Цяпер затрымліваюць і сабак
Журналістаў і актывістаў, якія сядзелі на ганку суду ў Бабруйску ў чаканьні прысудаў Галіне Сьмірновай, забралі ў пракуратуру «для правядзеньня размовы». У ліку затрыманых журналіст «Бабруйскага кур’еру» Віктар Качан, яго забралі разам з сабакам.
Сёньня будуць судзіць Максіма Філіповіча за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Берасьці. Максім Філіповіч адбывае 14-сутачны арышт за ўдзел акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 у Пінску. Блогер трымае галадоўку за кратамі 10-ы дзень.
У Горадні «недармаедаў» караюць штрафамі і «суткамі»
Пакараньні ў Ленінскім судзе Горадні прысуджаныя такія: юеспрацоўны Віталь Дзюк — 15 базавых (345 рублёў), сацыяльная працаўніца Валянціна Навумава і вайсковы пэнсіянэр Ёсіф Карчэўскі — столькі ж (Навумавай 13 базавых за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемстве і 2 базавых за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі), пэнсіянэр з прафсаюзу РЭП Васіль Корабаў — 7 базавых велічынь (161 рубель).
Але праваабаронца Эдвард Дмухоўскі атрымаў ня штраф, а адміністрацыйны арышт на 15 сутак.
Затрыманы абаронца Курапатаў Раман Васільеў
Жонка затрыманага Кася Васільева паведамляе, што яго з дому забіраюць «людзі ў цывільным», прад’явілі ордэр на ператрус. Паводле яе, яго абвінавачваюць у «навучаньне ці падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках». Яна мяркуе, што хоць Раман ня быў у «Белым легіёне“, гэта зьвязана з заявамі Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў», а таксама з затрыманьнямі Дашкевіча і Пальчэўскага.
«Цяпер ня ведаю, што адбываецца, бо я з малой дачкой ня дома, буду толькі позна вечарам, а дома ператрус, напэўна, яшчэ ня скончыўся, — кажа Васільева. — Улічваючы апошнія падзеі, я яшчэ хвалююся за сабаку і котку».
Таісію Кабанчук забралі міліцыянты – «на размову»
У Бабруйску каардынатарку філіі БХД Таісію Кабанкову затрымала міліцыя. Фармальна яе забралі «на размову», абвінавачаньняў не прад’яўлялі.
Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка паведаміў пра затрыманьне больш як 3 гадзіны таму, дагэтуль не адказвае на тэлефон. Паводле журналісткі «Белсату» Любові Лунёвай, Шумчанку павезьлі ў суд Маскоўскага раёну.
Ня больш як на 3 гадзіны могуць затрымліваць, калі супраць чалавека вядзецца адміністрацыйны працэс, але не прызначанае пакараньне турмой. Сам Шумчанка пісаў на Facebook: «Садзяць!»
Вячаслава Сіўчыка затрымалі на пахаваньні ягонага дзядзькі
Лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык затрыманы падчас жалобнай цырымоніі на пахаваньні свайго дзядзькі: «Невядомыя людзі ў чорнай вопратцы схапілі Вячаслава, запіхнулі яго ў аўтамабіль і вывезьлі ў невядомым кірунку», — кажа сябра руху «Разам» Алена Талстая. Сіўчыку раней прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за мітынг у Курапатах.
Затрмалі і зьбілі Алеся Лагвінца, затрымлівалі таксама яго сына
Алеся Лагвінца затрымалі з 22-гадовым сынам Антосем, калі тыя выходзілі з кватэры на вуліцы Касманаўтаў.
Лагвінца старэйшага скруцілі, разьбілі яму твар. Яго сына Антося спачатку закавалі ў кайданкі, але пасьля праверкі торбы і тэлефона адпусьцілі, сказаўшы, што «ёсьць загад браць толькі Алеся Лагвінца».
Дзе цяпер знаходзіцца Алесь Лагвінец і ў чым ён абвінавачаны, невядома.
«Хапаюць усіх, у каго ёсьць мінімальныя лідэрскія якасьці», — Пальчыс пра затрыманьні
«Фактычна ўлады робяць тое самае, што рабілі ў 2010-2011 гадах. І яны ня ўлічваюць, што пасьля такіх хапуноў краіна звычайна ўпадае ў вельмі глыбокія дэпрэсіі — эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя».
У судзе ў Горадні перапынак. Судзяць у тым ліку шэраговых «недармаедаў»
У Леніскім судзе Горадні на ўсіх пяці працэсах абʼяўлены перапынак. Двое падсудных не зьявіліся ў суд. Прысуды маюць абвясьціць а 14.10.
Сярод падсудных ня толькі грамадзкія актывісты, а і звычайныя людзі. Віталь Дзюк нядаўна скончыў будаўнічае вучылішча і з мінулага году ня можа знайсьці працы. Валянцінава Навумава, сацыяльны работнік, даглядае нямоглых людзей. Яе судзяць па двух артыкулах – за удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Васіль Корабаў — пэнсяінэр, сябра прафсаюзу РЭП. Валеры Курчэўскі — вайсковы пэнсіянэр, падчас мітынгк 15 сакавіка ён абвясьціў хвіліну маўчаньня па загінуўшых у Скідзелі работніцах цукровага камбіната.
Антон Войцехаў, сябра БХД, у суд не зьявіўся па невядомых прычынах, ягоны тэлефон не адказвае. Мікалай Салянік знаходзіцца ў шпіталі, але яго прозьвішча пазначана ў раскладзе судовых працэсаў. Прысуд яму вынясуць відавочна завочна.
Праваабаронца Эдвард Дмухоўскі, заявіў пасьля працэсу, што чакае арышту.
Сіўчыку — 15 сутак завочна. Суды над Статкевічам і Някляевым перанесеныя
Суд над Міколам Статкевічам аднавіўся ў судзе Ленінскага раёну Менску, але самога палітыка на ім зноў не было — таму суд перанесьлі, не паведаміўшы, калі будзе наступнае паседжаньне. Тое ж адбылося на судзе над Уладзімерам Някляевым. Але іншы лідэр апазыцыі Вячаслаў Сіўчык быў завочна асуджаны за першы менскі «Марш абураных беларусаў» на 15 сутак арышту.
Суды ў Горадні: «Думала, што гэта бандыты, а яна сказалі, што я ў вышуку»
У Горадні за ўдзел у «Маршы недармаедаў» судзяць сем чалавек: на лавах падсудных Эдвард Дмухоўскі, Віталь Дзюк, Валянціна Навумава, Антон Войцехаў, Васіль Воранаў, Валер Крэўскі і Мікалай Салянік. Дзюк і Навумава адмовіліся ад адвакатаў, бо «няма чым плаціць за іх працу».
Сьведкам выступае Сяргей Чэрэцкі, камандзір АМАП. Ён заяўляе, што Навумава «адмовілася паказваць дакумэнты, махала рукамі і адбівалася транспарантамі».
«Людзі пачалі хапаць нашага супрацоўніка за рукі і адцягваць яго ад Навумавай, — тлумачыць сьведка-міліцыянт. — Навумава справакавала сытуацыю і маладыя людзі падбеглі і пачалі раскачваць нашу машыну».
Навумава ў судзе заявіла, што «ў краіне пастаянна парушаецца Канстытуцыя яе гарантам»:
«Я прыйшла ў дзень Канстытуцыі, каб выказаць пратэст гэтаму. З намі на мітынгу прысутнічала намесьніца старшыні гарвыканкаму — чаму яе ня судзяць? — спытала яна. — Дэкрэт №3 робіць нас рабамі. Як нам законна адстаяць свае правы, калі чалавеку ў нашай краіне ўсё незаконна? На мяне накінуліся людзі ў цывільным, хапалі мяне, але людзі мяне адбілі. Я думала, што гэта бандыты, а яна сказалі, што я ў вышуку».
Затрыманы лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка
Паводле яго словаў, ён у Маскоўскім РАУС Менска. Піша, «садзяць». Шумчанка не адказвае на тэлефанаваньні, у РАУС Свабодзе не пацьвердзілі і не абверглі затрыманьне. У чым абвінавачаны Шумчанка, невядома.
У Горадні чарговыя суды за марш недармаедаў
Эдварда Дмухоўскага, Віталя Дзюка, Васіля Корабава, Валянціну Навумаву вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суд прызначаны на чацьвер, 23 сакавіка а 10-й гадзіне.
Беспрэцэдэнтная за апошнія сем гадоў кампанія рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў, палітыкаў і менш вядомых людзей трывае ў Беларусі другі тыдзень. Да судоў за «маршы недармаедаў» дадаліся затрыманьні нібыта ўдзельнікаў «лягераў баевікоў». У сьпісе затрыманых і асуджаных з пачатку сакавіка больш за 270 чалавек, Дзень Волі ў турме сустрэнуць больш за 100 чалавек.
У эфіры Свабоды падзеі апошніх дзён абмяркоўвалі палітык Мікола Статкевіч і журналіст Віталь Цыганкоў.