Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўнікі Чарнобыльскага шляху вінныя міліцыі 13,5 мільёна


Леташні «Чарнобыльскі шлях»
Леташні «Чарнобыльскі шлях»

23 красавіка адбылася сустрэча заяўнікаў Чарнобыльскага шляху з прадстаўнікамі менскай міліцыі. На ёй міліцыянты заявілі, што арганізатары акцыі павінны заплаціць за ахову парадку 13,5 мільёна рублёў.

«Гэтая сустрэча была абумоўленая яшчэ пры выдачы дазволу на правядзеньне акцыі. Сёньня мы абмеркавалі тэхнічныя дэталі маршруту шэсьця.

Натуральна, што паўстала пытаньне аплаты паслугаў па ахове парадку. Мы запыталі: гэтая новая практыка ўжываецца толькі для апазыцыйных мерапрыемстваў альбо ўсе грамадзкія арганізацыі, у тым ліку тыя, якія падтрымліваюць дзяржаўную палітыку, аплачваюць паслугі міліцыі? Нам сказалі, што насамрэч аплачваюць усе, у тым ліку і БРСМ. І абысьці гэты пункт немагчыма.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Нам налічылі менш, чым за шэсьце на Дзень Волі, бо мы не замаўлялі мітынг. Агульная сума — каля 13,5 мільёна, якую трэба аплаціць арганізатарам.

Тады мы прапанавалі, каб гэтыя сродкі альбо мы, альбо ГУУС Менгарвыканкаму пералічылі на дабрачыннасьць тым арганізацыям, якія займаюцца рэабілітацыяй пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы.

Прадстаўнікі міліцыі сказалі, што ёсьць падшэфны дзіцячы дом, куды ГУУС рэгулярна пералічвае сродкі. І тыя сродкі, якія яны атрымліваюць за ахову парадку, яны пералічваюць гэтаму дзіцячаму дому.

Мы пагадзіліся, каб гэтыя нашы сродкі таксама былі пералічаныя дзіцячаму дому. Прадстаўнікі міліцыі з гэтым пагадзіліся.

Таму мы спадзяёмся, што гэтыя нашы сродкі як дабрачынныя будуць накіраваныя дзіцячаму дому», — апавёў Аляксей Янукевіч карэспандэнту Свабоды.

Акрамя беларускай сымболікі, падчас акцыі будзе выкарыстоўвацца і ўкраінская.

«Пытаньне ўкраінскіх сьцягоў гучала. Мы яго адмыслова ўзьнялі, бо мы і шмат хто з удзельнікаў падчас нашых акцыяў заклікаем выказваць салідарнасьць з Украінай. Тым больш што ўкраінцы таксама пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Прадстаўнікі міліцыі сказалі, што ўкраінскія сьцягі не зьяўляюцца парушэньнем заканадаўства і ня будзе прэтэнзіяў да тых, хто прыйдзе з украінскімі сьцягамі на шэсьце».

Сёлета шэсьце пройдзе пад лёзунгам «Не — расейскай ядзернай пагрозе!».

Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне Чарнобыльскага шляху 26 красавіка. Збор удзельнікаў акцыі пачнецца а 14-й гадзіне каля кінатэатру «Кастрычнік». Шэсьце пройдзе з 14:30 да 16 гадзіны да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля».

Пад заяўкай падпісаліся Юрась Губарэвіч ад руху «За свабоду», Аляксей Янукевіч ад Партыі БНФ, Віталь Рымашэўскі ад аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Ільля Дабратвор з руху салідарнасьці «Разам» і Дзьмітры Кучук зь Беларускай партыі «Зялёныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG