Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»
Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»

Начальнік Генштабу беларускага войска паабяцаў: да 30 верасьня расейскія войскі пакінуць Беларусь

Апоўдні 29 жніўня ў менскім Палацы Рэспублікі начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Алег Белаконеў правёў брыфінг пра беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017». Свабода вяла жывы блог.

«Вучэньні «Захад-2017» маюць абарончы характар, расейскія войскі выедуць да 30 верасьня

Генэрал-маёр Алег Белаконеў падчас брыфінгу з нагоды маштабных верасьнёўскіх вучэньняў «Захад-2017» запэўніў, што да 30 верасьня расейскія войскі вернуцца на месцы сваёй пастаяннай дысьлякацыі ў Расеі:

«Вучэньні «Захад-2017» маюць выключна абарончы характар, — адзначыў Белаконеў. — Іх правядзеньне не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краінаў у прыватнасьці. Вучэньні дазволяць на практыцы ўдасканаліць мэханізм сумеснага выкарыстаньня абароннай інфраструктуры ў інтарэсах гарантаваньня бясьпекі саюзнай дзяржавы.

Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»
Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»

Зьвяртаю ўвагу на тое, што пасьля заканчэньня манэўраў у тэрмін да 30 верасьня асабовы склад, узбраеньне, вайсковая і спэцыяльная тэхніка Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь вернуцца ў пункты пастаяннай дысьлякацыі. А групоўкі войскаў Расейскай Фэдэрацыі вернуцца на сваю тэрыторыю. І мне ў сувязі з гэтым цікава: пра што будуць гаварыць далей? Для тых, хто ня можа супакоіцца, трэба знайсьці нейкую мэту там, наперадзе»,— падсумаваў начальнік Генэральнага штабу.

«Па яго [вучэньні] заканчэньні — тэрмін да 30 верасьня — асабісты склад, узбраеньні, вайсковая і спэцыяльная тэхніка ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь вернуцца ў месцы пастаяннай дысьлякацыі, а групоўкі войскаў Расейскай Фэдэрацыі вернуцца на сваю тэрыторыю», — зьвярнуў увагу Белаконеў.

«Пры вызначэньні раёнаў практычных дзеяньняў войскаў для выключэньня і зьняцьця напружанасьці ў стасунках з суседнімі краінамі намі сьвядома была аддадзеная перавага палігонам, што знаходзяцца на значным аддаленьні ад дзяржаўнай мяжы, — зьвярнуў увагу Белаконеў. — Але нават гэта не дапамагае».

Прывітаньне «Праваму сэктару»

​На тэрыторыі Ўкраіны з 29 ліпеня па 2 жніўня побач зь дзяржаўнай мяжой Рэспублікі Беларусь у Валынскай вобласьці прайшло сумеснае вучэньне сілавых ведамстваў краіны. Як падкрэсьліў Белаконеў, «мы маўчалі».

У дадатак да гэтага з 11 да 20 верасьня ў паўночнай частцы Ровенскай вобласьці арганізацыя «Правы сэктар» плянуе разьмясьціць узброеныя атрады агульнай колькасьцю да 200 чалавек.

Заяўленая мэта – недапушчэньне пранікненьня ўзброеных сілаў Расейкай Фэдэрацыі з боку Беларусі ў пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня вучэньняў «Захад-2017».

«Па меншай меры такія сцэнары падаюцца проста сьмешнымі», – падсумаваў генэрал, дадаўшы, што на неадпаведныя рэчаіснасьці домыслы Беларусь рэагуе спакойна.

«Вучэньні носяць абарончы характар», «Не зьбіраемся разьвязваць вайну»

Генэрал-маёр Алег Белаконеў заявіў, што манэўры «Захад-2017» — гэта вучэньні абарончага характару, якія пацьвярджаюць курс на саюзьніцкія адносіны з Расейскай Фэдэрацыяй.

Беларусь пры гэтым, паводле яго словаў, выконвае ўсе абавязальніцтвы ў межах міжнародных дамоваў у ААН і АБСЭ і запрасіла міжнародных назіральнікаў — усяго больш за 80 чалавек.

Алег Белаконеў
Алег Белаконеў

Белаконеў заявіў, што высновы аб тым, што Беларусь і Расея на гэтых вучэньнях зьбіраюцца нібыта разьвязаць вайну з суседзямі, несур'ёзныя: «Гэта тэндэнцыйная і несур’ёзная выснова... 4000 вагонаў – гэта паўтары мотастралковыя дывізіі, такімі сіламі зрабіць агрэсію і акупацыю нельга. На такія рэчы здольны толькі параноік і ненармальны авантурыст».

На брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»
На брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»

Генерал-маёр Алег Белаконеў заявіў, што краіны NATO праводзіць свае вучэньні, да якіх Беларусь не выказвае прэтэнзіяў. Але вакол расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017» створаны ажыятаж, неадэкватнае рэагаваньне на вучобу войскаў, кажа Белаконеў.

Генэрал-маёр Алег Белаконеў ва ўступным слове заявіў пра «няпростую вайскова-палітычную абстаноўку» разгортваньне сілаў NATO ў краінах Балтыі і Польшчы, дзе створаныя вайсковыя базы, праводзяцца манэўры.


«Ідзе асваеньне новага тэатру ваенных дзеяньняў», – падкрэсьліў генэрал.

Міністрэству абароны «незразумелы ажыятаж» з нагоды вучэньняў, кажа ён, і згадвае нядаўнія вучэньні NATO «Анаконда».

Палкоўнік Сяргей Качур, начальнік прэсавай службы Мінабароны: «Будзе толькі брыфінг, гэта значыць, заява. Пытаньні не прадугледжаныя».

Вучэньні маюць прайсьці на тэрыторыі Беларусі і Расеі 14–20 верасьня; у Беларусь прыбывае, паводле афіцыйных зьвестак, тры тысячы расейскіх вайскоўцаў. Раней прадстаўнікі ўсіх суседзяў Беларусі, акрамя Расеі, выказвалі занепакоенасьць наконт вучэньняў «Захад-2017». У прыватнасьці, трывогу выклікала тое, што расейскія войскі могуць пасьля вучэньняў застацца ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG