Грамадзкае аб’яднаньне «Прававая ініцыятыва» праводзіць маніторынг службы ў войску. Зь яго дапамогай ініцыятары зьбіраюцца выявіць факты вымаганьня, псыхалягічнага і фізычнага гвалту.
А таксама скласьці інтэрактыўную карту парушэньняў у вайсковых частках.
Усім, хто служыў у войску, прапануецца запоўніць адмысловую анкету. Старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава сказала карэспандэнту Свабоды, што за 6 дзён маніторынгу атрымана 36 анкет.
«Трагічны выпадак у Печах з Аляксандрам Коржычам паказаў, што ў Беларусі няма профільных няўрадавых арганізацый, якія займаюцца праблемамі салдат тэрміновай службы, якія служаць у войску. Вядома, і наша арганізацыя ня профільная, аднак сытуацыя патрабуе хуткага рэагаваньня. Паколькі інфармацыя дастаткова закрытая, то, параіўшыся, мы вырашылі для пачатку заняцца маніторынгам, дзеля чаго распрацавалі гугл-форму анкеты», — сказала Вікторыя Фёдарава.
Праваабаронцы спадзяюцца, што з дапамогай маніторынгу змогуць глыбей вывучыць сытуацыю са службай у беларускім войску.
Мы спадзяёмся, што людзі перастануць баяцца і ўсё ж такі пачнуць пісаць пра свае выпадкі нестатутных адносін
«36 анкет — гэта няшмат, але ўжо нешта. Мы спадзяёмся, што людзі перастануць баяцца і ўсё ж такі пачнуць пісаць пра свае выпадкі нестатутных адносін. Мы маем вопыт маніторынгу, паколькі ў мінулым годзе пасьпяхова скончылі маніторынг ізалятараў часовага ўтрыманьня па 4 абласьцях Беларусі і Менску», — кажа Вікторыя Фёдарава.
Ініцыятары пакуль ня вырашылі, як доўга весьці маніторынг — «усё будзе залежаць ад жаданьня людзей запаўняць анкеты».
«Па завяршэньні маніторынгу мы будзем працаваць зь дзяржорганамі, патрабуючы паляпшэньня сытуацыі ў войску. Як адну з магчымых мэтаў мы бачым пачатак кампаніі за кантрактную службу ў войску, але ўсё будзе залежаць ад вынікаў маніторынгу і актыўнасьці грамадзян», — кажа Вікторыя Фёдарава.
«Прававая ініцыятыва» запэўніла, што асабістыя дадзеныя апытаных публікавацца ня будуць.
Тым часам Праваабарончы цэнтар «Вясна» склаў рэкамэндацыі сваякам салдатаў пра тое, як змагацца зь дзедаўшчынай.