Ці ведаеце вы, чым у гісторыі Беларусі адметны дзень 25 сакавіка? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Хлопец: «Дзень Волі, пра гэта ўсе ведаюць. Утварылася Беларуская Народная Рэспубліка».
Карэспандэнт: «Вы адзначаеце гэты дзень?»
Хлопец: «Цяпер — не».
Карэспандэнт: «А раней?»
Хлопец: «А раней быў малы, ня памятаю, але, магчыма, было такое...»
Карэспандэнт: «А адкуль даведаліся пра гэтую дату?»
Хлопец: «Гісторыю ў школе вучыў».
Спадар: «70-годзьдзе, магчыма, Перамогі...»
Карэспандэнт: «25 сакавіка?»
Спадар: «Я ўжо ня памятаю, бо выпускнік, ужо даўно вучыў...»
Карэспандэнт: «А пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі памятаеце?»
Спадар: «БНР? Нешта прыгадваю...»
Спадар: «25 сакавіка 1918 году была прынята Дэклярацыя аб Незалежнасьці Беларусі. Беларусь мелася быць дзяржаўным утварэньнем у сваіх этнічных межах, уключна са Смаленшчынай, Віленшчынай, Беласточчынай...»
Спадарыня: «Справа ў тым, што я вучылася за мяжой, у Манголіі. Мой тата быў вайсковец, і гісторыі Беларусі наагул не вывучала».
Карэспандэнт: «А пра БНР калі-небудзь чулі?»
Спадарыня: «Ну вядома, чула...»
Спадар: «Так, чулі, была такая рэспубліка на пачатку ХХ стагодзьдзя. А раз вы пытаецеся — значыцца, гэтая дата зь сёньняшнім днём зьвязаная».
Карэспандэнт: «Значыцца, вы проста дату прызабылі?»
Спадар: «Канечне, бо цяпер гэта не афішуецца. А мы глядзім тэлевізар, і што там кажуць, тое і ведаем. Альбо з газэтаў. Вось і ўсё».
Спадар: «Ой, не, ня памятаю...»
Спадар: «Памятаю — гэта ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі».
Карэспандэнт: «Можа, яшчэ ўзгадаеце — калі яна была ўтворана?»
Спадар: «Ой, гэта калі Польшчу адсунулі да Беластоку і да ўтварэньня СССР. А дзе ўтворана была? Магу толькі здагадвацца — у Менску».
Карэспандэнт: «А ці мае нейкае дачыненьне да БНР наша Горадня?»
Спадар: «Урад БНР пераехаў у Горадню, калі бальшавікі пачалі наступаць на Менск...»
Спадарыня: «Беларуская Народная Рэспубліка? Нешта нічога ня памятаю. Магчыма, некалі і чытала, але нічога ня памятаю...»
Спадар: «Калі папраўдзе, то ні магу нічога прыгадаць...»