Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады дазволілі Чарнобыльскі шлях, але скарацілі час збору

абноўлена

Чарнобыльскі шлях — 2013
Чарнобыльскі шлях — 2013

Заяўнікам Чарнобыльскага шляху, якіх 17 красавіка выклікалі ў Менгарвыканкам, прадстаўнікі ўладаў паведамілі, што акцыя дазваляецца.

Збор удзельнікаў акцыі пачнецца а 14-й гадзіне 26 красавіка каля кінатэатру «Кастрычнік». Шэсьце пройдзе з 14:30 да 16 гадзіны да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля» на вуліцы Ліліі Карастаянавай.

«Гэта фактычна той фармат, які мы замаўлялі», — сказаў карэспандэнту Свабоды старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Менгарвыканкам толькі скараціў час збору і павялічыў на такі ж самы час працягласьць дэманстрацыі. Мы ня лічым, што гэта прынцыповая зьмена, таму збольшага той дазвол адпавядае заяўленаму фармату акцыі. Час збору скарочаны на паўгадзіны. Мы закладалі збор цягам гадзіны і дэманстрацыю — гадзіну. Менгарвыканкам дазволіў паўгадзіны на збор і паўтары гадзіны на дэманстрацыю. Яны патлумачылі, што, на іхнюю думку, з улікам досьведу 25 сакавіка збор, які працягваецца гадзіну, ператвараецца ў асобнае мерапрыемства. А шэсьце да вуліцы Ліліі Карастаянавай, маўляў, у гадзіну ня можа ўкласьціся. Таму яны зрабілі такую зьмену».

На наступным тыдні заяўнікі сустрэнуцца з прадстаўнікамі менскай міліцыі, каб абмеркаваць тэхнічныя дэталі шэсьця. Таксама будзе заключаная дамова з прадстаўнікамі міліцыі і хуткай дапамогі.

«Традыцыйна ў Менгарвыканкаме зьвярнулі ўвагу на недапушчальнасьць выкарыстаньня незарэгістраванай сымболікі, асабліва сымболікі незарэгістраваных арганізацыяў. Іншых канкрэтных нараканьняў па сымболіцы не прагучала. Што тычыцца лёзунгаў і транспарантаў, нам сказалі пра звароты грамадзянаў, якія нібыта паступалі. Маўляў, некаторыя лёзунгі на 25 сакавіка некаторым грамадзянам падаліся абразьлівымі і супрацьзаконнымі. Прасілі перад гэтым мерапрыемствам таксама зьмест лёзунгаў вытрымліваць у адпаведнасьці з заканадаўствам. Мы сказалі, што заўсёды так робім», — адзначыў Аляксей Янукевіч.

Арганізатары жалобнай маніфэстацыі да ўгодкаў аварыі на ЧАЭС правядуць сёлета толькі шэсьце — ад мітынгу яны адмовіліся.

Пад заяўкай падпісаліся Юрась Губарэвіч ад руху «За свабоду», Аляксей Янукевіч ад Партыі БНФ, Віталь Рымашэўскі ад аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Ільля Дабратвор з руху салідарнасьці «Разам» і Дзьмітры Кучук зь Беларускай партыі «Зялёныя».

Сёлета шэсьце пройдзе пад лёзунгам «Не расейскай ядзернай пагрозе!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG