Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць студэнты БДЭУ пра выключэньне Т.Хомы?


Альгерд Невяроўскі, Менск Многія студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту абураныя выключэньнем Тацяны Хомы. Яны лічаць гэты крок рэктарату несправядлівым. Рэктар унівэрсытэту Ўладзімер Шымаў даў адказ старшыні Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў Георгу Ўінклеру, у якім выказвае зьдзіўленьне занепакоенасьцю лёсам толькі студэнткі Хомы. Цягам гэтага акадэмічнага году з унівэрсытэту быў выключаны 51 студэнт. Кіраўніца Эўрапейскага зьвязу студэнцкіх асацыяцыяў Ваня Івошавіч шакаваная такой колькасьцю пакараных студэнтаў.

Сёньня я вырашыў пацікавіцца, што думаюць студэнты эканамічнага ўнівэрсытэту пра справу выключэньня Тацяны Хомы, і вось якія атрымаў адказы:

(Студэнт: ) “Я супраць гэтага. Бо свабода слова павінна быць ва ўсім сьвеце. Калі выключаюць за такое, гэта кажа пра тое, што нашая краіна дэградуе ў пляне правоў чалавека. І яе трэба за гэта караць”.

(Студэнт: ) “Стаўлюся адмоўна. Калі падставы яе пакінуць пераважаюць, трэба разьбірацца. Я пажадаю ёй аднаўленьня”.

(Студэнт: ) “Я лічу, што гэта несправядліва. Гэта не заслугоўвае ўхвалы”.

(Студэнтка: ) “Гэта несправядліва. Я цалкам падтрымліваю гэтую дзяўчыну. Яе няправільна адлічылі. Ёсьць іншыя прычыны, па якіх можна выключыць чалавека. А гэта няправільна”.

(Студэнт: ) “Мне проста агідна гэта ўсё. Гэтая студэнтка вучылася на маім факультэце, і я лічу, што гэтак рабіць нельга. Я лічу, што ў нашай краіне павінна быць свабода слова, і хто, як ня мы, беларусы, павінны адказаць на пытаньні, што ў нас робіцца”.

Рэктар Уладзімер Шымаў даў адказ старшыні Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў Георгу Ўінклеру, зь якой днямі быў выключаны Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Спадар Шымаў вельмі зьдзіўлены такой увагай да факту выключэньня студэнткі Хомы. Ён паведамляе, што цягам гэтага акадэмічнага году з унівэрсытэту было выключана 50 студэнтаў. Тацяна Хома стала 51-й. Але Эўрапейскую асацыяцыю ўнівэрсытэтаў чамусьці занепакоіла выключэньне менавіта Тацяны, піша рэктар Шымаў. Уладзімер Шымаў сьцьвярджае, што Тацяна была выключаная не за ўдзел у зьезьдзе эўрапейскай студэнцкай арганізацыі, а за самавольны выезд за мяжу падчас навучальнага працэсу.

Уладзімер Шымаў запэўнівае спадара Ўінклера, што таксама зьяўляецца прыхільнікам абароны правоў студэнтаў, у тым ліку і на вольнае перамяшчэньне, але толькі ў час вакацыяў ці выходных. Уладзімер Шымаў таксама сьцьвярджае, што Эўрапейскі зьвяз студэнцкіх асацыяцыяў і Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў нічога ня робяць, каб дапамагчы беларускім студэнтам у справе атрыманьня візаў у краіны Эўразьвязу ў часе вакацыяў.

Рэктар паведамляе, што прапанаваў Тацяне Хоме вярнуцца да пытаньня аднаўленьня ва ўнівэрсытэце ў жніўні 2006 году.

Старшыня Эўрапейскага зьвязу студэнцкіх асацыяцыяў Ваня Івошавіч была шакаваная інфармацыяй пра тое, што цягам акадэмічнага году зь Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту было выключана 50 студэнтаў. Абурэньне Ўладзімера Шымава выключэньнем БДЭУ з Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў гучыць вельмі іранічна, сказала Ваня Івошавіч. Яна таксама зазначыла, што эўрапейскі студэнцкі зьвяз робіць усё магчымае, каб спрасьціць выезд беларускіх, сэрбскіх і альбанскіх студэнтаў ў Эўропу.

А вось што сказала ў справе магчымага аднаўленьня ва ўнівэрсытэце сама Тацяна Хома:

(Хома: ) “Я магу падаць заяву на аднаўленьне ўлетку, але я здолею аднавіцца толькі на платную форму навучаньня. Мой факультэт самы дарагі. Навучаньне каштуе каля 1200 даляраў на год. Я таму і паступала на бясплатную форму, бо ў маіх бацькоў няма такіх грошай плаціць за адукацыю. Я маю поўнае права вучыцца на бясплатнай форме”.

Тацяна Хома будзе бараніць свае правы праз суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG