Пагаджуся зь Севярынам Квяткоўскім, што менш за ўсё хацелася б бачыць Чарнобыльскі шлях сёлета такім панылым шэсьцем, якім мы назіралі яго мінулыя гады.
Кожнаму падобнаму дзейству патрэбен выразны і зразумелы пасыл. І сапраўды, у першапачатковага ЧШ былі два такія пасылы: жалоба па ахвярах і пратэст супраць таго, што ўлады зрабілі з наступстваў катастрофы таямніцу. Але ніводзін з гэтых мэсыджаў сёньня не працуе.
Ня скажаш, што людзі прагнуць ведаць пра радыяцыйную сытуацыю. Зжыліся. Вы хочаце пагаварыць пра гэта? Не вярэдзьце фантомныя болі. Словам, такі першапачатковы пратэст сёньня незразумелы і энэргетычна немагчымы.
Жалоба мусіць быць часткай рытуалу, але ня выцягне на сабе ўсё дзейства.
Трыццаць гадоў больш чым дастаткова, каб мінула жалоба, загаілася памяць. Той рубеж, калі большасьцю сталі тыя, хто ўжо й ня ведаў жалобы і па ахвярах Чарнобыля перажывае гэтаксама, як па палеглых на фронце продках. Тыя, хто памятае, даўно занятыя іншымі клопатамі. Жалоба мусіць быць часткай рытуалу, але ня выцягне на сабе ўсё дзейства.
Дык зь якім мэсыджам мог бы прайсьці сёлетні Чарнобыльскі Шлях?
Патрабаваньні спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС гучаць як крык бясьсільнае злосьці. Ніхто не паверыць, што ў гэтых заклікаў ёсьць хоць каліва шанцу. Людзі зноў будуць праводзіць калёну са сьцягамі, паціскаючы плячыма — не маё. Як зрабіць, каб было «маё»?
Глядзець на БелАЭС як на абсалютнае зло, якое праз год дасьць энэргію і пачне мяняць уяўленьні пра Беларусь, таксама не канструктыўны занятак — як шарэць тварам перад люстэркам.
Чарнобыль як засьцярога
Беларускай АЭС, наадварот, з усіх сілаў трэба жадаць бясьпечнае працы. Не на Белай станцыі трэба стаяць і прадракаць ёй лёс Чорнай, а наадварот — на Чорнай засьцерагаць Белую ад бяды. Тэхнагенныя катастрофы здараюцца ў сьвеце, і функцыя засьцярогі наўрадці калі-небудзь страціць актуальнасьць. І гэта — Чарнобыльскі шлях, зразумелы людзям, гэта «маё».
Здавалася б, людзі проста ўтварылі жывы ланцуг.
Мне нават фігуральна ўбачыўся ланцуг людзей ад Чарнобыльскай зоны да Беларускай АЭС, якія б узяліся за рукі праз усю Беларусь. Успомнілася такая акцыя ў 1989 годзе праз тры балтыйскія рэспублікі, яна і называлася «Балтыйскі шлях». Здавалася б, людзі проста ўтварылі жывы ланцуг. Але ўзьдзеяньне гэтага ланцуга было такое магутнае, што «парад незалежнасьцяў» было ўжо не спыніць.
Радыяцыя і эміграцыя
Два дагэтуль балючыя наступствы Чарнобылю і яшчэ два пасылы ЧШ — радыяцыя і эміграцыя. Яны татальныя для ўсёй краіны і для ўсяго народу. Ні ад чога зь Беларусі не ўцякло столькі людзей, як ад радыяцыі. І нішто ня лічыцца ў нас страшнейшай хваробай за рак. Таму, калі патрабаваць рэальнай дзяржаўнай праграмы барацьбы з ракам, гэта будзе зразумела людзям. Тым больш што прыклады такіх праграм, прычым пасьпяховых, ёсьць у іншых краінах. У Віетнаме я бачыў статыстыку зьмяншэньня анкалягічных захворваньняў ледзь не да нуля. Дзякуючы менавіта дзяржаўнай праграме.
Асьвета
Яшчэ адзін мэсыдж ня новы, але і актуальнасьці ня страціў. Пасьля ядзерных атак на Хірасіму і Нагасакі японскі ўрад зрабіў так, каб у кожнага жыхара быў пэрсанальны дазімэтар. У Беларусі масава праблема засталася на ўзроўні «лепш ня ведаць», «не чапай ліха, пакуль ціха». Пасьлячарнобыльская асьвета калі й нарадзілася ў дзяржаўных кабінэтах, дык там жа і памерла.
Мэсыджы вызначаюць фармат мерапрыемства, як на 25 сакавіка — сьвята ці пратэст. Шчыра кажучы, ня бачу на Чарнобыльскім шляху тэмы для пратэсту. Дакладней, пратэставы фармат дазваляе выказацца групе асобаў, але пры тым застаецца незразумелым для вуліцы і не дасягае ніякіх зьменаў. Бо зьмены пры аўтарытарным рэжыме могуць адбывацца толькі на патрабаваньне, сугучнае настрою ўсяго народу.
Посьпех Чарнобыльскага Шляху можа быць забясьпечаны толькі асьветай і пазытыўным поглядам у будучыню.
Але чаго можа патрабаваць народ, які «ня ў курсе»? Посьпех сьвята каля Опэрнага быў забясьпечаны яго асьветніцкім характарам, разваротам ад «традыцыйных формаў змаганьня» да людзей, многія зь якіх упершыню даведаліся пра БНР менавіта каля Опэрнага. Гэтак і посьпех Чарнобыльскага шляху можа быць забясьпечаны толькі асьветай і пазытыўным поглядам у будучыню.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.