Штогод у сьвеце ад сухотаў памірае 3 мільёны чалавек. Лічыцца, што адна траціна насельніцтва Зямлі інфікаваная палачкай Коха.
У Беларусі штогод выяўляецца больш за 5 тысяч новых захворваньняў на сухоты. Паводле інфармацыі дырэктара Навукова-дасьледчага інстытуту пульманалёгіі і фтызіятрыі Генадзя Гурэвіча, летась было выяўлена 5142 чалавекі (55 новых хворых на 100 тысяч насельніцтва), 30 зь іх — дзеці. Усяго на ўліку стаіць больш за 13 тысяч хворых на сухоты.
Мэдыкі адзначаюць, што сытуацыя ў краіне пакрысе стабілізуецца — у цэлым захворвальнасьць за апошні год зьнізілася на 2,7%, у тым ліку сярод дзяцей больш чым на 35%. Зьніжаецца і сьмяротнасьць ад сухотаў. Калі ў 2005 годзе яна склала 12,1 выпадка на 100 тысяч насельніцтва, то летась — 9,7. У 2006 годзе ў Беларусі ад гэтай інфэкцыі памерла 945 чалавек.
У Беларусі прынятая Дзяржаўная праграма па барацьбе з сухотамі на 2005 — 2009 гады. У 2007 годзе Глябальны фонд дзеля барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй прызначыла Беларусі грант на гэтыя мэты. Распавядае супрацоўніца праекту "Падтрымка праграмы "Сухоты" ў Беларусі Ірына Каранчук:
“Беларусі выдзелены буйны грант для барацьбы з сухотамі на суму 14,2 мільёна даляраў ЗША. Гэта грант Глябальнага фонду ААН дзеля барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй. Асноўныя атрымальнікі гранту — Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Дэпартамэнт па выкананьні пакараньняў МУС і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”.
"Сухоты сталі вельмі небясьпечнымі, нават больш небясьпечнымі, чым рак лёгкіх"
Беларусі выдзелены буйны грант для барацьбы з сухотамі на суму 14,2 мільёна даляраў ЗША
Лекары сьцьвярджаюць, што сухоты сталі вельмі небясьпечнымі, нават больш небясьпечнымі, чым рак лёгкіх. Таму што за апошнія 40 гадоў супраць гэтай хваробы ня вынайшлі ніводнага новага прэпарату. А да вядомых прэпаратаў у мікробаў разьвілася ўстойлівасьць. Зьявіліся нават устойлівыя да лекаў штамы, якімі заражаюцца людзі. Таму цяпер сухоты лечаць хірургічным шляхам.