Беларуская партыя «Зялёныя» супольна з таварыствам «Экадом» апублікавала зварот наконт традыцыйнай акцыі 26 красавіка: партыя прапанавала перагледзець зьмест Чарнобыльскага шляху.
«Са шкадаваньнем мы назіраем зьмяншэньне цікавасьці з боку грамадзкасьці да ўдзелу ў Чарнобыльскім шляху, — пішуць „Зялёныя“ ў звароце. — Ён у апошняе дзесяцігодзьдзе страціў свой першапачатковы сэнс і ператварыўся ў рытуальную апазыцыйную акцыю з размытым пасылам і незразумелымі мэтамі. Людзі ня бачаць альтэрнатывы, нейкіх зьмененых фарматаў, экалягічных і сацыяльных пасылаў акцыі».
Партыя лічыць неабходным «вярнуць экалягічны і антыатамны зьмест» у акцыю, прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сацыяльных праблемаў.
Паводле «Зялёных», варта нагадаць, што «Чарнобыль не застаўся ў мінулым» і што наступствы трагедыі «вымагаюць неадкладных захадаў»; што будаўніцтва БелАЭС павінна быць спынена; што Беларусь мае пачаць пераход да аднаўляльнай энэргетыкі.
Гэтыя пытаньні звычайна ўздымаюць розныя сацыяльныя групы, пішуць «Зялёныя»: і яны самі, і эколягі, і анархісты. Але для зьменаў экалягічных і сацыяльных пытаньняў патрэбны ўдзел шырокага кола людзей, а значыць, і новыя спосабы данясеньня ідэяў.
Заяўку на правядзеньне сёлетняга Чарнобыльскага шляху падалі ў Менскі гарвыканкам 2 красавіка. Арганізатары заплянавалі шэсьце ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы, што ў парку Дружбы народаў. Арганізатары расказалі, што акцыя 26 красавіка стане пачаткам маштабнай кампаніі «Астравецкі шлях».
За Чарнобыльскім шляхам будзе Астравецкі
У блогах Свабоды арганізатараў крытыкавалі за тое, што яны акцэнтуюць увагу выключна на экалягічных праблемах, без палітычных. Але таксама крытыкавалі за адсутнасьць выразнага пасылу.
Адзін з арганізатараў «Сьвята Незалежнасьці» Эдуард Пальчыс пісаў, што ня будзе займацца арганізацыяй Чарнобыльскага шляху, бо стаміўся, але мяркуе, што акцыя павінна быць «больш палітызаванай і сацыяльнай» у параўнаньні з Днём Волі, што на ёй павінна згадвацца будаўніцтва і Астравецкай АЭС, і іншых «няядзерных», але небясьпечных прадпрыемстваў, і анкалягічныя захворваньні. Таксама ён прапаноўваў зладзіць увечары 26 красавіка дабрачынны канцэрт-рэквіем, грошы зь якога накіраваць на лекаваньне хворых на анкалёгію дзяцей.