Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі расказаў на Facebook аб тым, што арганізатары сёлетняга Чарнобыльскага шляху асабіста запрасілі на заплянаваную акцыю міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыка.
Паводле Віталя Рымашэўскага, міністар Андрэй Худык «дэкляраваў адкрытасьць і гатоўнасьць працаваць над вырашэньнем праблемаў».
Заяўку на Чарнобыльскі шлях падалі у Менскі гарвыканкам 2 красавіка. Фармат плянаванай акцыі традыцыйны: мітынг і шэсьце ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы за Паркам дружбы народаў.
У 2017 годзе арганізатары прасілі зьмяніць маршрут (прапаноўваўся варыянт шэсьця ад Опэрнага тэатру да плошчы Бангалор), але ўлады дазволілі «традыцыйны» варыянт. Раней таксама ўладамі не прымаліся варыянты шэсьцяў ад плошчы Якуба Коласа і Кастрычніцкай плошчы. У 2011 годзе ўлады забаранілі шэсьце і дазволілі толькі мітынг у Парку дружбы народаў — арганізатары пагадзіліся.
Ад 2008 году да тэмы памяці Чарнобыльскай аварыі дадалася тэма небясьпекі будаўніцтва БелАЭС.
Самым масавым быў Чарнобыльскі шлях 1996 году (да 50 тысяч чалавек), які несанкцыянавана прайшоў па праспэкце Скарыны (цяпер Незалежнасьці). У сутыкненьнях зь міліцыяй пацярпелі каля 100 чалавек. Пасьля гэтага ўлады не дазвалялі ніякіх іншых варыянтаў, акрамя шэсьця ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў. Да 2006 году ўключна несанкцыянаваныя акцыі праходзілі ў іншых месцах.
На нядаўні Дзень Волі — 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — у Менску падавалі і заяўку на мітынг-канцэрт, і некалькі заявак на шэсьці. Ніводную заяўку на шэсьце гарадзкія ўлады не ўхвалілі, але мітынг-канцэрт дазволілі. Тых, хто быў у раёне плошчы Якуба Коласа ў час анансаванага пачатку несанкцыянаванага шэсьця, затрымлівала міліцыя, былі таксама прэвэнтыўныя затрыманьні. Вялікія мітынгі-канцэрты 25 сакавіка дазволілі ў Берасьці, Горадні і Слуцку, але забаранілі мітынгі ў Бабруйску і Магілёве. Усяго ў Менску затрымалі каля шасьці дзясяткаў чалавек, па астатняй Беларусі — каля пяці дзясяткаў.