Алесь Аркуш нарадзіўся ў 1960 у горадзе Жодзіна Менскай вобласьці. Скончыў Жодзінскі палітэхнікум і інстытут народнай гаспадаркі. З 1987 жыве на Полаччыне. У 1993 годзе заснаваў Таварыства вольных літаратараў. Быў галоўным рэдактарам і выдаўцом часопісу «Калосьсе» і альманаху «Ксэракс Беларускі». Уваходзіў у рэдкалегію часопісу «Правінцыя». Аўтар словаў гімну Полацку. Заснаваў выдавецкую суполку «Полацкае ляда». Працаваў на радыё «Балтыйскія хвалі», цяпер — на Радыё Рацыя. Аўтар каля 15 кніг паэзіі і прозы, у тым ліку двух раманаў — «Палімпсэст» (2012) і «Мясцовы час» (2014).
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Па навуковаму гэта называецца «мэтавая аўдыторыя». Прыкладна ведаю, каму тая ці іншая мая кніга будзе цікавай. Перадусім гэта мае землякі — жодзінцы і палачане.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
У прынцыпе ў любым месцы, але трэба да яго прызвычаіцца (часам гэта можа быць адзінь дзень, а бывае замала і месяца). І яшчэ — мушу быць на адзіноце, прынамсі ніхто не павінен замінаць.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
«Стэпавы воўк» Германа Гесэ.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Галоўны герой аповесьці Вацлава Ластоўскага «Лябірынты».
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Вінцэсь Мудроў.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Барыса Пятровіча «Спакушэньне», бо раблю сюжэт пра гэтую кнігу для сваёй перадачы на Радыё Рацыя. У тыдзень як мінімум я чытаю адну кнігу, пераважна гэта беларускія аўтары.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
На польскай і ўкраінскай.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Раман «Палімпсэст» (проза) і кніга «Песьні ля Замкавай гары» (паэзія).
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Раман «Захоп марсіянамі Беларусі», які цяпер дапісваю. Хочацца напісаць добра.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Калі ўся сям’я ў зборы.
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы пачалі яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, працягнулі сябрамі журы гэтай прэміі, а цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.