Танкавая брыгада з Падмаскоўя аказалася фэйкам
Беларускае Міністэрства абароны зьняпраўдзіла заявы расейскага ведамства пра тое, што асобная танкавая брыгада з Падмаскоўя была паднятая па трывозе і рушыла ў Беларусь. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Мінабароны Уладзімер Макараў: «Усе падразьдзяленьні расейскага складніка вучэньняў „Захад-2017“ ужо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Прыбыцьцё іншых падразьдзяленьняў з Расеі не прадугледжана».
Радыё Свабода: Якімі будуць ваенныя стасункі з Украінай пасьля гэтых вучэньняў?
Прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў: Упэўнены, што стасункі з братняй Украінай застануцца па-ранейшаму мірнымі.
Міністэрства абароны: «Ніякай рэальнай перагрупоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ня будзе»
Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў.
«Я толькі пацьвярджаю, што вайскоўцы, заплянаваныя для ўдзелу ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі, а менавіта зь дзесяці тысяч удзельнікаў тры тысячы — гэта вайскоўцы Ўзброеных сілаў РФ. Усе іхныя падразьдзяленьні і ўвесь іхны асабовы склад знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і прыступіў да адпрацоўкі вучэбных задачаў у рамках вучэньняў. Іншых расейскіх падразьдзяленьняў на вучэньнях на тэрыторыі Беларусі ня будзе. Што да адпрацоўкі пытаньняў у рамках вучэньняў, то гэта без рэальнай перагрупоўкі на тэрыторыю РБ. Гэта адназначна».
«Гэта выглядае зусім кепска». Севярынец едзе ў Воршу сустракаць расейскія танкі
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец разам з паплечнікамі едзе ў Воршу, каб праверыць, ці рушыла ў Беларусь асобная танкавая брыгада з Падмаскоўя. Ён падкрэсьліў, што зьбіраецца ехаць, бо дапускае сытуацыю, што Міністэрства абароны Беларусі ня ведае пра дзеяньні Масквы.
«Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі ад расейскага вайсковага ведамства, што гэта няпраўда. Калі такая інфармацыя зьявіцца, то разьвернемся і будзем думаць, што гэта было выпрабаваньне нэрваў кіраўніцтва Беларусі»
Прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў падчас брыфінгу ў Менску, не спасылаючыся адкрыта на паведамленьне Міністэрства абароны Расеі, адзначыў, што ўсе расейскія войскі, якія павінны ўзяць удзел у сумесных вучэньнях, ужо прыбылі ў Беларусь і больш нічога не чакаецца. На пытаньне, ці было паведамленьне расейскага вайсковага ведамства памылкай, Макараў ня стаў адказваць.
Прэс-сакратар Мінабароны Беларусі Ўладзімер Макараў пра заяву Мінабароны Расеі аб маршы расейскіх танкаў у Беларусь
— Што тычыцца адпрацоўкі пытаньняў расейскага боку, то як нам патлумачылі, гэтыя пытаньні вучэбныя адпрацоўваюцца без перагрупіроўкі войск. Таму ніякай небясьпекі і Беларусі і суседніх дзяржаваў і Украіне, паверце, гэта не нясе
— Ці гэта памылка расейскага міністэрства?
— Я не магу тут нічога сказаць. Яшчэ раз падкрэсьлю, карыстайцеся афіцыйнай інфармацыяй, якая разьмешчаная на афіцыйных рэсурсах Рэспублікі Беларусь.
«Я тут ня бачу правакацыі», — так вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін патлумачыў Свабодзе непаразуменьне, якое выклікала інфармацыя міністэрства абароны Расеі пра перакід падразьдзяленьняў 1-й танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Захад-2017».
Міністэрства абароны Беларусі зьняпраўдзіла гэту інфармацыю, аднак міністэрства абароны Расеі яе пакінула яе на сваім сайце.
— Ёсьць інфармацыя, што пскоўскія дэсантнікі ў рамках вучэньняў на расейскіх палігонах адпрацоўваюць нейкія баявыя задачы. Мы ж ведаем, што частка расейскіх вайскоўцаў будзе адпрацоўваць задачы вучэньняў на сваіх палігонах на сваёй тэрыторыі разам зь беларусамі. Я думаю, што адпрацоўваецца пагрузка на чыгуначны транспарт баявых частак. Гэта якраз самая важная апэрацыя — групоўка і пагрузка. Я думаю, перакід будзе на адзін з расейскіх палігонаў.
Брыфінг прадстаўніка Мінабароны (ПОЎНАЕ ВІДЭА)