Мытная служба Літвы на прапускным пункце Лаворышкес затрымала грамадзяніна Беларусі і канфіскавала 250 тысяч эўра.
Грамадзяніна Беларусі Дз. Ш. затрымалі 28 кастрычніка, калі ён зь сям’ёй на машыне Audi спрабаваў праехаць у Літву зь Беларусі з боку Котлаўкі. У ягонай машыне пад заднім сядзеньнем мытнікі знайшлі незадэкляраваныя 250 тысяч эўра (збольшага ў купюрах па 500 эўра). Але мужчына заявіў, што проста забыўся іх задэкляраваць.
Беларус затрыманы, грошы ў яго канфіскаваныя, Віленская акруговая пракуратура праводзіць праверку па справе аб кантрабандзе.
Паводле літоўскіх законаў, дэкляраваць трэба сумы, большыя за 10 тысяч эўра, інакш наступае крымінальная адказнасьць, што пагражае ня толькі штрафам, але і рэальным тэрмінам да 8 гадоў. Сума, канфіскаваная ў беларуса, даволі значная па літоўскіх мерках: з пачатку году літоўскія мытнікі канфіскавалі агулам 361 тысячу эўра па 5 справах аб кантрабандзе.