атрымала прапанову працягнуць адукацыю ў Венскім унівэрсытэце пры падтрымцы прыватнай аўстрыйскай кампаніі. Удзельнічаючы ў канфэрэнцыі ў Вене, рэктар Шымаў атрымае магчымасьць наведаць адну з прыгажэйшых сталіцаў Эўропы, будзе жыць у добрым гатэлі, магчыма, атрымае ганарар за свой выступ ці яго зводзяць у опэру, ён можа наведаць свайго сына і ўнукаў, што жывуць у суседняй Празе. Любы чалавек мае права на гэтыя прыемныя рэчы.
Але гэтак жа і адлічаныя ці запужаныя ім студэнты маюць свае правы, якія рэктар Шымаў зьняважыў.”
Праграма канфэрэнцыі.
Рэгістрацыя і сайт арганізатараў.
Ад рэдакцыі: Радыё Свабода плянуе асьвятляць канфэрэнцыю ў Вене.